«Я мару вярнуцца не проста ў Беларусь, а ў родны Бабруйск». Тыктокер Мікіта Бялевіч пра ад’езд, жонку і беларускамоўны кантэнт

Мікіта Бялевіч — зорка беларускага TikTok. Нядаўна хлопец адбыў пятнаццацісутачны арышт у Магілёве. Пасля гэтага ён з’ехаў з Беларусі. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» Мікіта расказаў пра катаванні ў магілёўскім ІЧУ, пра тое, як пачаў размаўляць па-беларуску і калі паспеў ажаніцца.

16.04.2022 / 10:55

«Фармулёўка была такая: «Цябе хутчэй за ўсё яшчэ затрымаюць, таму давай пажэнімся, каб я мела права даведацца, дзе ты». Пра арышт, шлюб і жаданне вярнуцца

«Наша Ніва»: Якімі былі вашы 15 сутак?

Мікіта Бялевіч: Гэта бясцэнны досвед. Я ў любым разе вельмі ўдзячны сусвету за тое, што яго атрымаў. Можа, быў бы рады такі досвед не мець. Альбо не ў такім хуткім фармаце. Але прыйшлося вось так экспрэс-курсам.

Гэта жорстка. І для псіхікі, і для фізічнага здароўя. Быць палітычным зняволеным цяпер — катаванне. Я гэта зразумеў толькі тады, калі вярнуўся дадому.

Раней думаў, што катаванне — гэта калі вада на лоб капае тры гадзіны, калі пазногці выдзіраюць. Аказалася, што ўтрыманне ў такіх умовах — гэта таксама катаванні. Усе звыкліся, што Акрэсціна — філіял пекла ў Беларусі. Але ў Магілёве з палітычнымі паводзяць сябе яшчэ горш.

Напрыклад, хоць і на Акрэсціна ў васьмімеснай камеры было 34 чалавекі, там днём можна было сядзець на нарах, ляжаць, спаць. Неяк бавіць час. У Магілёве днём можна было стаяць, хадзіць або сядзець на падлозе. Калі калідорны заўважыць, што нехта спіць, то ён мог загадаць падняцца і хадзіць па камеры да адбою. Шмон там тры разы на дзень. Яны кажуць распранацца да майткоў, рукі трэба выцягнуць у кармушку, надзяваюць кайданкі, забіраеш сваё аддзенне, выходзіш на калідор, рукі на сцену, ногі шырока. Потым падыходзіць ахоўнік, трэба зняць майткі, аддаць яму і прысесці тры разы. Пры гэтым там вельмі халодны калідор. На Акрэсціна я прабыў з 17 па 24 сакавіка. А перад Днём Волі нас этапавалі. Было тры аўтазакі, і дакладна адзін з іх быў з палітычнымі. 

«НН»: Ахоўнікі мелі нейкія «прэтэнзіі» да вашай знешнасці?

МБ: Я не сказаў бы, што адчуваў залішнюю ўвагу ад іх. Кагосьці задзець, пажартаваць — гэта звычайна гісторыя для надзіральнікаў.

Казалі, што мне чарніла на галаву вылілі. Гэта пра мой колер валасоў. Адзін сказаў, што каб да наступнага шмону ў мяне «чарнілаў» не было. Потым я зразумеў, што гэта форма напалохаць, адчуць уладу.

Яны не білі. У Магілёве толькі на шмоне маглі трошкі даць па нагах, калі ім падавалася, што ты недастаткова шырока ставіш ногі. 

«НН»: Чаму вас затрымалі?

МБ: У пратаколе напісана: непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы. У той дзень мы здымалі тыкток. Відэа не было палітычнае, не прамаўляліся ніякія лозунгі. Гучала слова «Украіна» ў кантэксце таго, што мы шмат чым натхніліся ў гэтай краіны.

У гэты час міма праходзіла жанчына, падобная да мясцовай вар’яткі. Яна пачула, што мы размаўляем па-беларуску, а тут яшчэ і пра Украіну нешта. Жанчына вырашыла выклікаць міліцыю. У гэты момант праязджала машына з патрулём. Ім яна паказала на нас. Спачатку яны чамусьці падумалі, што мы раздаём нейкія ўлёткі. Мы расказалі, што здымалі відэа. І нас забралі.

