Беларусь забараняе ўезд на сваю тэрыторыю фур, зарэгістраваных у ЕС. Але з істотным выключэннем

Беларусь прыняла меры ў адказ у дачыненні да транспартных сродкаў, зарэгістраваных у дзяржавах-членах Еўрапейскага Саюза, паведаміла прэс-служба Мінтранса. З 00.00 16 красавіка 2022 года ўводзіцца забарона на перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў Беларусь аўтатранспартных сродкаў (аўтамабіляў і цягачоў), зарэгістраваных у Еўрапейскім Саюзе.

15.04.2022 / 20:14

Здымак ілюстрацыйны. Фота: БелТА

Прадугледжваюцца, аднак, выключэнні: калі аўтатранспартныя сродкі ідуць праз пэўныя пункты пропуску ў спецыяльна ўстаноўленыя месцы для ажыццяўлення грузавых аперацый і перачэпкі. 

Вызначаецца і пералік такіх месцаў, а іншыя можа вызначаць Дзяржаўны мытны камітэт па ўзгадненні з Мінтрансам.

На транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў ЕС, якія перавозяць паштовыя адпраўлення і жывых жывёл, забароны не распаўсюджваюцца. 

Таксама забарона не прымяняецца да 23 красавіка 2022 года да транспартных сродкаў, зарэгістраваных у ЕС, якія заехалі на тэрыторыю Беларусі да 16 красавіка гэтага года. 

Nashaniva.com