«Белкаапсаюз» працягвае вайну з Анжалікай Агурбаш — няма ні грошай, ні футраў
Як заявіў ў эфіры СТБ старшыня арганізацыі Алег Мацкевіч, суд забараніў спявачцы канцэрты з-за гісторыі з футрамі.
02.05.2022 / 08:36
«Не ведаю, як яна адчувае сябе ў футрах, але адчувае сябе няўтульна пасля рашэння нашага эканамічнага суда. Там прад'яўленыя ўсялякія санкцыі да пэўнай нерухомасці, забарона на пэўныя дзеянні, у тым ліку канцэрты. Пра аплату я вам скажу: з шасці мільёнаў расійскіх рублёў яна заплаціла 90 тысяч. Таму мы будзем стаяць да канца — або вярніце футры, або заплаціце грошы. У дамове ўсё напісана», — сказаў Мацкевіч.
Эпапея цягнецца з 2018 года, калі пад Агурбаш стварылі спецыяльную калекцыю футраў «Белкаапсаюза», якія яна павінна была дапамагчы прадаць. Але пасля таго, як спявачка выказала сваю грамадзянскую пазіцыю, на яе падалі ў суд, бо футры ні прадалі, ні вярнулі назад.
«Так. Футраў няма, па меншай меры на тэрыторыі «Белкаапсаюза», — сказаў Мацкевіч.