Пароль «Паляниця». Што адбываецца з рускай мовай ва Украіне

Адной з мэтаў вайны Расіі супраць Украіны нібыта павінна была стаць абарона правоў рускамоўных. Праз паўтара месяца пасля яе пачатку сацыёлагі фіксуюць нечуванае згуртаванне ўкраінцаў вакол абароны ўкраінскай мовы. Што ў гэтай сітуацыі чакае рускую мову і як адчуваюць сябе яе носьбіты ва Украіне? Пра гэта — вялікі рэпартаж Бі-бі-сі.

14.04.2022 / 07:00

Замест забеспячэння правоў рускамоўных вайна Расіі супраць Украіны прынесла хутчэй супрацьлеглы вынік: нацыя згуртавалася ў абароне ўкраінскай мовы. Фота: GETTY IMAGES

Рэстаранчык украінскай кухні ў цэнтры Львова. На барнай стойцы стаіць таблічка з надпісам

«Дарагі ўкраінскі народ! Мы жывем на ўкраінскай зямлі, ямо ўкраінскі хлеб, дык давайце ж гаварыць на ўкраінскай мове, а не на мове акупанта! Слава Украіне і слава УСУ!»

За столікам проста каля стойкі сядзіць кампанія — некалькі дарослых і дзяўчынка гадоў дзесяці. У нейкі момант яны просяць рахунак, і адзін з мужчын за столікам дзякуе афіцыянтцы па-руску. У размову ўмешваецца дзяўчынка: «Дзядзя Коля, а тут напісана, што гаварыць трэба толькі па-ўкраінску».

За сталом павісае няёмкае маўчанне. Сітуацыю разраджае сусед дзядзькі Колі, які «праштрафіўся». «Дык ён проста наш палонны, а мы сваіх палонных кормім!» — гучна і па-ўкраінску абвяшчае ён. Смяюцца ўсе: і «палонны» дзядзька Коля, і дзяўчынка, і госці за суседнімі столікамі, і афіцыянтка.

Абарона рускамоўных жыхароў Украіны стала адной з падстаў для ўварвання расійскіх войскаў у гэтую краіну — ва ўсякім разе, менавіта яе называюць часцей за ўсё ў якасці такой падставы рэспандэнты апытання расійскага «Левада-цэнтра» ад сакавіка гэтага года. Але ў выніку яно толькі запусціла новую хвалю дыскусій аб ролі рускай мовы ва Украіне — цяпер і ў пасляваеннай будучыні.

Нічога добрага для рускай мовы — гэта ўжо паказвае ўкраінская сацыялогія — гэтыя абмеркаванні не нясуць. Сутнасць сучаснай дыскусіі на чыстай рускай мове нядаўна сфармуляваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі: «Расія сама робіць усё для таго, каб на тэрыторыі нашай дзяржавы адбылася дэрусіфікацыя… За адно пакаленне і назаўжды. Гэта яшчэ адна праява вашай самагубчай палітыкі».

Украінская ў плюс

Дадзеныя праведзенага ў сярэдзіне сакавіка сацыялагічнага даследавання паказалі: яшчэ ніколі ўкраінскае грамадства не было так згуртаванае вакол абароны ўкраінскай мовы. 76% украінцаў называюць украінскую сваёй роднай (дзесяць гадоў таму гэтая лічба складала 57%). А 83% апытаных лічаць, што ўкраінская павінна быць адзінай дзяржаўнай мовай у іх краіне.

Паварот украінцаў у бок украінскай мовы — феномен не апошняга месяца, кажа Бі-бі-сі дырэктар сацыялагічнай службы «Рэйтынг», якая праводзіла гэтае апытанне, Аляксей Анціповіч. У 2005 годзе, пасля перамогі «першага Майдана» і прыходу на прэзідэнцкі пост Віктара Юшчанкі, ягоныя апаненты ўсярэдзіне і за межамі Украіны загаварылі пра «гвалтоўную ўкраінізацыю» краіны.

Некаторыя крокі ў падтрымку ўкраінскай мовы і культуры тады сапраўды рабіліся, але ў сацыялагічным сэнсе яны прывялі хутчэй да мабілізацыі прыхільнікаў пашырэння сферы ўжывання рускай.

«Перамога Януковіча ў 2010 годзе азначала закручванне гаек для ўсяго ўкраінскага. І ківач пайшоў у іншы бок. У 2012 годзе, за год да «другога Майдана», мы фіксавалі рост колькасці людзей, якія называюць украінскую роднай, на пяць працэнтных пунктаў», — кажа сацыёлаг Анціповіч.

