Украінцы знішчылі цэлую БТГ расіян пры спробе пераправіцца цераз Данец. Вось як гэта было
Пакуль у Маскве рыхтавалі ды абмяркоўвалі парад, з 5 да 12 мая пад Белагораўкай у Луганскай вобласці ўкраінская армія здабыла відовішчную перамогу. Былі знішчаныя дзве расійскія пантонныя пераправы і бранятанкавая калона, якая спрабавала фарсіраваць раку Северскі Данец. Значную паразу прызнаюць і расійскія крыніцы. Фота з дронаў, апублікаваныя украінскімі вайскоўцамі, сведчаць пра каласальныя страты расіян. Тлумачым, як гэта адбылося.
13.05.2022 / 19:45
На кадрах, апублікаваных украінскімі вайскоўцамі, відаць згарэлыя танкі ды вайсковыя машыны і затопленыя часткі пантоннага моста. На здымках таксама відаць шмат пашкоджаных або кінутых машын — усяго 73.
Міністэрства абароны Украіны сцвярджае, што падчас пераправы цераз Северскі Данец на захад ад Севераданецка Расія страціла значныя сілы — сама меней адну батальённую тактычную групу, а пантоннае маставое абсталяванне было выведзена з ладу падчас фарсіравання ракі.
Пераправа цераз раку — рызыкоўны манеўр. Дарадца кіраўніка МУС Украіны Віктар Андрусіў заяўляў, што баявое сутыкненне адбылося паблізу Белагораўкі ў Луганскай вобласці. Андрусіў сцвярджае, што ўкраінскія вайскоўцы «разбілі цэлую батальённа-тактычную групу».
У сваю чаргу брытанская разведка паведаміла аб значных стратах Расіі падчас гэтага інцыдэнту.
«Украінскія сілы паспяхова прадухілілі спробу расійскай пераправы цераз раку на Данбасе. На здымках відаць, што падчас фарсіравання ракі Северскі Данец на захад ад Севераданецка Расія страціла значную частку бронетэхнікі прынамсі адной батальённай тактычнай групы, а таксама разгорнутую там пантонную маставую тэхніку», — гаворыцца ў паведамленні.
«Акрамя таго, Расія прыкладае значныя намаганні на ўскраінах Ізюма і Севераданецка, каб дасягнуць прарыву ў Славянск і Краматорск. Асноўная іх мэта — акружыць ўкраінскія сілы. Аднак расійскія салдаты не змаглі дасягнуць ніводнага значнага прасоўвання, нягледзячы на засяроджванне сіл на Данбасе пасля вываду і перадыслакацыі падраздзяленняў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей», — мяркуе брытанская выведка.
Але як украінцы ажыццявілі гэтую аперацыю?
Украінскі вайсковы інжынер і афіцэр сапёрнага падраздзялення ў твітары расказаў, як знішчалая пантонная пераправа расіян.
Афіцэр піша, што спачатку была інфармацыя ад разведкі, што па той бок ракі ёсць расіяне, і яны канцэнтруюць розную тэхніку.
Потым гэтага афіцэра папрасілі зрабіць інжынерную разведку на рацэ Северскі Данец. Разам з разведвальнымі часткамі ён 7 мая адправіўся даследаваць раён Грыгораўкі і Белагораўкі. Франтавыя падраздзяленні разведкі ў Белагораўцы паведамілі, што на іншым беразе ракі збіраюцца машыны расіян.
«Я даследаваў мясцовасць і прапанаваў месца, дзе рускія маглі б паспрабаваць змантаваць пантонны мост, каб перайсці на іншы бок. А таксама выкарыстаў дальнамеры, каб вызначыць, што рака мае шырыню 80 м, таму расіянам спатрэбіцца 8 частак (па 10 метраў) моста, каб дабрацца да іншага боку. Я ведаў: каб арганізаваць мост пры такім цячэнні ракі, ім спатрэбяцца маторныя лодкі, і гэта зойме па меншай меры дзве гадзіны працы. Мне спатрэбіўся дзень, каб усё праверыць. І я павінен быў гэта зрабіць 8 мая», — піша афіцэр-інжынер.
Ён далажыў гэтую інфармацыю сваім камандзірам. Таксама сказаў падраздзяленню, якое назірала за гэтай часткай ракі, што ім трэба сачыць за гукам маторных лодак. Бачнасць ў гэтым раёне была дрэнная, таму што расіяне падпальвалі палі і лясы і кінулі шмат дымавых гранат.
Але гук ад іх быў. Усё адбылося 8 мая раніцай. Менавіта там, дзе сказаў інжынер.
«Я таксама быў там, каб усе праверыць — падняўся дрон і пераканаўся, што расейцы ставяць пантонны мост. Неадкладна далажыў камандзірам», — піша ён.
Рачное падраздзяленне не бачыла падраздзяленняў расіян, але змагло пачуць маторныя лодкі і неадкладна пра гэта паведаміць. Артылерыя была гатовая. Расіяне змантавалі сем частак моста з васьмі. Ім нават удалося перакінуць некаторыя войскі і тэхніку цераз раку. Пачаўся бой.
Прыкладна за 20 хвілін пасля таго, як разведвальнае падраздзяленне пацвердзіла навядзенне расійскага моста, цяжкая артылерыя пачала наносіць удары па расійскіх сілах, а потым падключылася ўкраінская авіяцыя.
Пасля першага дня баёў, раніцай 9 мая, мост быў разбураны. Частка расійскіх войскаў (~30—50 адзінак тэхнікі + пяхота) засталіся на ўкраінскім беразе ракі, і шлях назад ім быў перакрыты. Яны спрабавалі перапраўляцца назад па зламаным мосце. Потым паспрабавалі навесці новы мост. Тады ўкраінская авіяцыя пачала магутныя бамбардзіроўкі раёна і знішчыла там рэшткі расейскай тэхнікі і другі мост, які яны спрабавалі ўзвесці, піша ўкраінскі афіцэр.
10 мая пантонны мост быў цалкам разбураны. Менавіта тады з’явіліся першыя фатаграфіі з гэтага раёна.
Перамога пад Белагораўкай сарвала акружэнне Лісічанска — важнага прамысловага цэнтра ў Луганскай вобласці.
«Хочацца са шкадаваннем адзначыць, што ў праціўніка артылерыя працуе часцяком якасней нашай, — піша расійскі блогер @grey_zone. — І гэта не залежыць ад байцоў таго ці другога боку, гэта залежыць ад сілаў і сродкаў разведкі, выяўлення, разліку, навядзення, карэктавання і даразведвання цэляў, натуральна, збольшага беспілотнымі сродкамі. УСУ ўжываюць заходнюю сістэму разумнага кіравання боем, мы ўжываем лінейку на папяровую карту», — піша блогер.