Памятаеце 17-гадовага Цімура Міцкевіча, які ў жніўні 2020-га пасля збіцця сілавікамі быў у коме? Цяпер ён ваюе ва Украіне
Журналістка Яўгенія Доўгая апублікавала ў сябе ў Інстаграме фота маладога вайскоўца. Яго завуць Цімур Міцкевіч, і гэта адзін з тых людзей, якія сталі вядомыя падчас нашых пратэстаў 2020 года. Цяпер ён ваюе ва Украіне.
20.04.2022 / 00:26
«Гэта той самы хлопец, якога сілавікі 12 жніўня збілі да такой ступені, што прыйшлося ўводзіць яго ў штучную кому. Пазней Цімур стаў «падазраваным» па крымінальнай справе. Мама Цімура памерла, а хлопец знік з лякарні. «Знайшоўся» ён толькі ў студзені, аказалася, што хлопец тады збег з Беларусі. Цяпер Цімур ваюе ва Украіне. Вось так раптам паварочваецца жыццё», — напісала журналістка.
Нагадаем, 13 жніўня 2020 года тады 17-гадовы Цімур трапіў у рэанімацыю 3-й дзіцячай бальніцы Мінска. Яго даставілі ў бальніцу з РУУС. Хлопец нейкі час знаходзіўся у медыкаментознай коме.
3 верасня 2020-га падлетка затрымалі і адвезлі на допыт у рамках арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Следчыя заявілі, што падлетак актыўна ўдзельнічаў у масавых беспарадках і датычны да ўзброенага нападу на кіроўцу грузавога аўтамабіля МАЗ. Па словах следчых, малады чалавек ёсць на запісах камер відэаназірання на вуліцы Прытыцкага 10 жніўня, дзе праходзілі акцыі пратэсту.
3 верасня ў Следчым камітэце маладому чалавеку стала дрэнна — яго адправілі ў бальніцу. Нейкі час ён правёў у рэанімацыі, а ў дзень знікнення, 8 верасня, яго перавялі ў звычайную палату. Пасля знікнення некалькі месяцаў пра Цімура нічога не было вядома, ён аб'явіўся за мяжой толькі ў студзені 2021-га.
24 верасня 2020 года памерла на 45-м годзе жыцця маці Цімура, пакінуўшы сіротамі ажно 9 дзяцей, з іх 7 непаўналетніх.