Літва прапусціць грузавікі беларускіх перавозчыкаў, калі яны стануць на выезд да поўначы 16 красавіка. У ЕС захраслі тысячы фур

З 16 красавіка ЕС уводзіць забарону на праезд і транзіт па яго тэрыторыі машын перавозчыкаў з Беларусі і Расіі. У прэс-службе літоўскай мытні растлумачылі, пры якіх умовах расійскія і беларускія грузавікі змогуць пакінуць краіну з улікам уведзенай раней забароны, піша reform.by.

16.04.2022 / 18:59

 Згодна з апублікаваным тлумачэннем, транспартныя сродкі з грузам, якія сталі ў чаргу на выезд да 24:00 16 красавіка, змогуць перасекчы мяжу. Парожнія транспартныя сродкі без грузу змогуць бесперашкодна перасякаць граніцу Літвы з Расіяй і Беларуссю.

 Транспартныя сродкі, якія прыбылі ў чаргу пасля 24:00 16 красавіка праз мяжу не прапусцяць ‒ іх накіруюць у бліжэйшыя лагістычныя цэнтры або тэрміналы для таго, каб перавозчык мог прыняць меры па выпраўленні сітуацыі ‒ разгрузіць тавар, перадаць яго перавозчыку, які не трапіў пад санкцыі і гэтак далей.

Некалькі тысяч расійскіх і беларускіх грузавых перавозчыкаў стаяць на мяжы Польшчы, спрабуючы выехаць з Еўрасаюза да таго, як набудуць моц санкцыі, якія забараняюць ім знаходзіцца на тэрыторыі ЕС, паведамляе «Коммерсантъ» са спасылкай на Financial Times. Чэргі таксама ўтварыліся на памежных пераходах у Літве і Латвіі.

 FT піша, што на выезд грузавікоў з ЕЗ сыходзіць ад 3 да 10 дзён. Чарга на выезд на ўсходзе Польшчы да ўчарашняга дня перавысіла 40 км. Кіраўнік польскага Аб'яднання міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Ян Бучак заявіў, што чарга на пункце пропуску «Карошчын» на мяжы з Беларуссю дасягае 80 км.

 Старэйшы выканаўчы дырэктар кампаніі Gurtam Аляксандр Куўшынаў сцвярджае, што ў ЕС знаходзяцца каля 10 тыс. расійскіх і беларускіх грузавікоў. Яшчэ адна крыніца FT заявіла аб некалькіх тысячах грузавікоў, што захраслі ў Еўропе.

 Забарона на грузаперавозкі ўвайшла ў пяты пакет санкцый ЕС, прынятых у красавіку. Абмежаванні ўведзены ў адказ на расійскую ваенную аперацыю ва Украіне. Забарона не распаўсюджваецца на фірмы, якія перавозяць пошту, а таксама на пастаўкі ў ЕС прыроднага газу і нафты, руды, фармацэўтычных, медыцынскіх, сельскагаспадарчых і харчовых прадуктаў, у тым ліку пшаніцу і ўгнаенні, гуманітарныя грузы.

Беларускія транспартнікі разлічваюць узбагаціцца на фоне еўрапейскіх санкцый супраць перавозчыкаў, і гэта магчыма. Тлумачым нюансы

Nashaniva.com