Любыя спробы абмежаваць сферу ўжывання ўкраінскай мовы ў апошнія гады сутыкаліся з масавымі пратэстамі ў цэнтры Кіева

У 2014 годзе, пасля ўцёкаў Януковіча, анексіі Крыма і пачатку канфлікту ў Данбасе, працягвае ён, гэтая колькасць вырасла яшчэ на дзесяць працэнтных пунктаў. Па-першае, тлумачыць Анціповіч, змянілася структура насельніцтва Украіны. «Чыста арыфметычна: мінус два мільёны выбаршчыкаў, якія жылі ў Крыме, мінус тры мільёны на акупаванай частцы Данбаса, — а гэта ў асноўным былі рускамоўныя людзі, якія падтрымлівалі рускую мову».

Па-другое, украінская ўлада — у тым ліку рэагуючы на грамадскі запыт — прыняла шэраг законаў аб падтрымцы ўкраінскай мовы. Украінская стала мовай адукацыі, рэкламы, друкаванай прэсы, сферы абслугоўвання — ва ўсялякім разе, фармальна. Квоты на мову былі ўсталяваныя для тэлебачання і радыё.

Насуперак чаканням скептыкаў, Уладзімір Зяленскі пасля прыходу на прэзідэнцкую пасаду не рабіў спробаў змяніць моўнае заканадаўства, і мяккая ўкраінізацыя працягнулася.

Падчас пераможнай для сябе прэзідэнцкай кампаніі Уладзімір Зяленскі абяцаў падрабязней прыгледзецца да моўных законаў, прынятых падчас прэзідэнцтва Пятра Парашэнкі, ужо пасля перамогі. На справе — палітыка мяккай украінізацыі ва Украіне працягвалася і пасля змены ўлады. Фота: GETTY IMAGES

«Пры гэтым колькасць людзей, якія пастаянна выкарыстоўваюць у побыце выключна ўкраінскую мову, у апошнія гады застаецца прыкладна на адным і тым жа ўзроўні — цяпер гэта каля 48%. Велізарныя змены мы фіксуем у іншым сегменце: за апошнія дзесяць гадоў [доля] выключна рускамоўных грамадзян Украіны паменшылася з 40% да 26% у канцы мінулага года і да 18% у пачатку вайны. Затое вельмі моцна вырасла колькасць людзей, якія адначасова выкарыстоўваюць у побыце і ўкраінскую, і рускую, — з 15% да 32%», — кажа Анціповіч.

Галоўны вынік падзей апошніх паўтара месяцаў — небывалая кансалідацыя ўкраінцаў вакол думкі аб тым, што толькі ўкраінская павінна быць дзяржаўнай мовай у іх краіне: гэты пункт гледжання дамінуе нават ва ўсходніх рэгіёнах Украіны.

«Аб намеры ў найбліжэйшай будучыні перайсці выключна на ўкраінскую заяўляюць каля траціны рускамоўных украінцаў і каля дзвюх трацін двухмоўных грамадзян краіны», — звяртае ўвагу Анціповіч.

#язабула

Ужо цяпер гэтыя трэнды можна заўважыць у сацсетках. Дзясяткі, калі не сотні карыстальнікаў «Ціктока» і «Instagram», якія дагэтуль публікавалі кантэнт на рускай, перайшлі на ўкраінскую. У «Ціктоку» нават з'явіўся спецыяльны хэштэг «язабула» (я забылася): ім карыстальнікі сацсеткі, якія перайшлі на ўкраінскую, адказваюць на пытанні каментатараў: маўляў, як жа так, ты ўсё жыццё гаварыла па-руску.

З пачаткам вайны перавяла свае сацсеткі на ўкраінскую адэская псіхолаг Анастасія Аляксеенка.

«На самай справе я лічу, што ў мяне дзве родныя мовы, і ўкраінская, і руская. Але для мяне важна, каб чалавек, які мяне чытае, асабліва цяпер, адразу разумеў, хто я і што я транслюю. Цяпер я транслюю безумоўную падтрымку сваёй дзяржавы», — кажа яна.

Вайна Расіі ва Украіне мела неспрыяльныя наступствы для рускай мовы ў тым ліку ў традыцыйна рускамоўных паўднёвых, прыморскіх рэгіёнах Украіны. Фота: GETTY IMAGES

Пасля гэтага пераходу ад аднаго з телеграм-каналаў, якія вядзе Анастасія, адпісаліся каля тысячы чалавек з шасці тысяч яго падпісчыкаў. Пра поўны пераход на ўкраінскую для Анастасіі гаворкі не ідзе: яна працягне мець зносіны па-руску з бацькамі і рыхтуецца да таго, што будзе надаваць псіхалагічную дапамогу бежанцам з усходнеўкраінскіх рэгіёнаў, у якіх цяпер працягваюцца баявыя дзеянні.

«А пакуль — я выдаліла рускую раскладку са свайго ноўтбука. У мяне макбук, і там гэтыя сцяжкі моў. Я зразумела, што мяне тупа раздражняе гэты «аквафрэш». Засталіся толькі англійская і ўкраінская. Цяпер, каб надрукаваць рускія літары, мне трэба націскаць дадатковыя клавішы, нязручна. Але хай лепш будзе так», — усміхаецца яна.

