Кампанію Profitero з беларускімі каранямі купілі за 200 мільёнаў еўра

Французская медыягрупа Publicis абвясціла пра куплю ірландскай платформы Profitero, піша dev.by. Гэтая платформа, якую заснавалі беларусы, дапамагае брэндам ацэньваць паспяховасць анлайн-продажаў больш чым на 700 гандлёвых пляцоўках у больш чым 50 краінах свету.

04.05.2022 / 17:33

Офіс Profitero ў Мінску. Фота: inoffice.by

Profitero збірае інфармацыю з інтэрнэт-крамаў — напрыклад, пра тое, якія прадукты кліентаў там прадаюцца і па якіх цэнах, а таксама рэйтынгі і водгукі, — пасля чаго аналізуе і падае ім у зручным выглядзе, дапамагаючы прадаваць больш і хутчэй за канкурэнтаў.

Сума пагаднення, паводле паведамлення Reuters, склала 200 млн еўра. Пасля куплі Profitero застанецца самастойнай кампаніяй у складзе групы Publicis.

Profitero была заснаваная ў 2010 годзе беларусамі Канстанцінам Чарнышом і Дзмітрыем Высоцкім разам з выхадцам з Украіны Уладзімірам Пігрухам. Цяпер у штаце кампаніі 300 чалавек. У яе ёсць офісы ў ЗША, Вялікабрытаніі і Кітаі. У мінскім офісе (юрыдычная асоба ў Беларусі — Itacco) працуе 60 супрацоўнікаў.

Profitero мае больш за 4 тысячы кліентаў, сярод якіх Kraft Heinz, Adidas, Henkel і L'oreal.

Nashaniva.com