Пушылін: Судзіць палонных байцоў «Азова» будзе «трыбунал»
Усе ўкраінскія вайскоўцы, якія здаліся ў палон на заводзе «Азоўсталь» у Марыупалі, цяпер знаходзяцца на тэрыторыі «ДНР», дзе іх плануюць аддаць пад трыбунал, заявіў кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі Дзяніс Пушылін.
23.05.2022 / 12:04
Фота: AP
«Палонныя з «Азоўсталі» ўтрымліваюцца на тэрыторыі «ДНР». Міжнародны трыбунал плануецца таксама арганізаваць на тэрыторыі рэспублікі. Цяпер прапрацоўваецца статут трыбунала», — сказаў ён «Інтэрфаксу».
Металургічны камбінат «Азоўсталь» у Марыупалі знаходзіўся ў аблозе з пачатку сакавіка. Гэта была апошняя не занятая расійскімі вайскоўцамі кропка ў горадзе, якая была пазбаўленая сувязі са знешнім светам.
Украінцы трымалі абарону да 16 мая: у гэты дзень Генштаб УСУ загадаў камандзірам падраздзяленняў, якія знаходзяцца на «Азоўсталі», «захаваць жыццё асабовага складу».
Паводле расійскіх СМІ, здаліся 2 439 чалавек. Кіеў заяўляе, што яны будуць абмененыя на расійскіх палонных. Пра такую магчымасць заявіў сёння і намеснік кіраўніка МЗС Расіі Андрэй Рудэнка, які дапусціў магчымасць абмеркавання з Украінай абмену палонных з «Азоўсталі».