Алёна Жук, 33 гады, ілюстратар, тату-майстар, Кіеў, цяпер — вымушаная эміграцыя ў Германію:

Я была рускамоўнай з нараджэння. Мая мама з Расіі, тата з Украіны, але з рускамоўнай сям'і. Калі я пайшла ў першы клас, украінскай я не ведала ўвогуле. Для мяне гэта была абсалютна замежная мова, я не разумела, што мне казала настаўніца. Але я неяк вельмі хутка адаптавалася і потым увесь час была выдатніцай.

Потым я паступіла ў ВНУ, дзе працоўнымі мовамі былі ўкраінская і англійская, але ў побыце ўсё адно заставалася рускамоўнай. Мы з маім былым мужам, таксама рускамоўным, спрабавалі пераходзіць на ўкраінскую — проста каб ідэнтыфікаваць сябе са сваёй краінай.

Але ў нас не атрымлівалася, таму што мы гадамі былі разам па-руску, і калі мы пачыналі паміж сабой размаўляць па-ўкраінску, гэта здавалася вельмі штучным. Не тыя словы, не тая эмоцыя, гэта адчувалася чужародным і мы «забілі» на гэтую гісторыю.

Мы хіба што трохі пераходзілі на ўкраінскую за мяжой, каб не было, што мы from Russia, а канкрэтна from Ukraine. Раздражняла, што Украіну ведаюць толькі праз Чарнобыль і Шаўчэнку — таго, які футбаліст. Хацелася ўласным прыкладам паказаць, што мы — класная культурная еўрапейская краіна.

Пасля нараджэння дачкі мы і далей размаўлялі па-руску, але шмат чыталі па-ўкраінску, глядзелі па-ўкраінску мульцікі.

Кіяўлянка Алёна Жук перайшла на ўкраінскую не ў апошнюю чаргу дзякуючы дачцэ. Фота з архіва Алёны Жук

А потым неяк Алісе было чатыры, мы раніцой збіраліся ў садок, і яна сказала нейкае слова — цяпер ужо і не ўспомню, якое — якое было чымсьці вельмі сярэднім паміж украінскім і рускім, зусім няправільным.

Я выправіла яе і сказала: па-руску так, а па-ўкраінску так.

Яна пачала ў мяне пытацца пра новыя і новыя словы, і ў нейкі момант сказала мне: «А чаму ты не размаўляеш са мной як у садку, па-ўкраінску? Было б класна».

Кажу: ОК, выклік прыняты. Гэта значыць, у гэтым не было ніякай ідэалагічнай падкладкі, нейкай пазіцыі: проста гэтае рашэнне выспела ўва мне, мне вельмі падабалася, як я гучу па-ўкраінску, а тут яшчэ і дзіця папрасіла. Тады я зразумела, што для таго, каб з дзіцём размаўляць па-ўкраінску і не запінацца, было б класна цалкам перайсці на ўкраінскую.

І ўсё, з таго дня, як я сказала гэта Алісе, я пераходзіла на рускую літаральна некалькі разоў — з тымі, хто не ведае ўкраінскай зусім. Спачатку мне было нязручна, таму што я вельмі моцна тупіла. Я не магла падабраць слоў, я не магла хутка і дарэчна пажартаваць, а для мяне гэта вельмі важна.

Мяне гэта вельмі моцна прыгнятала, першыя некалькі тыдняў было вельмі цяжка і балюча — у мяне ад гэтага рэальна балела галава. А потым яно неяк паступова прайшло, і дзесьці месяцы праз тры мне прысніўся сон па-ўкраінску, і я прачнулася з думкай: о, мяне прынялі, цяпер я афіцыйна ўкраінскамоўная.

Я не адчувала, што ад пераходу на ўкраінскую я губляю частку сябе. Руская не была для мяне ні каштоўнасцю, ні элементам самаідэнтыфікацыі. Ну так, мама руская, але толькі па пашпарце, па месцы нараджэння. Мы не насілі дома какошнікі, не варылі «щей» — мы не пеставалі рускую культуру. Гэта проста быў даступны спосаб камунікацыі.

Пачатак вайны з Расіяй стаў вырашальным фактарам для многіх рускамоўных украінцаў у іх рашэнні перайсці на ўкраінскую

Меню на Дзень перамогі

«Нашым хатнім заданнем было падрыхтаваць меню на святочны стол з нагоды Дня перамогі ў вайне супраць Расіі», — кажа высокі барадаты мужчына сваім вучням: двум дзясяткам людзей, ад школьнікаў да пенсіянераў, якія сядзяць перад ім на крэселках.