Ужо потым я пачытаў у пратаколе, што ў дзяжурную частку пазванілі і сказалі, што мы захоўваем экстрэмісцкія матэрыялы. А яшчэ, што ў РУУС мы прайсці катэгарычна адмовіліся, а ўжо калі там апынуліся, упіраліся нагамі. Канечне, так атрымалася, што ніякія камеры відэаназірання не працавалі. Такое перыядычна здараецца, калі хтосьці пачынае непадпарадкоўвацца каля РУУСа. Затое побач заўсёды знаходзіцца сведка, які ўсё бачыў, але нічога сказаць не можа. 

«НН»: У адным з інтэрв’ю вы казалі, што хочаце заставацца ў Беларусі і ствараць беларускую культуру. Што змянілася з таго моманту?

МБ: У Беларусі страшна дзейнічаць у так званым трэцім сектары. І да 2020-га, і пасля тым больш. Супакойваў сябе тым, што я нічога незаконнага не раблю. Не закранаю палітыку, таму да мяне не мусяць прыйсці. Разважаў, што я расказваў пра культуру, а яна пакуль не пад забаронай.

Пасля сутак і тых гісторый, якія я пачуў ад сукамернікаў, зразумеў, што ўвесь час знаходзіўся за міліметр ад 342 артыкула Крымінальнага кодэкса, які выдаецца проста так. Не ў такой бяспецы я быў, як мне здавалася.

Вельмі ўразіла гісторыя чарговага палітычнага, якога да нас прывялі ў камеру. Ён расказаў, як яго жонка на рэферэндуме сфатаграфавала бюлетэнь з двума крыжыкамі. І яе арыштавалі за гэта. У тэлефоне знайшлі фота з пратэстаў, дзя яна была разам з мужам на праезнай частцы. Мужа запрасілі ў РУУС і адтуль не выпусцілі. Зразумеў, наколькі блізка гэта ўсё дыхала мне ў спіну.

На пяты дзень сутак вырашыў, што трэба з’язджаць. Раней прадстаўлялася, што калі нешта пачнецца ў мой бок, то даведаюся аб гэтым загадзя і будзе прастора для манёўра. Цяпер разумею, што гэта не так працуе: могуць раніцай «ўпасці» дзверы ў кватэру, і ты акажашся невыязным не проста з Беларусі, а нават з пакоя, які пяць на шэсць. 

«НН»: Чаму паехалі ў Вільню?

МБ: Тут шмат маіх сяброў. Падалося, што ў Вільні будзе прасцей. Ехаць недалёка, квіткі недарагія. І я магу працягваць тут працаваць анлайн. 

«НН»: Як блізкія адрэагавалі на ваш ад’езд?

МБ: Блізкіх у мяне няшмат. Сястра, цёця, бацькі маёй жонкі. Зразумела, што гэта ўсё сумна. Але яны ўсе мяне падтрымалі. Бацькі мае даўно развяліся. З татам я бачыўся ўсё радзей і радзей, а маці памерла, калі мне было 15 гадоў. 

Я ўвогуле хачу сказаць, што блізкія затрыманага перажываюць больш, чым зняволены. Родныя ў абсалютным няведанні. Пасля шматлікіх гісторый пра катаванні, збіенні гэта для іх стрэсова. А я ж ведаю, як я сябе адчуваю, што я жывы і амаль здаровы. 

«НН»: Як ваша жонка ўспрыняла ідэю з пераездам?

МБ: Жонка перажывала гэта не першы раз. Мяне раней затрымлівалі ў 2020-м. Тады я выйшаў на плошчу ў Бабруйску, гэта было 10 жніўня, пасля выбараў. Атрымаў адны суткі. І тады яшчэ тая сістэма катаванняў, якая ёсць цяпер, да Бабруйска не дайшла. Я перажыў гэта зусім лёгка, а для жонкі маёй было складана.

У гэты раз прыняў рашэнне, што, калі яна будзе не гатова з’язджаць, я паспрабую падабраць нейкія словы, раскажу ёй усе жудасныя гісторыі. А жонка падумала, што калі я вярнуся, то яна будзе мяне пераконваць, што нам трэба з’язджаць.

