У Міколы Дзядка ў калоніі знішчылі 45 лістоў
Палітвязень Мікола Дзядок адбывае пяцігадовы тэрмін у калоніі паводле прысуду па трох крымінальных артыкулах. У няволі на яго аказваецца ціск з боку адміністрацыі.
19.04.2022 / 11:26
«Працягваюцца канфіскацыі і знішчэнні лістоў у максімальна здзеклівай форме, — распавёў Мікола Дзядок у адным з апошніх лістоў. — Справа выглядае так: мне прыносяць акты, дзе напісана, што ліст ад… знішчаны, бо носіць цынічны характар, прапануюць распісацца. Я пытаю, што такое цынічны характар? Мне ў адказ: «Вы распісвацца будзеце?» І так па коле. Такім чынам было знішчана ўжо каля 45 лістоў. Іх дэманстратыўна, моўчкі, прачытваюць пры мне, а потым хаваюць у канверт і знішчаюць. Усё гэта адбываецца пад відэарэгістратар.
Зусім відавочна, што ніякага цынізму ў лістах няма. Гэта проста легальны спосаб пазбавіць мяне перапіскі. Падстрахоўваюцца тым, што потым знішчаюць гэтыя лісты, каб пасля нельга было нічога праверыць.
У астатнім звычайнае быццё ў ПКТ. Большую частку сваіх заняткаў прыйшлося адкласці з-за розных рэжымных абмежаванняў. Напрыклад, пакуль не малюю, бо няма чым тачыць алоўкі.
Увесь вольны час чытаю савецкія кнігі з бібліятэкі і займаюся спортам. На працягу дня грае радыё, але ў курсе падзеяў сябе ўсё роўна не адчуваеш. Па ўсіх станцыях, як прыватных, так і дзяржаўных, больш-менш відавочная прарасійская прапаганда, альбо маркотны афіцыёз: «У Магілёве прайшоў усеагульны суботнік», «Моладзь Чавусаў правяла тэлемост з моладдзю Валгаграда».
Жадаю бадзёрасці і веры ўсім! Абдымаю кожнага і кожную, хто мяне падтрымлівае і пра мяне думае!»
***
Міколу Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020, моцна збівалі і катавалі. 10 лістапада палітвязня асудзілі да пяці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму па трох крымінальных артыкулах: арт. 342 КК РБ, арт. 361 КК РБ, арт. 295-3 КК РБ. Мікола віну не прызнаў.
Падтрымаць Міколу Дзядка можна лістамі па адрасе: 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, ВК-9, ПКТ, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.