Мастачка з Пецярбурга замяніла цэннікі ў краме на ўлёткі пра Марыупаль. Ёй пагражае да 10 гадоў

Піцерскую мастачку Сашу Скачыленка адправілі за краты да 1 чэрвеня чакаць суда па крымінальнай справе аб замене цэннікаў у краме на ўлёткі з інфармацыяй пра дзеянні расійскіх вайскоўцаў у Марыупалі.

13.04.2022 / 15:24

Ёй пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі за «распаўсюджванне фэйкаў пра расійскія узброеныя сілы па матывах палітычнай варожасці».

Суд аб меры стрымання ішоў пяць гадзін. Суддзя па патрабаванні следчых вырашыла правесці пасяджэнне ў закрытым рэжыме.

«Я не чакала такой падтрымкі, што столькі людзей прыйдзе. Мяне абвінавачваюць у тым, што я раблю нешта дрэннае, калі выступаю за мір, але падтрымка людзей паказвае, што гэта не так», — сказала Скачыленка былым калегам.

На жанчыну данесла пакупніца крамы. Мастачка прызнала факт распаўсюджвання ўлётак, але інфармацыю ў іх ілжывай не лічыць.

Дагэтуль за такія акцыі ў крамах у Пецярбурга і іншых гарадах затрымлівалі актывістаў, але ім ставілі ў віну не крымінальны, а адміністрацыйны артыкул аб дыскрэдытацыі войска.

Nashaniva.com