«Тэхніка не едзе, забеспячэння талковага няма». Якія хібы паказала расійская армія ва Украіне

Расійская армія — другая па ваеннай моцы ў свеце, вынікае з рэйтынгу Military Strength Ranking, аднак бліцкрыг ва Украіне праваліўся. Украіна заяўляе, што яе ўзброеныя сілы разбурылі міф пра непераможнасць расійскай арміі. Аналітыкі Conflict Intelligence Team распавялі «Важным гісторыям» пра галоўныя праблемы расійскага войска, якія сталі заўважныя ў першыя месяцы ўварвання. 

13.04.2022 / 14:45

Фота: АР

Некамплект асабовага складу

За паўтара месяца вайны мы даведаліся пра татальны некамплект асабовага складу. Арміі даводзіцца ісці на ўсялякія хітрыкі, каб сфармаваць батальённыя тактычныя групы, якія па штаце павінны быць, дапусцім, 600 чалавек, а па факце прысутнічае 400 чалавек. Альбо пасылаць у бой салдат тэрміновай службы, альбо набіраць людзей зусім не баявых спецыяльнасцяў.

Прычыны — яшчэ ў мірным часе. Справа ў тым, што гістарычна яшчэ савецкая армія заўсёды рыхтавалася да Вялікай вайны (умоўна кажучы, з НАТА), пры якой будзе мабілізацыя. Затым рэформы Анатоля Сердзюкова (міністр абароны Расіі ў 2007-2012 гадах. — Прым. рэд.) павінны былі ператварыць войска з вялікага, якое рыхтуецца да вайны з НАТА, у больш кампактнае і прафесійнае, прыдатнае да лакальных канфліктаў, як вайна з Грузіяй (у 2008 годзе Расія адарвала ад Грузіі Абхазію і Паўднёвую Асецію. — Прым. рэд.). Для гэтага нарасцілі колькасць кантрактнікаў: напрыклад, паветрана-дэсантныя войскі былі ў асноўным пераведзеныя на кантракт. Але ў 2012 годзе звольнілі Сердзюкова, а ў 2014-м не стала грошай, каб плаціць кантрактнікам вялікія заробкі, і рэформа атрымалася палавіністай.

У выніку многія часткі і злучэнні, напрыклад, мотастралковыя, камплектуюцца ў большай ступені срочнікамі, якія менш баяздольныя і горш навучаныя, чым кантрактнікі. 

Гэтыя салдаты тэрміновай службы запаўнялі тыя ваенныя спецыяльнасці, якія было нерацыянальна запаўняць кантрактнікамі па нейкіх прычынах, напрыклад, па фінансавых. Умоўны кіроўца бензавоза на грамадзянцы можа атрымліваць ад 50 тысяч рублёў. Але армія не хоча плаціць яму 50 тысяч, таму што бензавозаў шмат, і ў арміі будуць вялікія выдаткі. Таму лепш узяць салдата тэрміновай службы і пасадзіць яго за руль бензавоза, плаціць яму нічога асабліва не трэба. Падобная сітуацыя са стралкамі — іх таксама, як і вадзіцеляў, можна навучыць спецыяльнасці за некалькі месяцаў. І ў вельмі многіх часцях усе ці амаль усе пасады стралкоў, каб не плаціць грошы, проста запаўняюць срочнікамі.

Меркавалася, што калі трэба будзе кагосьці паслаць у Сірыю ці на Данбас, то туды адправяцца адборныя часці, якія цалкам укамплектаваныя кантрактнікамі, таму што ў маленькім канфлікце гэта заўсёды можна зрабіць.

І войска Расіі ў такіх маленькіх канфліктах вельмі нядрэнна сябе паказвала.

А ў гэтай вайне сітуацыя іншая: войска не рыхтавалася да вайны, хоць на паперы ствараліся новыя дывізіі. Але рэальна не было такой колькасці кантрактнікаў, каб запоўніць усе гэтыя вакансіі ў новых дывізіях, якія ствараюцца на мяжы з Украінай. І ў выніку аказалася, што Расія пасылае на «вучэнні» групу, якая на палову запоўненая салдатамі тэрміновай службы, і гэтыя салдаты тэрміновай службы дрэнна навучаныя і матываваныя.

