Што паглядзець. «Праект «Адам» — падарожжы ў часе, зорны склад і высокія рэйтынгі на Netflix
Пяць тыдняў у топе Netflix! Гэтая фантастычная стужка з зорным складам чымсьці прывабіла карыстальнікаў папулярнага стрымінгавага сэрвісу. Праверце, мо яна і ў вашым гусце?
16.04.2022 / 15:50
Фота: kino.mail.ru
«Праект «Адам» перанясе вас у 2050 год — там людзі ўжо навучыліся падарожнічаць у часе з дапамогай звышхуткіх самалётаў і тэхналогіі, што ўмее ствараць «кратовыя норы» ў часе. Гэтай тэхналогіяй скарыстаўся пілот Адам Рыд — ён накіроўваецца ў мінулае, каб знайсці каханую, якая знікла ў часе, і не даць выкарыстаць такія падарожжы ў разбуральных мэтах.
Але героя раняць, і ён прыбывае ў няправільны час — замест 2018-га ён прылятае ў 2022-і год. Там сустракаецца з 12-гадовай версіяй сябе і спрабуе разам з сабой жа адшукаць уласнага бацьку-навукоўца, што і прыдумаў некалі машыну часу. Галоўная мэта — зрабіць так, каб людзі ніколі не навучыліся падарожнічаць у часе.
«Праект «Адам» — ужо другая за год вялікабюджэтная гісторыя, якую разам ажыццяўляюць рэжысёр Шон Леві і акцёр Раян Рэйнальдс (пабачыце яго ў ролі Адама Рыда). Першая спроба іх супрацоўніцтва — камедыйны баевік «Галоўны герой», які пры бюджэце ў 120 мільёнаў даляраў сабраў у пракаце 300 мільёнаў. Леві і Рэйнальдсу так добра ўдаецца супрацоўнічаць, што Netflix даверыў ім ужо трэці фільм — «Дэдпул-3».
Калі вы чакаеце ад «Праекта» фантастыку ў духу Крыстафера Нолана, то, напэўна, будзеце расчараваныя. Гэта простая гісторыя, зразумелая з першага разу і без дадатковых тлумачэнняў. Але ж, упэўненыя, некаторыя гледачы знойдуць у гэтым і плюсы.
Леві распавядаў, што чацвёра сцэнарыстаў затрацілі на напісанне гісторыі восем гадоў, пры гэтым яны навукова патлумачылі тэорыю падарожжаў у часе. Але ж вынік гучаў занадта складана, і рэжысёр скарыстаў такі прыём: падчас гутаркі з адным з аўтараў ён сказаў яму: «Уяві, што я тупы». Тады аўтар патлумачыў канцэпцыю простымі словамі, і менавіта гэты дыялог перайшоў у канчатковую версію сцэнарыя.
Важныя для кожнага тэмы
Але ж просты зусім не азначае «прымітыўны». Насамрэч, «Праект «Адам» — нядрэнны баявік, які дакладна здолее забяспечыць вам прыемны вечар. Баявыя сцэны пастаўленыя добра, у кадры абаяльны Раян Рэйнальдс, гумар ёсць, стужка не дае занудзіцца — што яшчэ трэба?
Фота: kino.mail.ru
Улічыце, што гэта ж і не самая звычайная фантастыка. Тут вам не будуць надакучваць футурыстычнымі кадрамі гарадоў будучыні і расказамі пра постапакаліптычнае жыццё, як гэта магло б быць у іншых фільмах. Так, юны Адам пытаецца ў сваёй дарослай версіі, якое яно — жыццё ў 2050-м, але атрымоўвае толькі адказ «Тэрмінатар нервова курыць у баку».
Гэтага хопіць. Фільм дае зразумець, што сталага Адама акружае зусім іншы свет, чым той, што бачыў Адама-дзіця, але ж гэта не галоўнае. Больш важныя, напрыклад, адносіны Адама з маці, якая адна гадуе яго пасля смерці бацькі, і спробы Адама-падлетка навучыцца пастаяць за сябе.
Рыд атрымоўвае магчымасць, якая, напэўна, шмат каму была б карыснай: пазнаёміцца са сваёй старэйшай версіяй і атрымаць шанс не нарабіць тых памылак, за якія потым будзе сорамна і балюча. Напрыклад, не крыўдзіць лішні раз маці, што столькі для яго робіць і ледзьве знаходзіць час на сябе, ці не бегчы ад сутычкі. І, нарэшце, навучыцца не рабіць балюча людзям, якія акружаюць цябе.
Маленькія прыемнасці для тых, хто паважае легендарную фантастыку 80-х — тут вы знойдзеце цікавыя адсылкі. Напрыклад, дарослы Рыд змагаецца з дрэннымі хлопцамі з дапамогай зброі, што падазрона нагадвае джэдайскі меч, і перагаворваецца са сваёй маладой версіяй пра падказкі на будучыню ў стылі трылогіі «Назад у будучыню».
Рэйтынгі на сусветных рэсурсах
IMDB — 6,7 / 10,
Rotten Tomatoes — 69%.