Палітвязня Валадара Цурпанава судзяць, каб зноў узмацніць пакаранне

Магілёўскаму актывісту, палітвязню Валадару Цурпанаву хочуць памяняць рэжым з калоніі на турму.

20.04.2022 / 16:34

У судзе Віцебскага раёна 20 красавіка адбылося судовае пасяджэнне «аб пераводзе ў выпраўленчую ўстанову іншага віду і змену ўмоваў рэжыму» магілёўца Валадара Цурпанава, піша «Новы час».

Пра судовае пасяджэнне не паведамілі нават жонцы палітвязня. Верагодна, цяпер Валадара перавядуць з Віцебскай ПК-3 у адну з турмаў. Гэтым вязню ўзмоцняць рэжым адбыцця пакарання.

Вядома, што ў Цурпанава не самыя простыя адносіны з адміністрацыяй калоніі — гэта прывяло да дысцыплінарных спагнанняў і, як вынік, пераводу з калоніі ў турму. Цяпер Цурпанаў знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу ў адзіноце.

Палітвязню Валадару Цурпанаву 4 чэрвеня 2021 года прысудзілі 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Да гэтага яму прызначылі 3 гады «хіміі».

Нагодай да крымінальнага пераследу актывіста, асуджанага да трох гадоў «хіміі», сталі дысцыплінарныя спагнанні за парушэнне ўнутранага парадку (арт. 415 КК РБ) падчас адбыцця пакарання ў Круглым. Цурпанаў нібыта быў пакараны за тое, што ляжаў і сядзеў на ложку ў несанкцыянаваны час, а яго спальнае месца не было засцеленае належным чынам, а асабістыя рэчы ляжалі на тумбачцы каля ложка.

Nashaniva.com