«НН»: Калі вы ажаніліся?

МБ: У жніўні 2020-га. Літаральна праз тыдзень, калі я выйшаў з першых сутак. Увогуле гэта смешная гісторыя. Калі мяне першы раз затрымалі, яна не магла даведацца, дзе я, таму што была проста маёй дзяўчынай, а не жонкай. Такі юрыдычныі момант. Фармулёўка была такая: «Цябе хутчэй за ўсё яшчэ калі-небудзь затрымаюць, таму давай пажэнімся, каб я мела права даведацца, дзе ты». Такое стратэгічнае рашэнне.

«НН»: Ці хочаце вярнуцца?

МБ: Я мару вярнуцца не проста ў Беларусь, а ў родны Бабруйск.

Яшчэ да 2020-га ў галаве была думка, што «каб любіць Беларусь, нашу мілую маму, трэба ў розных краях пабываць». У мяне быў план, што я змагу дзесьці за мяжой атрымаць новы досвед, каб яго прывезці ў родны Бабруйск. Па сутнасці мой план здзяйсняецца, толькі не зусім праз мае жаданні, а праз акалічнасці.

Калі змагу вярнуцца? Я рабіў раней прагнозы. У 2021-м я сказаў, што да лета, да гадавіны, усё скончыцца. Больш прагнозы не даю. Хачу верыць, што да канца гэтага года. Але дзесьці ў галаве ёсць думка, якую я не хачу ўсведамляць, што магу не вярнуцца ніколі. 

«Падабаецца, як беларуская мова адчуваецца ў роце. Чыста такая паўфізічная штука». Пра вучобу, Бабруйск і мову

«НН»: У адным з інтэрв’ю вы казалі, што вам падабаецца той факт, што ў вас няма вышэйшай адукацыі, але пры гэтым вы самадастатковы чалавек. Чаму з адукацыяй не склалася?

МБ: У апошнія два гады школы я зразумеў, што не люблю фармальную беларускую адукацыю. Мне пашчасціла пазнаёміцца тады з нефармальным варыянтам. Гэта было ў габрэйскай тусоўцы.

Сядзець і спрабаваць вывучыць кілаграмы тэксту, каб потым іх проста пераказаць, нават неабвязкова іх разумець, навошта? А яшчэ я не ведаю, куды хачу ісці. Можа, я сталяр, а можа, філосаф ці касманаўт. Не вырашыў.

Тады думаў, што калі яшчэ буду вучыцца на бюджэце, то потым трэба адпрацоўваць на дзяржаву, а калі платна, то плаціць грошы, якіх у мяне на той момант не было. І не скажу, што ёсць цяпер, каб аддаць іх за адукацыю ў Беларусі. Калі мне споўнілася 18 гадоў, пайшоў працаваць адміністратарам у тайм-клуб у Бабруйску. А ў 2021-м пераехаў у Мінск і стаў весці тыкток. 

«НН»: Кім марылі стаць у дзяцінстве?

МБ: Археолагам. Мне падабаліся дыназаўры і Індыяна Джонс. І ў мяне ў галаве гэта ідэальна супала. А потым я пазнаёміўся з беларускімі археолагамі, і ніводны з іх не быў падобны да Індыяны Джонса. Цяпер я не ўпэўнены, што хачу быць археолагам. 

«НН»: Калі пачалі размаўляць па-беларуску?

МБ: У ліпені 2019-га, а любоў прыйшла ў працэсе. Мова мяне вабіла досыць даўно.

Падабаецца, як беларуская мова адчуваецца ў роце. Чыста такая паўфізічная штука. І гэта было з дзяцінства. Памятаю, як яшчэ ў пятым класе падбіваў сваю сястру размаўляць па-беларуску. Тады ведаў некалькі словаў, атрымалася трасянка. Згадаў гэты момант ужо ў свядомым узросце. 

Яшчэ у тайм-клубе, у якім я працаваў ў Бабруйску, былі курсы «Мова Нанова». Спачатку яны праходзілі для мяне фонам, але потым нейкая частка пачала адкладвацца ў галаве. Слоўнікавы запас стаў буйнець сам сабой. Тады размаўляў па-беларуску толькі з сябрамі, блізкімі, а праз пару месяцаў пачаў усюды. І весці сацыяльныя сеткі таксама. 

