Святлана Ціханоўская растлумачыла, чаму хоча ўдзельнічаць у перамовах па Украіне
Святлана Ціханоўская заявіла, што ва ўкраінска-расійскіх перамовах важны ўдзел Беларусі. У інтэрв'ю Zerkalo.io яна патлумачыла, што можа прапанаваць на перамовах і якіх гарантый чакае для Беларусі.
13.04.2022 / 16:17
«Мы павінны аднавіць суверэнітэт і бяз'ядзерны статус Беларусі, якіх краіну пазбаўляе рэжым. Таксама наша задача — вярнуць мір у Беларусь і ўвесь рэгіён і надаць гэтаму міру ўстойлівасць, — мяркуе Святлана Ціханоўская. — Для гэтага расійскія войскі без усялякіх дадатковых умоў павінны пакінуць тэрыторыю нашай краіны раз і назаўжды. Мы будзем таксама дамагацца вызвалення ўсіх зняволеных, кінутых за краты па палітычных матывах, і прыцягнення вінаватых да адказнасці, а таксама правядзення сумленных выбараў. Толькі пераход да дэмакратыі можа гарантаваць, што ў Беларусі больш не будуць саджаць за іншае меркаванне».
Ціханоўская сказала, што на перамовах у першую чаргу Беларусь можа быць надзейным партнёрам і саюзнікам, выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы, быць гарантам бяспекі і донарам міру, а не вайны.
На яе думку, патрэбная ўпэўненасць, што Беларусь не стане разменнай манетай у нейкіх геапалітычных разліках.
«Нам трэба ведаць, што Беларусь захавае свой суверэнітэт, а расійскія войскі выйдуць з краіны. Наша краіна зацікаўленая ў свабоднай, дэмакратычнай Украіне. Роўна гэтак жа Украіна разумее, што яе будучыня залежыць ад таго, ці будуць у Беларусі гаспадарыць расійскія войскі», — мяркуе Святлана Ціханоўская.