Назарбаева плануюць пазбавіць статусу Елбасы

У Казахстане плануюць прыняць новыя папраўкі ў Канстытуцыю, згодна з якімі першы прэзідэнт краіны Нурсултан Назарбаеў страціць статус і прывілеі Елбасы — Лідара Нацыі

27.04.2022 / 13:17

Пра гэта паведаміў спікер Мажыліса (ніжняй палаты парламента) Ерлан Кашанаў, піша Tengrinews.

— Папраўкамі выключаецца статус Елбасы. У Канстытуцыі застаецца роля Назарбаева як заснавальніка дзяржавы, — заявіў Кашанаў.

Таксама спікер Мажыліса заявіў, што ў Канстытуцыі існуе норма аб экс-прэзідэнтах, — застанецца яна і пасля паправак і будзе распаўсюджвацца ў тым ліку на першага прэзідэнта.

Кашанаў падкрэсліў, што пакуль не прынятае канкрэтнае рашэнне аб тым, як менавіта будуць прынятыя канстытуцыйныя папраўкі — шляхам рэферэндуму або праз парламент.

Ён удакладніў, што Нурсултан Назарбаеў на падставе закона аб былых прэзідэнтах будзе атрымліваць пенсію, дзяржаўнае забеспячэнне і абарону гонару і годнасці. Тым не менш норма аб тым, што першага прэзідэнта і бліжэйшых членаў яго сям'і нельга прыцягваць да крымінальнай адказнасці, будзе выключаная.

Назарбаева пасля студзеньскіх пратэстаў ссунулі з пасады лідара праўладнай партыі «Нур Атан», а яго дачку выключылі з палітрады.

Nashaniva.com