Дранікам надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці
Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры разгледзела прапанову аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыям прыгатавання і спажывання страў з дранай бульбы (дранікаў, бульбяных бліноў, бабкі).
14.05.2022 / 14:46
Рада адзінагалосна падтрымала гэтую прапанову. Рашэнне Міністэрства культуры па ўключэнні страў з дранай бульбы ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь будзе прынята ў бліжэйшы час.
Перад тым, як пытанне было вынесена на разгляд рады, па ініцыятыве Міністэрства культуры дадзеная традыцыя была вывучана і зафіксавана на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Зафіксавана 235 народных рэцэптаў.
— У сям’і кожнага беларуса на стале нязменна прысутнічаюць дранікі, бабка і іншыя стравы, якія сталі своеасаблівым гастранамічным брэндам нашай краіны. Шырокае распаўсюджванне страў з дранай бульбы — асаблівасць нацыянальнай кухні беларусаў, якая сфарміравалася ў канцы ХІХ ст. і захоўваецца да цяперашняга часу, — адзначыў намеснік Міністра культуры старшыня рады Сяргей Саракач.