Рудкоўскі: Нават калі ўся пратэсная частка грамадства з'едзе, рэпрэсіі працягнуцца
Акадэмічны дырэктар BISS Пётра Рудкоўскі расказаў аналітычнаму праекту «Филин», ці можа масавы ад'езд беларусаў за мяжу змяніць стаўленне рэжыму да грамадства, і як гэта адаб'ецца на перспектывах пераменаў у краіне.
14.04.2022 / 19:11
— Ці можа масавы ад'езд беларусаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй выклікаць нейкія змены існуючага рэжыму? Умоўна кажучы, ці могуць пайсці на спад рэпрэсіі і ціск на грамадства, калі гэты раздражняльны фактар калі не знікне зусім, то істотна зменшыцца? Ці ўсё ж такі працэс ужо запушчаны і варта чакаць чыстак сярод сваіх і падтрымання ўзроўню страху ў людзях?
— Рэпрэсіўная сістэма цяпер існуе ў паўаўтаномным рэжыме. Барацьба з патэнцыйнай апазіцыяй стала часткай абавязковай руціны сілавікоў. Раней, да 2020 года, патрэбен быў выразны загад «зверху», каб здзейсніць значны рэпрэсіўны акт. Цяпер жа патрэбны загад «зверху», каб прыпыніць ці запаволіць канвеер рэпрэсій.
Такім чынам, той факт, што актыўная частка грамадства з'язджае, ці тое, што публічная праява незадаволенасці стала рэдкай з'явай, тут практычна не мае ніякага значэння. Рэпрэсіўны канвеер цяпер працуе ў модусе барацьбы з патэнцыйным пратэстам.
Таму нават калі ўся пратэсная частка грамадства з'ехала б, рэпрэсіі працягнуліся б па той простай прычыне, што няма ніякіх гарантый, што ўчарашнія лаялісты сёння не стануць пратэстоўцамі.
Іншая справа, што такая вось сталінізацыя сістэмы ва ўмовах высокай мабільнасці, інфармацыйнай адкрытасці і наяўнасці моцнага сярэдняга класа — гэта просты шлях да калапсу сістэмы. Але гэта ўжо асобная тэма.
— Аддаляе ці не ад'езд часткі актыўных грамадзян надыход перамен у краіне?
— Як тут сфармуляваць адказ, каб не прынізіць значэнне і гераізм тых беларусаў, якія прынцыпова засталіся ў Беларусі, рызыкуючы стаць аб'ектам рэпрэсій?
Хоць у цяперашняй сітуацыі яны па зразумелых прычынах не могуць кінуць адкрыты выклік сістэме, іх прысутнасць, іх удзел у размовах — нават на кухнях — з'яўляецца тым зернем, якое можа праз нейкі час аказацца магутным укладам у вызваленне Беларусі.
Але, з пункту гледжання зменаў, роля актыўнай і вялікай дыяспары таксама вельмі важная.
Дзяржава Ізраіль была створаная выключна дзякуючы дыяспары. Тое, што балтыйскія краіны здолелі хутка еўрапеізавацца пасля вызвалення ад савецкай імперыі, таксама ў значнай ступені здарылася дзякуючы дыяспарам, якія або дыстанцыйна, або вярнуўшыся на радзіму актыўна ўключыліся ў працу.
Заціснутая паміж Расіяй і Турцыяй Арменія, знаходзячыся ў стане ваеннага канфлікту з Азербайджанам, захоўвае сувязь з заходнім светам перш за ўсё дзякуючы дыяспары.
На этапе існавання ранейшага рэжыму роля дыяспары важная ў якасці калектыўнага пасла краіны на міжнароднай арэне. Яшчэ большае значэнне дыяспары — на этапе, калі рэжым пачынае хістацца (а гэта пытанне часу).
Альбо, калі паўстане новая форма аўтакратыі, ці наступіць пераход да цывілізаванага грамадскага ўладкавання — тут ролю дыяспары складана пераацаніць.