Падзея адбываецца ў бібліятэцы ў цэнтры Каламыі, 60-тысячнага гарадка ў Івана-Франкоўскай вобласці, украінскамоўнай практычна на сто працэнтаў. Выкладчык — Артур Прайдакоў, настаўнік украінскай. Летась пра яго шмат пісалі пасля таго, як ён выйграў украінскую версію конкурсу Global teacher prize — тут яе называюць «Нобелеўскай» для настаўнікаў.

Пасля пачатку вайны ён выехаў з Кіева ў бяспечную Каламыю і пабачыў, што за ягоным прыкладам услед рушылі тысячы жыхароў Харкаўшчыны, Чарнігаўшчыны, Данбаса.

«У мясцовых каламыйскіх Фэйсбук-групах я ўбачыў, што шмат тутэйшых жыхароў звярталі ўвагу на тое, што многія перасяленцы размаўляюць на вуліцах горада па-руску, — кажа ён. — І я падумаў: можа, я дапамагу ім авалодаць мовай, каб яны маглі мець зносіны на ёй хоць бы ў крамах, іншых грамадскіх месцах. Бо я ведаю: людзі ўкраінскую разумеюць, ім проста цяжка гаварыць».

Прайдакоў ведае, пра што кажа. Ён нарадзіўся і вырас у Стаханаве, горадзе, цяпер падкантрольным самаабвешчанай «ЛНР». Ягоная першая мова — руская, а цалкам на ўкраінскую ён перайшоў толькі пасля таго, як выехаў адтуль восенню 2014 года.

Артур звярнуўся ў Каламыйскую гарадскую раду, там яму дапамаглі з рэкламай і памяшканнем — і вось ён праводзіць ужо трэці занятак для сваіх слухачоў.

На заняткі да Артура Прайдакова (крайні справа) прыходзяць людзі, якія прыехалі ў Каламыю з усёй Украіны

«Якая матывацыя людзей, якія прыходзяць да мяне на курсы і хочуць перайсці на ўкраінскую? Лепшая матывацыя — паглядзець на палітычную сітуацыю вакол сябе. Каб ніхто не прыходзіў нас абараняць ад чагосьці міфічнага, не прыдумляў абсурдных падстаў нападаць на нашу тэрыторыю», — кажа ён.

«Я жыў на Луганшчыне, у Сумскай вобласці, у Кіеве, цяпер тут. Для мяне відавочна, што там, дзе пануе ўкраінская мова, там пануе іншая ідэалогія і аб'яднаная вера ў будучыню тваёй дзяржавы… Цяпер у многіх рускамоўных людзей мяняюцца прынцыпы і стэрэатыпы. Яны не хочуць гаварыць па-руску, таму што гэта прыраўноўвае іх да тых рускіх, якія бамбяць нашы мірныя гарады і вёскі», — усміхаецца Артур.

Адна са студэнтак Прайдакова — 49-гадовая Святлана. Да вайны яна жыла ў Харкаўскай вобласці, яе гарадок трапіў пад бамбёжкі ў першыя дні ўварвання. На Заходняй Украіне ніколі не бывала: жыллё ў Каламыі знайшлі з мужам у інтэрнэце ўжо ў працэсе ўцёкаў з родных мясцін.

«З мэтай выяўлення дыверсантаў размаўляем выключна на ўкраінскай мове», — таблічкі з падобнымі надпісамі ў апошні час пачалі ўсё часцей з'яўляцца на вуліцах украінскіх гарадоў. Часцей за ўсё супрацоўнікі такіх устаноў кажуць, што гэта такі жарт

«Калі б мы святкавалі Дзень перамогі дома, намарынавалі б мяса і пайшлі на прыроду», — павольна падбіраючы словы, па-ўкраінску кажа яна. «А тут — падрыхтавалі б мясцовыя стравы: банош (кукурузная каша на смятане), паляндвіцу (вэнджанае свіное філе), галубцы — яны тут з квашанай капусты гатуюцца, а не з сырой, як у нас», — з бачнай палёгкай дачытвае «дамашку» Святлана.

Дома Святлана працавала бухгалтарам на аграфірме і ўкраінскай мовай, па сутнасці, не карысталася. Нават англійскую ведала лепш, чым украінскую.

Тое, што ўкраінскую мову Святлана любіць з дзяцінства, яна зразумела, толькі прыехаўшы ў украінскамоўную Каламыю

Прыехала ў Каламыю і зразумела, што ў украінскамоўным асяроддзі нават чуць рускую мову на вуліцах ёй трохі сорамна і непрыемна. Запісаліся з мужам на курсы Прайдакова, спрабуюць размаўляць па-ўкраінску дома. Цяпер муж знайшоў працу і на ўрокі не ходзіць — «на дыстанцыйным навучанні», смяецца яна, але хатнія заданні робіць і высылае настаўніку праз Тэлеграм.

