Самы небяспечны сыр у свеце, унутры якога звіваюцца жывыя лічынкі: вось дзе яго знайсці

Прыгожы італьянскі востраў Сардзінія знаходзіцца пасярэдзіне Тырэнскага мора. Менавіта ў гэтых мясцінах пастухі вырабляюць сыр касу марцу, які ў 2009 годзе Кніга рэкордаў Гінэса прызнала самым небяспечным у свеце.

10.05.2022 / 20:30

Фота: CNN

Аснова для касу марцу — салёны сыр пекарына. У тыя расколіны, якія ёсць у гэтым сыры, свае яйкі адкладаюць сырныя мухі Piophila casei. З лічынак вылупляюцца апарышы, яны прабіваюцца праз сыр і пераварваюць у працэсе бялкі, і ў выніку пекарына ператвараецца ў мяккі крэмавы сыр, піша CNN.

І потым надыходзіць момант не для слабанервных: гандляр сырам зразае верхнюю скарынку сыра, якую амаль не кранаюць лічынкі, і выцягвае лыжку крэмавага смакоцця. У гэты момант лічынкі ўнутры сыра пачынаюць шалёна звівацца.

Некаторыя мясцовыя жыхары спрабуюць зліць лічынкі з сыра, іншыя ж ядуць касу марцу такім, якім ён і створаны — з усім.

Лёгка зразумець, калі такі сыр выклікае ў вас агіду. Але, калі вы здолееце яе пераадолець, вас чакае насычаны і вельмі рэзкі смак, які вы будзеце адчуваць яшчэ на працягу некалькіх гадзін пасля таго, як пакаштавалі касу марцу.

Некаторыя кажуць, што гэты сыр — афрадызіяк. Іншыя ж лічаць, што спажыванне такой стравы можа быць небяспечным для чалавека, бо лічынкі могуць перажыць працэс пераварвання, трапіць жывымі ў кішэчнік і стварыць у ім мікраперфарацыі, але ж дагэтуль ні адзін такі выпадак не быў звязаны з касу марцу.

Жыхары Сардзініі ядуць гэты сыр на працягу некалькіх стагоддзяў, але ж зараз ён забаронены да камерцыйнага продажу. Касу марцу лічаць традыцыйным прадуктам Сардзініі, таму ён абаронены на мясцовым узроўні. Але ў Італіі з 1962 года дзейнічае закон, які забараняе спажыванне ежы з паразітамі, таму касу марцу лічыцца па-за законам. Тыя, хто яго прадае, могуць атрымаць штраф да 50 тысяч еўра, але жыхароў Сардзініі забарона іх любімага сыра хутчэй смяшыць.

У дзесяці іншых рэгіёнах Італіі таксама ёсць свае варыянты сыра з лічынкамі, але там гэта хутчэй маргінальная з’ява, у той час як касу марцу — дакладна важная частка культуры Сардыніі. Яшчэ старажытныя гісторыкі пісалі пра тое, што на гэтым востраве ядуць чарвякоў, і зараз традыцыя працягваецца.

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Не выкідайце костку ад авакада — вось 6 варыянтаў таго, як яе выкарыстаць у ежу ці для касметыкі

Nashaniva.com