Расія і Беларусь не змогуць рэгістраваць каштоўныя паперы

Міжнародная асацыяцыя нацыянальных агенцтваў нумарацыі (ANNA) прыпыніла сяброўства ў ёй Расіі і Беларусі. Такое рашэнне прыняў пазачарговы агульны сход асацыяцыі 11 красавіка, скліканы па звароце Нацыянальнага дэпазітарыя Украіны, паведамляе «Украінская праўда».

16.04.2022 / 10:44

Фота ілюстрацыйнае

Наступства гэтай пастановы — спыненне забеспячэння нумаруючымі агенцтвамі Расіі і Беларусі кодамі IS IN, CFI і FISN для адпаведнай агульнасусветнай інфармацыйнай базы.

«Прасцей кажучы, Расія не зможа больш рэгістраваць новыя каштоўныя паперы і фінансавыя інструменты ў цывілізаваным свеце. А без гэтых кодаў каштоўныя паперы для свету не існуюць. Гэта нібы чалавек без пашпарта і імя», — растлумачыў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.

Раней па звароце Нацыянальнага дэпазітарыя Украіны з Асацыяцыі еўрапейскіх цэнтральных дэпазітарыяў (ESCDA) быў выключаны Расійскі цэнтральны дэпазітарый.

Nashaniva.com