«Я толькі тут зразумела, што ўкраінскую мову люблю з дзяцінства. Сорамна, што да гэтага яе не ведала. Думаю, у сям'і будзем працягваць мець зносіны на ўкраінскай і пасля вайны. Магчыма, мы б да гэтага і так прыйшлі, — проста вайна ўсё вельмі паскорыла», — кажа Святлана.

А пакуль што яна старанна паўтарае за Артурам Прайдаковым украінскія словы.

Адна з галоўных задач, якія ён ставіць перад сваімі вучнямі, — перастроіцца на ўкраінскае вымаўленне.

Фразы для перакладу на ўкраінскую для сваіх урокаў Артур Прайдакоў падбірае наўмысна

«Гук «ч» на ўкраінскай мове цвёрды. Паўтарайце за мной: ніч, піч», — клас хорам паўтарае. «Ч» практычна ва ўсіх вучняў мяккае, рускае. «Ну, ужо значна лепш», — уздыхае Артур.

Пытаюся ў яго, як ён думае, за колькі часу можна было б навучыць правільна вымаўляць слова «паляниця», напрыклад, Вольгу Скабееву.

«Ды думаю, пры належным жаданні студэнта за пару заняткаў можна выправіць. Але там жа не ў вымаўленні праблема, а ў псіхалогіі і разуменні геапалітычнай абстаноўкі ў свеце. Не ў «паляниці» справа», — адказвае Прайдакоў.

Што такое «паляниця»?

«Паляниця» — гэта такі пляскаты круглявы хлеб з пшанічнай мукі. Але ўсеагульную вядомасць гэтае слова набыло не таму.

«Паляниця» — гэта шыбалет. А шыбалет — гэта адначасова біблейскі і лінгвістычны тэрмін, які азначае характэрную маўленчую асаблівасць, па якой можна апазнаць чалавека, для якога тая ці іншая мова — не родная.

Паводле сюжэта з Кнігі Суддзяў, галаадыцяне, нанёсшы паразу сваім суседзям ефрамлянам, асцерагаліся, што прадстаўнікі прайграўшага калена Ізраілевага змяшаюцца з мясцовым насельніцтвам і змогуць пазбегнуць справядлівага, на думку галаадыцянаў, пакарання. Таму пераможцы занялі пераправу праз Іардан і прымушалі ўсіх ахвотных пераправіцца на іншы бераг вымавіць фразу са словам «шыбалет» (паток).

У дыялекце габрэйскай мовы, якім карысталіся ефрамляне, не было гуку «ш», таму тых падарожнікаў, якія прамаўлялі фразу на ефрамлянскі манер — «сыбалет», тут жа забівалі.

«І загінула тым часам з ефрамлян сорак дзве тысячы», — канстатуе Біблія.

Малюнак пра тое, як салдат Узброеных сілаў Украіны правярае падазронага мужчыну на блокпасце, сямігадовы Кірыл, уцякач з бацькамі ад жахаў вайны з-пад Кіева, намаляваў у адной з варшаўскіх гасцініц

У гады Другой сусветнай вайны — і гэта зафіксаваны факт — савецкія салдаты прымушалі падазроных грамадзян выразна вымавіць слова «дорога». Немцы нібыта з такім шыбалетам не спраўляліся: яны казалі «торока», чым выдавалі сваё паходжанне.

Сёння распаўсюджаная ва Украіне гарадская легенда абвяшчае, што нямала расійскіх дыверсантаў былі выкрытыя на блокпастах Узброеных сілаў менавіта таму, што не здолелі вымавіць «паляницю» правільна. Маўляў, нават рускамоўныя ўкраінцы, калі напружацца, то вымавіць гэта слова могуць. Рускія — ні за што.

«Сакрэт «паляниці» — у тым, што ўкраінскі гук Ы абсалютна адрозніваецца ад рускага. Ён фарміруецца ў зусім іншай частцы маўленчага апарата, і нават у транскрыпцыі абазначаецца іншым значком. А мяккі гук Ц — гэта старажытнае адрозненне ўкраінскай ад усіх астатніх славянскіх моў.

Калі гэтыя два фактары накладаюцца адзін на адзін, то для людзей, якія не з'яўляюцца носьбітамі ўкраінскай, пачынаюцца вялікія праблемы», — гаворыць Бі-бі-сі мовазнаўца, намеснік дырэктара Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Украіны Аляксандр Скапненка.

Украінская руская

Уласна, па праблемах з вымаўленнем часта можна вызначыць, што ўкраінская для таго, хто гаворыць на ёй — не родная.

Стаўленне да такіх людзей ва ўкраінскім грамадстве неадназначнае. Нехта аддае належнае намаганням гаварыць і дапамагае яму справіцца з непакорлівай мовай. Для кагосьці гэта прадмет жартаў і кпінаў.

