У Літве — самая нізкая за 60 гадоў нараджальнасць. Палітыкі спадзяваюцца на беларусаў і ўкраінцаў
Нараджальнасць у Літве самая нізкая за 60 гадоў, а смяротнасць — рэкордная, паведамляецца ў перадачы Info diena. Палітыкі лічаць, што сітуацыю выратуюць беларусы і ўкраінцы, але эксперты кажуць, што гэта толькі кароткатэрміновае рашэнне, піша Delfi.
22.05.2022 / 23:00
Летась у Літве памерла 48 тысяч чалавек, дзяцей нарадзілася ўдвая менш — больш за 24 тысячы.
У 2021 годзе было на 4 тысячы больш смерцяў, чым годам раней.
«Дэмаграфія Літвы перажывае пэўныя выклікі, вельмі сур'ёзныя выклікі. Можна нават сказаць, што ў наяўнасці пэўны дэмаграфічны крызіс», — заявіла Info diena старшыня Нацыянальнай рады па справах сям'і Рамуне Юркувене.
Эксперты, што сабраліся ў Сейме, паведамілі: Літва застаецца лідарам у ЕС па колькасці разводаў.
Абнадзейвае толькі тое, што чакаецца павелічэнне працягласці жыцця мужчын і зніжэнне тэмпаў эміграцыі. Але, паводле ацэнак навукоўцаў, гэтага будзе недастаткова, і недахоп працаўнікоў будзе фіксавацца і далей.
«Як ратаваліся іншыя краіны — сабралі ў ЗША і моцных еўрапейскіх краінах самых разумных з усяго свету. Нічога іншага прыдумляць не будзем, нам давядзецца прыстасоўвацца да сістэмы або будаваць калючы плот не толькі з Беларуссю, але і з Польшчай і Латвіяй», — сказаў дэпутат Сейма Альгірдас Сісас.
Палітыкі мяркуюць, што сітуацыю выратуюць украінцы і беларусы, што прыбываюць у Літву.
«Гэта кароткатэрміновае рашэнне, яно не спрыяе доўгатэрміноваму ўстойліваму дэмаграфічнаму развіццю», — сказаў Даўмантас Штумбрыс, кіраўнік Цэнтра дэмаграфічных даследаванняў і экспертызы.
Аналітыкі просяць не спісваць з рахункаў і вёскі, што знікалі. Кажуць, усё больш людзей, асабліва літоўцаў, якія вярнуліся з-за мяжы, пераязджаюць з вялікіх гарадоў у рэгіёны. Колькасць дазволаў на будаўніцтва жылля ў сямі больш дробных рэгіёнах павялічылася амаль удвая.