«НН»: Ці атрымлівалі фідбэк на тое, што вы размаўляеце па-беларуску?

МБ: Перыядычна. Самае прыемнае было, калі чалавек не проста праяўляў нейкую ўвагу, а таксама адказваў па-беларуску. Негатыўных момантаў не было. Быў выпадак, калі мяне не зразумелі проста. Тады адказаў па-руску.

«НН»: Як думаеце, чаму ў Беларусі мала людзей размаўляе па-беларуску? 

МБ: Хутчэй за ўсё, гэта звязана са зручнасцю. Размаўляць па-руску патрабуе нуль сілаў, а каб па-беларуску, трэба змагацца з сабой, перайсці сацыяльную мяжу. І не баяцца, што на цябе могуць паглядзець, як на дурня.

Цяпер размаўляць па-беларуску яшчэ страшна з палітычнага пункту гледжання. Я з адміністрацыйнай часткай свайго пятнаццацісутачнага хостэла размаўляў па-руску. Не хацелася атрымаць ад іх лішняй увагі. Хоць мова — мая зброя, але яе я там прыхаваў. Таму разумею людзей, якія цяпер баяцца размаўляць па-беларуску ў жыцці. Гэта выбар, які зрабіць няпроста.

«НН»: Калі апошні раз былі ў Бабруйску? Якое ўражанне тады пакінуў горад?

МБ: Роўненька перад ад’ездам. Гэта стары сябра, з якім ты заўсёды рады ўбачыцца. Але раней, калі сустракаўся з ім, ён быў такі радасны, шчыры, абдымаў цябе, а тут ён выглядае прыхварэлым. Ён усё яшчэ спрабуе ўсміхнуцца табе, але бачна, што ў яго нейкія мяшкі пад вачыма. Але гэта ўсё яшчэ мой корыш. 

«НН»: А Мінск?

МБ: З Мінскам мы так і не палюбіліся. Я не ведаю чаму. Проста не мой горад. Я адчуваю, што з ім я ўжо нічога не магу зрабіць. Ён вельмі буйны арганізм, а Бабруйск адзіны. Горад, які я магу апрануць, прычасаць, навучыць чамусьці. І вось ён ужо адукаваны, прыгожы. Увогуле з Бабруйска ў Мінск я з’язджаў па працы. Прасцей было ўдзельнічаць у праектах, відэа. 

«Беларускамоўны кантэнт часцяком замыкаецца сам на сабе». Пра тыкток, трэвэл-блог і любімыя гарады 

«НН»: Як пачалі здымаць тыкток? 

МБ: Першы быў на «Годна М’юзік». Тады проста запрасілі ў праект. Блогерскі пачатак — на ютубе. 

Апошні штрых, які прывёў мяне да беларускай мовы, — гэта чалавек, які зайшоў у тайм-клуб, дзе я працаваў. Ён беларус, у Бабруйск з Масквы прыехаў. З ім пачалася размова, што вельмі не хапае кантэнту на беларускай мове ў інтэрнэце, што жывём пад акупацыяй расійскай медыяпрасторы. Прыйшлі да высновы, што нічога не перашкаджае пачаць такі кантэнт рабіць. Запісалі падкаст «Брудныя словы». Ён быў на трасянцы. Потым завялі ютуб-канал. І сталі здымаць відэа пра будынкі, якія намаляваны на яшчэ старых банкнотах. Першае было пра тэатр оперы і балета.

Потым я ўжо самастойна здымаў відэа пра тое, як я ляжаў у псіхіятрычнай бальніцы. Падчас медкамісіі ў ваенкамаце мяне накіравалі туды на чатырнаццаць дзён. У выніку там вырашылі, што непрыдатны ў армію. Я яшчэ тады выглядаў інакш: у мяне было шмат пірсінгу, длінныя пазногці блакітнага колеру. Зараз разумею, наколькі добра, што не магу служыць у войску. Хай я і страціў магчымасць кіраваць машынай.

«НН»: У беларускамоўных тыктокераў ёсць свае адметнасці, адрозненні?