Да вайны слова «паляниця» часта выкарыстоўвалася ва Украіне ў жартаўлівым кантэксце. Зараз жарты з ім сталі больш жорсткімі

«Хітом» такога роду «кпінаў» з'яўляецца параўнанне з былым прэм'ер-міністрам Украіны Мікалаем Азаравым. Ураджэнцу Калугі, які большую частку жыцця пражыў у цалкам рускамоўных Маскве, Туле і Данецку, украінская давалася вельмі цяжка. Некаторыя словы і фразы, сказаныя экс-прэм'ерам, да гэтага часу ўспамінаюцца ўкраінцамі са смехам.

Зрэшты, палітыкаў, якія мелі праблемы з украінскай, у Кіеве хапала і без Азарава. Адзін з самых вядомых іх прадстаўнікоў —былы міністр унутраных спраў краіны, які доўга лічыўся адным з самых магутных людзей Украіны, Арсен Авакаў. Многія каментатары папракалі яго ў нежаданні размаўляць па-ўкраінску.

Летась Авакаў адказаў сваім нядобразычліўцам калонкай, у якой заявіў, што ў Расіі няма манаполіі на рускую мову, а на тэрыторыі Украіны сфармавалася адмысловая версія рускай, «на якой мы будзем чытаць нашых класікаў, пісаць нашы кнігі і спяваць нашы песні».

Ці можна казаць пра асаблівы варыянт рускай мовы — падобна да амерыканскай англійскай, адказвае мовазнаўца Аляксандр Скапненка.

«Адрозненні рускай мовы, на якой размаўляюць ва Украіне, ад той, якая ўжываецца ў Беларусі ці Расіі, несумненныя. Напрыклад, ва Украіне замест рускага (выбуховага) Г паўсюдна ўжываецца фарынгальны Г. Замест рускага «что» ўжываецца «шо». Ёсць спецыфічныя лексемы: напрыклад, абсалютная большасць рускамоўных украінцаў ужываюць слова «буряк», і толькі адзінкі называюць гэтую гародніну «свёклой», — кажа Скапненка.

«Але гэтага мала для таго, каб сцвярджаць пра наяўнасць асобнага варыянту мовы. Для гэтага ён павінен быць кадыфікаваны. Павінны з'явіцца слоўнікі. Павінна быць літаратура на гэтай мове. Гаворка ідзе пра каласальныя шматгадовыя намаганні навукоўцаў, пісьменнікаў, журналістаў. А галоўнае — носьбіты гэтай мовы павінны ўсвядоміць сваю асобнасць ад моўнай метраполіі, развіваць менавіта свой варыянт мовы і не арыентавацца на правілы, устаноўленыя мовазнаўчымі ўстановамі Расійскай акадэміі навук», — працягвае ён.

Штучна стварыць і кадыфікаваць «украінскую рускую», ператварыўшы яе ў літаратурную мову, таксама не атрымаецца, перакананы Скапненка. Па-першае, кажа ён, у кожнай літаратурнай мовы павінен быць свой цэнтр фармавання. А руская ў Харкаве відавочна адрозніваецца ад рускай у Адэсе ці Кіеве. І які варыянт тады кадыфікаваць?

А па-другое, працягвае ён, у літаратурнай мове не можа быць дзясяткаў варыянтаў нормы. То-бок для таго, каб гаварыць пра наяўнасць асобнага варыянту мовы, усе носьбіты ўкраінскай рускай — ад простага рабочага да пісьменніка — павінны адмовіцца ад «что» на карысць «шо» і ад рускага выбухнога «г» на карысць украінскага. А што тады рабіць з тымі, хто не захоча «шокаць», пытаецца мовазнаўца.

Таму, рэзюмуе ён, ні пра якую асобную ўкраінскую рускую з навуковага пункту гледжання гаворкі не вядзецца, а большасць рускамоўных жыхароў Украіны выкарыстоўваюць «гутарковую рускую мову з пэўнымі характэрнымі элементамі, якія з'явіліся ў ёй у выніку ўплыву на яе ўкраінскай мовы».

Любіць Украіну па-руску

Тым не менш, сярод украінцаў заўсёды было даволі шмат людзей, якія лічаць, што ні выкарыстанне ўкраінскай мовы ў побыце, ні ўменне правільна вымавіць слова «паляниця» не з'яўляюцца самадастатковымі прыкметамі патрыятызму або любові да Украіны.

Аж да апошніх дзён адным з самых захапляльных сюжэтаў украінскага спартыўнага жыцця (раз ужо на час ваеннага становішча правядзенне ўсіх спартыўных спаборніцтваў у краіне замарожана) было абмеркаванне палітычнай пазіцыі шматгадовага капітана ўкраінскай футбольнай зборнай, легенды данецкага «Шахцёра» (і піцерскага «Зеніта») Анатоля Цімашчука.

