Суд над Бабаком: сумленнаму пракурору, які заводзіў праверку дзеянняў сілавікоў, далі 4 гады калоніі
У Мінскім гарадскім судзе скончыўся закрыты працэс над былым памочнікам пракурора Першамайскага раёна сталіцы Яўгенам Бабаком. Ён абвінавачваўся па ч. 1 арт. 342 (групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці). Суддзя — Валянціна Зянькевіч. Абвінаваўца на судзе — сумна вядомая Аліна Касьянчык. Бабак атрымаў 4 гады калоніі.
12.05.2022 / 15:08
Бабак стаў вядомы тым, што ў жніўні 2020-га ініцыяваў праверку дзеянняў людзей у форме ДАІ, якія збілі байкераў ва Уруччы ноччу 11 жніўня. Праверцы, аднак, не далі ходу, а самога Бабака прымусілі звольніцца.
10 чэрвеня 2021 года кватэру Бабака разграмілі, а яго арыштавалі. Спачатку на суткі, а потым і па крымінальным артыкуле.
На пачатку суда Бабак іранізаваў, што незадоўга да затрымання планаваў пераехаць у Кіеў. Таму цяпер лічыць, што пакуль можна і пасядзець, бо іначай давялося б ваяваць.