Эканаміст пра нашы перспектывы: Галодных бунтаў не будзе, але многія сутыкнуцца з беспрацоўем

Акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча— адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова ў інтэрв'ю аналітычнаму праекту «Филин» гаворыць пра тое, ці змогуць улады вырашыць праблемы, звязаныя са збядненнем насельніцтва ва ўмовах санкцый.

11.05.2022 / 19:37

— Паводле звестак даследавання ВЕROC, больш за палову насельніцтва Беларусі адчуваюць зніжэнне даходаў, 20% людзей ужо сёння эканомяць на ежы. Да якіх наступстваў гэта прывядзе?

— Даходы зніжаюцца відавочна, доля рэспандэнтаў, якія кажуць пра гэта, досыць высокая — вышэйшая, чым сярэднестатыстычная. Таму можна лічыць, што пачатак эканамічнага крызісу ўжо прыкметна адлюстроўваецца на даходах. Эканомія на ежы звязаная не толькі з падзеннем даходаў, але і з ростам цэнаў. Прадукты даражэюць хутчэй, чым іншыя тавары. Адпаведна, эканомія на ежы — гэта адна з асноўных стратэгій, якія выкарыстоўваюць беларусы, калі сутыкаюцца са зніжэннем даходаў.

Гэта азначае зніжэнне якасці жыцця для адзінокіх беларусаў, якія ў сярэднім выдаткоўваюць на ежу амаль 40 працэнтаў даходу. Для уразлівых катэгорый, такіх, як пенсіянеры, сем'і з двума і больш дзецьмі, гэта яшчэ і вялікая доля выдаткаў.

Эканомія на ежы таксама прыводзіць да пагаршэння здароўя, бо людзі спажываюць менш бялкоў, гародніны і садавіны, больш простых вугляводаў і тлушчаў.

Зніжэнне даходаў запускае эканамічны цыкл. Вялікі працэнт рэспандэнтаў, якія ўдзельнічалі ў даследаванні, на пытанне, ці добры цяпер час для буйных пакупак, адказалі «не». Гэта адлюстроўвае тое, што мы называем спажывецкімі настроямі. Людзі не будуць купляць тавары працяглага карыстання, адкладуць пакупкі да апошняга.

Калі яшчэ паўгода таму думалі купіць лядоўню, цяпер яны будуць чакаць, пакуль тэхніка не зламаецца. Гэта зніжае агульны попыт у эканоміцы. Людзі пачынаюць больш эканоміць, менш спажываць, нават калі іх даходы яшчэ не зменшыліся, і гэта ўплывае ў цэлым на попыт у эканоміцы. Гэта значыць, што бяднейшымі становяцца вытворцы тавараў і паслуг. І гэта, у сваю чаргу, запускае зніжэнне даходаў ужо іншых слаёў насельніцтва.

— Бізнэсмен Кныровіч лічыць найбольш верагодным сцэнарам для змены рэжыму ў Беларусі хлебныя бунты. Як вы ацэньваеце такую перспектыву?

— Да галодных бунтаў нам, на шчасце, усё яшчэ вельмі далёка. Гэтага не будзе, таму што мы бачым, што істотнага дэфіцыту на прадуктовым рынку не здарылася і, дасць бог, і далей не здарыцца. Узровень даходаў цяпер значна вышэйшы, чым быў у 90-х ці ў нулявых, таму нельга чакаць усплёску тых, хто галадае.

Што сапраўды нясе ў сабе рызыкі — гэта беспрацоўе. У нашай дзяржавы ёсць вялікі прабел. Яна прызвычаілася змагацца з беспрацоўем наданнем усім працоўных месцаў на дзяржпрадпрыемствах.

Мы бачым, што дзяржпрадпрыемствы адчуваюць праблемы, але яны працягваюць людзей з апошніх сілаў не звальняць, пераводзіць іх на скарочаны працоўны тыдзень, выплачваць зарплаты не цалкам, зніжаць іх, але, тым не менш, звальненняў не адбываецца. Гэта дапамагае на кароткіх забегах, якім быў кавідны крызіс на працягу двух месяцаў.

Цяпер мы назіраем больш працяглы крызіс. І тут узнікаюць два нюансы. Першы — незразумела, ці змогуць дзяржпрадпрыемствы абыходзіцца без звальненняў, і наколькі яны змогуць фінансава падтрымліваць занятасць. Па-другое, гэты падыход цалкам выключае прыватны сектар, у якім занятая амаль палова працаздольнага насельніцтва.

Мы бачылі і падчас пандэміі кавіду тое, што ў тых, хто быў заняты ў прыватным сектары, даходы падалі значна хутчэй. І такое ж можа здарыцца і цяпер.

Я б хутчэй ставіла не на забастоўкі шахцёраў, хоць і гэта можа здарыцца, а на тое, што вялікая колькасць людзей, якія былі занятыя ў прыватным сектары, будуць сутыкацца з беспрацоўем. Ці выкліча гэта пратэсты — не ведаю. Упэўненасці ў гэтым няма ніякай.

Але факт тое, што будзе вялікая сацыяльная праблема, і на фоне адсутнасці дапамогі па беспрацоўі і мэтанакіраванай палітыкі па падтрымцы гэтай катэгорыі насельніцтва гэта будзе прыводзіць да сур'ёзнага правалу ў даходах, да беднасці.

— Як вы лічыце, ці змогуць беларускія ўлады вырашыць праблемы, звязаныя са збядненнем насельніцтва і беспрацоўем?

— Цалкам прыгасіць эфект санкцый і страты экспартных рынкаў, з якімі мы зараз сутыкаемся, улады не змогуць. Нейкім чынам змякчыць сацыяльныя наступствы — тут ёсць падыходы.

На самай справе нешта ўжо пачалі рабіць. Адкрылі межы, каб людзі маглі з'ездзіць за больш таннымі таварамі або зарабілі на памежным гандлі. Адмянілі контрсанкцыі на ўвоз харчавання — не на ўсе тавары, але на самыя адчувальныя. Адмянілі вельмі нізкі ліміт на міжнародныя перасылкі, каб людзі маглі сабе заказваць танныя тавары з «Алі-экспрэс».

Гэта значыць, дробныя крокі робяцца. Але, баюся, іх будзе недастаткова. Патрэбная мэтанакіраваная палітыка занятасці ў прыватным сектары. Патрэбныя дапамогі па беспрацоўі. Усяго гэтага ў Беларусі няма.

Nashaniva.com