Да вайны Анатоль Цімашчук (у цэнтры) лічыўся эталонам патрыятызму ў спорце. Сёння яго маўчанне з нагоды агрэсіі і праца ў піцерскім «Зеніце» ператварылі яго ў галоўнага антыгероя ўкраінскага футбола. Фота: GETTY IMAGES

Да пачатку вайны ён, ураджэнец заходнеўкраінскага Луцка, быў эталонам патрыятызму. Гэта ён выходзіў на матчы чэмпіяната свету-2010 у жоўта-блакітнай павязцы ў валасах, выносіў украінскі сцяг на поле пасля пераможнага для «Зеніта» матча за Суперкубак УЕФА, наведваў параненых на Данбасе ўкраінскіх байцоў.

Пасля ўварвання Расіі ва Украіну Цімашчук, які цяпер уваходзіць у трэнерскі штаб «Зеніта», не рабіў ніякіх публічных заяваў. І гэтае маўчанне ва Украіне чулася вельмі гучна: мясцовая федэрацыя футболу пазбавіла яго трэнерскай ліцэнзіі і выключыла з афіцыйнага рэестра гульцоў зборнай — за прычыненне шкоды іміджу ўкраінскага футболу.

А ледзь не галоўным апанентам Цімашчука ў публічнай прасторы стаў яшчэ адзін былы футбаліст зборнай Украіны, экс-паўабаронца кіеўскага «Дынама» і маскоўскага «Лакаматыва», ураджэнец Хабараўска Аляксандр Аліеў. Гэта ён не так даўно называў украінскі і рускі народы брацкімі, а цяпер — запісаўся ў тэрабарону і рэгулярна з'яўляецца ў жывых уключэннях украінскіх тэлеканалаў з аўтаматам Калашнікава на плячы.

Выпадак Аліева — не адзінкавы. Нямала назіральнікаў сцвярджаюць, што доля рускамоўных украінцаў ва Узброеных сілах Украіны вельмі высокая. І гэта, мабыць, найлепшы адказ на адну з заяўленых мэтаў «спецаперацыі», ініцыяванай Уладзімірам Пуціным: імкненне абараніць правы рускамоўнага насельніцтва.

Вынікі сацдаследавання групы «Рэйтынг» ад сакавіка гэтага года паказалі, што толькі 2% украінцаў лічаць, што мэтай уварвання Расіі была абарона рускамоўных грамадзян Украіны.

Іван Сіяк, 41 год, былы капірайтар, цяпер — баец тэрабароны Кіева:

У мяне цалкам рускамоўная сям'я. Усе вядомыя мне сваякі і з мамінага боку, і з татавага, гавораць на рускай. У маім родзе былі людзі, якія гаварылі на ўкраінскай, але я іх не ведаў.

З чатырох да дванаццаці гадоў я жыў з бацькамі ў Амурскай вобласці, яны будавалі БАМ. Натуральна, там вакол была руская мова. Я вярнуўся ў Кіеў адразу ў сёмы клас, у украінскамоўную школу — ну, і вывучыў украінскую.

У мяне, па-мойму, ніколі не было ўкраінскамоўнай дзяўчыны. Мая жонка, з якой мы жылі 15 гадоў, рускамоўная. Мой сын Нестар, яму сем гадоў, гаворыць на рускай мове. Практычна ўсе мае сябры рускамоўныя. У Кіеве ў установах я размаўляю па-руску, нават калі афіцыянты або прадаўцы звяртаюцца да мяне на ўкраінскай, таму што я ведаю, што яны мяне разумеюць.

Баец тэрабороны Кіева Іван Сіяк ведае ўкраінскую, але не лічыць патрэбным пераходзіць на яе нават пасля вайны

Пры гэтым стаж маёй працы журналістам, рэдактарам, капірайтарам — усё, што звязана з тэкстамі — больш за дваццаць гадоў, і ўвесь гэты час я пісаў і на рускай, і на ўкраінскай.

Апошнім часам усё часцей на ўкраінскай, і ніколі гэта не было праблемай. Часта я нават не магу ўспомніць, на якой мове я рабіў той ці іншы праект. Мовы ў мяне абсалютна ўзаемазаменныя, хоць мая руская, вядома, лепшая за кошт таго, што я ёй пастаянна карыстаюся.

На вайну я пайшоў добраахвотнікам. Фармальна я баец батальёна тэрабороны, фактычна — трэнер па эвакуацыі параненых у цэнтры, дзе навучаюць салдат і паліцэйскіх навыкам тактычнай медыцыны.

У медыцынскае падраздзяленне трапіў выпадкова — пайшоў у ваенкамат са знаёмым хірургам. Яго адарвалі з рукамі, я ішоў «у камплекце». Навучыўся ўсяму, чым я тут займаюся, ужо тут, на месцы.