МБ: Беларускамоўны кантэнт часцяком замыкаецца сам на сабе. Калі ты робіш яго па-беларуску — значыць гэта пра гісторыю, культуру, літаратуру. Напрыклад, я падпісаны на мужчыну, які вядзе акаўнт на мове, але ён проста рамантуе ровары і расказвае пра гэта. Без увагі, без прывязкі, што ён беларускамоўны. Я не кажу, што пра культуру, гісторыю ці літаратуру — гэта дрэнна. Выдатна. Проста калі ты расказваеш толькі пра гэта, атрымліваецца замкнёнае кола.

Беларуская мова — гэта сродак камунікацыі. На ёй можна размаўляць пра што заўгодна. Пакуль мова застаецца нечым нечапальным, што страшна забрудзіць, у нас будуць праблемы з яе ўжываннем.

«НН»: На якіх беларускамоўных тыктокераў параіце падпісацца?

МБ: Цяпер тыкток знік у Расіі. Прырода ачысцілася. І беларускамоўныя відэа рэгулярна з’яўляюцца ў стужцы. Так у майго сябра, напрыклад. Ён кажа, што такім чынам падпісаўся на больш за сто беларускамоўных акаўнтаў. Раю падпісацца на @dziahel, кандыдатку гістарычных навук, аўтарку падкаста «Так склалася гістарычна»; @ssstashkevich, яна расказвае пра літаратуру; на Алесю Гурскую; @vitaju_vital, які даследуе беларускі характар; на тыкток-акаўнт Лізы Ветравай; @deadmetaler — гэта ён пра ровары расказвае. Канечне, на @hodnamusic. 

«НН»: Як абіраеце музыку для тыктоку?

МБ: Спачатку ў мяне быў спіс гуртоў, якімі я асабіста цікавіўся і хацеў падзяліцца. І таксама быў другі спіс, пра што варта расказаць. Не ўсё з яго мне падабалася. Нейкі час прасілі людзей пісаць нам у каментарах, якімі гуртамі варта падзяліцца. Аказалася, што іх ў Беларусі тысячы. Не ўсе беларускамоўныя, але яны ёсць. Пасля сталі дзяліцца трэкамі.

У нас ёсць пазіцыя, што мы не будзем здымаць асобныя тыктокі пра Макса Каржа, Ляпіса, Вольскага і N.R.M. Гэта такія чатыры гіганты, якіх усе ведаюць. Расказаваць людзям, якія зацікаўленыя ў беларускай культуры, пра гэта бессэнсоўна.

«НН»: Як ствараўся трэвэл-блог «Бусь Беларусь»?

МБ: Гэта быў вельмі кайфовы час. Раніцай прачынаешся, збіраешся, некуды едзеш, чытаеш інфармацыю пра месца, каб расказаць яе на відэа. Ёсць жыццё, а ёсць здымкі. Гэта такі асабісты ментальны і фізічны стан. За час праекта пабываў у розных новых мясцінах, атрымаў шмат новых ведаў. Здымаем некалькі дзён, а ўспаміны быццам бы за месяц. У выніку зрабілі дзесяць відэа.

«НН»: Які ваш любімы горад?

МБ: Любімы, канечне, Бабруйск. Акрамя яго — Мазыр і Пінск. Прыехаў у Мазыр, і мне паказалі горад людзі, якія ў ім жывуць і якія яго вельмі любяць. А гэта важна. Мяне здзівіла, калі апынуўся ў некім лесе. Адкрываю карту, а я ў горадзе. У Пінску спадабалася пешаходная вуліца і рачны вакзал. А яшчэ было сонечна, я выпіў добрую каву. І можа быць, гэта ўсё і паўплывала. 

«НН»: Цяпер трэвэл-блог пра Беларусь рабіць не атрымаецца. Чым плануеце займацца?

МБ: Былі думкі на другі сезон «Буся» пакатацца па беларускіх мясцінах за межамі краіны. Але яшчэ не ведаю, ці атрымаецца. А так буду працягваць весці тыкток «Годна М’юзік». Тут я не прывязаны да месца.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

TikTok-блогер Мікіта Бялевіч выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту

Ціктокеры запусцілі трэвэл-блог «Бусь Беларусь»: пра краіну, людзей і мясціны, якім хочацца даць буську

Nashaniva.com