Нарвежскі футбольны вундэркінд едзе разрываць Англію. Хто такі Эрлінг Холан?
Аўтар дзевяці галоў у адным матчы, сусветны рэкардсмен у скачках у даўжыню, рэпер і аўтар сотні мемаў. Усё гэта — навабранец «Манчэстэр Сіці», які за 75 мільёнаў еўра перабіраецца ў Англію з дортмундскай «Барусіі». «Наша Ніва» расказвае шэраг цікавых, смешных і нават шакуючых гісторый пра навабранца «гараджан» Эрлінга Холана.
10.05.2022 / 22:01
У «Ман Сіці» Холан будзе зарабляць 350 тысяч фунтаў на тыдзень плюс бонусы. Фота: footballtransfers.com
Сапраўдная машына для галоў
Эрлінг на прафесійным узроўні выступае шосты сезон — сам па сабе фенаменальны паказчык для хлапчыны 2000 года нараджэння. За гэты час ён змяніў чатыры клубы, выйшаў на поле ў 137 сустрэчах ды адзначыўся 92 трапнымі стрэламі.
Па сутнасці прадуктыўнасць хлопца блізкая да нейкага камп'ютарнага чытара ў футбольным сімулятары. Бо з такой хуткасцю, рэгулярнасцю ды эфектнасцю нават найлепшыя форварды ў гісторыі ў топ-чэмпіянатах не вызначаліся — на свой узрост, зразумела.
Холанд жа з 2020-га ў складзе дортмундскай «Барусіі» выпальвае ўсё навокал не толькі ў нямецкай Бундэслізе, але і ў Лізе чэмпіёнаў.
Забіў за зборную дзевяць галоў у адным матчы
Размова ідзе пра моладзевую каманду Нарвегіі. На першынстве планеты U-20 скандынавы разграмілі каманду Гандураса 12:0, а Эрлінг стаў аўтарам ажно дзевяці мячоў. І тым самым паставіў абсалютны рэкорд спаборніцтва. Цікава, што пры гэтым Холанд быў на два гады маладзейшы за таварышаў па калектыве і супернікаў з Цэнтральнай Амерыкі.
Валадар сусветнага рэкорду ў лёгкай атлетыцы
Адразу абмовімся: гаворка ідзе пра пяцігадовых хлапчукоў ды маладзейшых за іх. Аднак усё астатняе — чыстая праўда. Эрлінг у дзяцінстве займаўся рознымі відамі спорту: лыжамі, гандболам (яго нават клікалі ў зборную), валейболам. Не абмінуў і лёгкую атлетыку. І вось тут ягоны зорны час надышоў задоўга да таго, як галы на стадыёнах прынеслі сусветную вядомасць.
У 2006 годзе на рэгіянальных спаборніцтвах па скачках у даўжыню Холан праляцеў 163 см — і дзякуючы гэтаму ўсталяваў сусветны рэкорд у катэгорыі U-5. Дарэчы, дасягненне актуальнае і зараз. Аднак пра яго Эрлінг ужо і не ўзгадвае.
Ледзь не пабіў рэкорд у спрынце падчас матча Лігі чэмпіёнаў
Хуткасць Холана — сінтэз працы над сабой і ўдалай камбінацыі генаў. Бацька футбаліста ў мінулым прафесійна займаўся футболам і нават дамогся кантракта ў англійскай Прэм'ер-лізе. Маці заваёўвала золата на нацыянальным першынстве ў сямібор'і. Таму біялагічна Эрлінг быў больш чым схільны для спорту. Надалей жа, рухаючыся па кар'ернай лесвіцы, ён толькі ўдасканальваў навыкі ды раскрываў патэнцыял.
Сапраўдную ж неабсяжнасць магчымасцяў форварда публіка зразумела ў лютым 2020 года, калі падчас сустрэчы супраць французскага ПСЖ Холан прабег 60 метраў поля за 6,64 секунды. Гэты вынік, напрыклад, дазволіў бы яму трапіць у фінальную частку першынства свету па лёгкай атлетыцы — 2018!
Больш за тое, сусветны рэкорд на дадзенай дыстанцыі сярод прафесійных лёгкаатлетаў складаў 6,34. І каб яго паставіць, спрынтэры несліся па роўнай дарожцы без мяча ў нагах!
І хай сабе рэкорду Эрлінг не пабіў, але дапамог з'явіцца сотням смешных мемаў, якія таксама назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю.
Атрымае у былым клубе бацькі 350 тысяч фунтаў на тыдзень
Пра Холана-старэйшага як футбаліста мы ўжо ўзгадвалі. Аднак не называлі клуб АПЛ, які паверыў у нарвежца. Гэта быў той самы «Манчэстэр Сіці», які цяпер выклаў 75 млн еўра адным траншам. У мінулым стагоддзі «гараджане» пра статус суперклуба маглі толькі марыць. А таму бацьку Эрлінга і грошы сціплыя ў якасці зарплаты прапанавалі, і асабліва на трафеі пры ім не замахваліся.
Цяпер жа пад патранатам арабскіх шэйхаў «Сіці» з'яўляецца ледзь не самым заможным клубам свету ды гатовы выдаткаваць вундэркінду 350 тысяч фунтаў на тыдзень плюс бонусы. Гэта аўтаматычна ператворыць Эрлінга ў аднаго з набольш заможных форвардаў свету.
Чытае рэп і любіць кебаб
Холан вельмі сур'ёзна ставіцца да харчавання ды сну, каб падтрымліваць сваё цела ў ідэальным стане. Нават капіруе дыету Крышціяну Раналду, каб быць такім жа, як легендарны партугалец. Аднак, як і кожны чалавек, нарвежац мае слабасці. У прыватнасці, найлепшай стравай на зямлі Эрлінг называе кебаб, а ўлюбёным напоем — піна-каладу.
Да таго ж скандынаў пэўны час думаў пра прарыў у рэп-музыцы, для чаго заснаваў гурт Flow Kingz. Разам з сябрамі Холан «жахнуў» трэк Kygo Jo, аднак у біяграфіі банды ён застаўся адзіным. Праўда, казаць «на жаль» у гэтым выпадку дакладна не прыходзіцца:
пра што ідзе «флоў» ў песні і ўвогуле, якой мовай яна выконваецца, не разумеюць нават нарвежцы з досведам.
Практыкуе будысцкія медытацыі
Гледзячы на тое, як змяняецца ягоны трансферны кошт (у 2019-м ён з 5 млн ператварыўся ў 50!), Эрлінг мог бы згубіць галаву. Аднак хлопцу, перш за ўсё, гэта не дазволіла зрабіць бацькоўскае выхаванне. Холана выгадавалі сціплым ды шчодрым: напрыклад, пасля адной з вячэраў падчас вакацый для сям'і і сяброў, што пацягнула на 500 тысяч еўра, нарвежац пакінуў гасцінец у памеры 30 тысяч.
Акрамя таго, форвард даволі вялікую ўвагу надае псіхалагічнай раўнавазе. І каб яе захоўваць, практыкуе актыўныя медытацыі па будысцкіх традыцых. Менавіта таму вялікую колькасць галоў футбаліст святкуе ў позе Лотаса, каб падкрэсліць карыснасць практыкаванняў.