Палітзняволены Яўген Рубашка пра затрыманне: У пэўны момант я стаў задыхацца
Палітзняволены анархіст Яўген Рубашка даў інтэрв’ю з СІЗА, у якім распавёў пра катаванні, якія прымяняліся да яго падчас затрымання, а таксама пра цяперашнія ўмовы ў следчым ізалятары.
26.04.2022 / 13:49
Ён дакладна апісаў, што яго білі рукамі ў пальчатках па корпусе, нагах і галаве, пасля адмовы сказаць пароль ад смартфона — больш інтэнсіўна, паведамляе «Вясна».
«Я патроху пачаў адключацца. Яны гэта заўважылі, перавярнулі на спіну. Адзін адкрыў мне рот, уставіў нейкі прадмет накшталт алоўка і сціснуў мне нос, а другі пачаў заліваць мне ў горла моцнаалкагольную вадкасць, меркавана — гарэлку.
У пэўны момант я не змог больш стрымліваць паветра, стаў задыхацца і таму глытаць паветра разам з гарэлкай. Потым па неабачлівасці аслабілі нос, і я прымудраўся больш дыхаць ім. Зноў перавярнулі на жывот. Станавіліся нагой на спіну.
Затым адзін з быкоў сказаў, што «зае…ся со мной возиться, как с Дедком» (маецца на ўвазе палітзняволены анархіст Мікалай Дзядок, да якога пры затрыманні таксама прымяняліся катаванні). І пачаў наносіць мне моцныя хуткія ўдары ў знешні бок левага сцягна, у адно і тое ж месца. Пасля 10-15 удараў я сказаў, што паведамлю пароль».
Таксама Яўген распавёў, што судмедэкспертыза была праведзеная амаль праз паўтара месяца. Але нават тады былі зафіксаваныя «сляды на запясцях і шчыкалатках ад наручнікаў, гематомы у вобласці левага сцягна, левага калена, галенастопаў, 5-6 рэбраў, па левай ніжняй ключыннай лініі».
Апісваючы цяперашнія ўмовы ў СІЗА, Яўген адзначае, што «Валадарцы далёка да канцлагера Акрэсціна». Ён шмат чытае і нават застаецца «з нацяжкай вегетарыянцам». Аднак ён кажа, што ў СІЗА існуюць пэўныя праблемы з медыцынскай дапамогай. Рубашка таксама згадаў, што палітзняволенага Арцёма Салаўя прымусілі напісаць яўку з павіннай, пагражаючы сэксуальным гвалтам.
Нагадаем, на мінулым тыдні Яўгена Рубашку асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пасяджэнне было закрытым, таму пра суд амаль нічога не вядома.
Падтрымаць палітвязня паштоўкамі, тэлеграмамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Яўгену Аляксандравічу Рубашку.