Цяпер свае заняткі ў трэнінгавым цэнтры я вяду на ўкраінскай, хоць большасць салдат, якіх я навучаю, маюць зносіны паміж сабой па-руску. Але я адчуваю сябе прадстаўніком УСУ і таму гавару на дзяржаўным мове. Калі вайскоўцы задаюць мне пытанне на рускай, адказваю па-руску, вядома.

Руская мова — гэта для мяне проста сістэма атрымання і перадачы інфармацыі голасам. Я не будую сваю ідэнтычнасць на рускай мове — я палітычна ўкраінец, які мае права ў прыватным жыцці карыстацца той сістэмай перадачы інфармацыі, якая яму зручная.

Я згодзен з тым, што ўкраінская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай. Але пры гэтым я лічу, што многія палажэнні моўнага заканадаўства несправядлівыя да моўных меншасцяў, да якіх я сябе адношу. Я лічу, напрыклад, што немагчымасць адкрыць прыватную школу ці садок, дзе заняткі будуць на рускай мове, — гэта няправільна, і гэта ўціскае правы рускамоўных.

Яшчэ з 2014 года я ўвесь час спрачаўся з людзьмі, якія лічаць, што гэта рускамоўныя вінаватыя ў тым, што Пуцін напаў на Украіну, таму што нібыта яму патрэбна была падстава — абарона нас ад прыгнёту. Я стаміўся гэта рабіць і спадзяюся, што гэтая тэма будзе закрытая, бо для вайны-2022 былі выкарыстаныя іншыя, але такія ж недарэчныя падставы — неабходнасць нас дэнацыфікаваць або дэмілітарызаваць.

Трэнінгі па тактычнай медыцыне Іван Сіяк (з чалавекам на плячы) праводзіць па-ўкраінску, але на зададзеныя па-руску пытанні адказвае па-руску

А разбурэнне рускай арміяй галоўных рускамоўных рэгіёнаў Украіны паказвае, што ні пра якую рэальную абарону рускамоўных гаворкі не ідзе і трэба менш звяртаць увагі на тое, што ****** (брэша) Уладзімір Пуцін.

Навязваць любыя рашэнні адносна мовы ў будучыні свайму сыну я не збіраюся. У яго, напэўна, будзе лепшая ўкраінская, чым у мяне: ён тры гады правёў ва ўкраінскамоўным садку, цяпер два класы правучыўся ва ўкраінскамоўнай школе. Цяпер ён у Францыі. Калі ўсё будзе дрэнна, магчыма, французская стане ягонай роднай мовай.

Калі мы пераможам, я буду жывы, а яны змогуць вярнуцца, тады вельмі можа быць, што з-за ўздыму патрыятычных настрояў ва Украіне з часам ён захоча перайсці на ўкраінскую мову.

Я разумею, што становішча рускай мовы ў Украіне пасля гэтай вайны пагоршыцца. Гаварыць на ёй у некаторых сітуацыях стане нязручна, непрыстойна, непрыгожа. Вырасце варожасць у дачыненні да рускамоўных — сто працэнтаў.

Сам я ў прыватным жыцці, у побыце на ўкраінскую пераходзіць не збіраюся. Лічу, што гэта мая асабістая справа, я хачу рабіць так, як лічу патрэбным, і не лічу, што выкарыстанне рускай мовы робіць мяне горшым грамадзянінам Украіны.

Напад Расіі на Украіну стаў вырашальным фактарам яе імклівай украінізацыі, кажуць сацыёлагі. Фота: GETTY IMAGES

Якая будучыня чакае рускую мову ва Украіне?

Сацыёлаг Аляксей Анціповіч упэўнена кажа пра «надзвычай хуткую, імклівую ўкраінізацыю Украіны».

«Моўнае пытанне ва Украіне, па вялікім рахунку, было вырашана ўцёкамі Януковіча і пуцінскай агрэсіяй у 2014 годзе», — кажа ён, маючы на ўвазе, што менавіта тады быў дадзены старт незваротным тэндэнцыям павелічэння папулярнасці ўкраінскай мовы і росту колькасці прыхільнікаў яе статусу як адзінай дзяржаўнай.

«Вайна проста паскорыла гэты працэс украінізацыі. Я не ведаю, колькі гадоў у сацыялагічным сэнсе ўціснулася ў гэтыя паўтара месяца», — кажа Анціповіч.

А найлепшым адказам на моўнае пытанне ў сучаснай Украіне могуць служыць іншыя лічбы з даследавання ягонай групы. Толькі 12% украінцаў лічаць, што моўнае пытанне з'яўляецца сур'ёзнай праблемай, пагрозай для ўнутранай бяспекі і міру ва Украіне.

67% — (большасць ва ўсіх узроставых, геаграфічных і моўных групах рэспандэнтаў) перакананыя, што паміж украінскамоўнымі і рускамоўнымі грамадзянамі Украіны ніякіх праблем не існуе.

Nashaniva.com