Пуціну, напэўна, дакладвалі, што ніякія срочнікі мяжу не перасякалі, але потым ужо стала немагчыма адмаўляць. І Мінабароны афіцыйна прызнала, што асобныя выпадкі адпраўкі салдат тэрміновай службы ёсць, і адклікала іх з фронту, таму што ў палітычным сэнсе страты салдат тэрміновай службы — гэта ўсё ж такі непрыемна. Ад гэтага механізаваныя злучэнні вельмі моцна страцілі ў баяздольнасці. 

Недахоп ракет і дрэнная разведка

У авіяцыі і супрацьпаветранай абароне (СПА) Расія павінна была мець перавагу.

Тое, што адбылося з Марыупалем, — масавае ўжыванне артылерыі і авіяцыі — гэта тыповая расійская стратэгія. І яна ж выклікае, мабыць, большасць ваенных злачынстваў, усе гэтыя разбурэнні — элемент расійскай ваеннай стратэгіі. Так было ў Чачні, так было ў Сірыі, па-іншаму расійскае войска ваяваць не навучылася.

Але мы чакалі значна большага эфекту ад масавых ракетных удараў. Так, яны дасягалі пэўных мэтаў, была знішчаная значная частка ўкраінскай СПА, але не ўся.

І калі краіны NATO, калі пачыналі такія аперацыі, праводзілі вельмі працяглыя ракетныя бамбардзіроўкі, то Расія проста не змагла сабе гэта дазволіць праз колькасць ракет, якія ёсць у наяўнасці. Са сваёй задачай — здушыць і знішчыць украінскія СПА, авіяцыю, камандаванне — расійскія ракетныя ўдары і авіяцыя да канца не справіліся, і стратэгічнае панаванне ў паветры заваяваць не ўдалося.

Фота: АР

У расійскай арміі вялікія праблемы з разведкай цэляў.

Мы падазраём, што цэлі вызначаюцца па нейкіх старых даных, якія былі актуальныя ў лепшым выпадку да 2014 года, а ў горшым — гэта яшчэ савецкія даныя.

На працягу вайны мы неаднаразова назіралі паведамленні ў сацыяльных сетках, падмацаваныя фота і відэа, што ўдар магутнай ракетай нанесены па месцы, дзе калісьці быў ваенны аб'ект, але яго даўно ўжо там няма. Напрыклад, яны два разы білі ў Мікалаеўскі порт «Ольвія», які ўжо даўно перастаў быць вайсковым, а выкарыстоўваецца цяпер для грузавых перавозак.

Дрэнная каардынацыя і сувязь

Перад вайной чакалася, што Расія будзе паспяхова кіраваць сваімі батальённымі тактычнымі групамі, якія пакажуць значную эфектыўнасць. Так было ў 2014-2015 гадах, мы судзілі па падзеях у Ілавайску і Дэбальцаве (два выпадкі, калі расійскае войска ўваходзіла на тэрыторыю Украіны, у абодвух справа сканчалася разгромам украінскай групоўкі. — Прым. рэд.).

А ўбачылі абуральную адсутнасць каардынацыі паміж рознымі відамі войскаў. Як прыклад можна прывесці Адэсу, калі марпехі пайшлі па зямлі, і іх разграмілі каля Баштанкі, а адначасова з гэтым дэсантнікі чамусьці прыляцелі ў Адэсу і пачалі там высаджвацца, не дачакаўшыся падыходу сіл па зямлі. Каардынацыі не адбылося — і тыя, і іншыя пацярпелі паразу.

Яшчэ адзін прыклад — паход кузбаскага АМАП на Кіеў. Мы так разумеем, што ім проста далі загад такога чысла ў столькі высунуцца на Кіеў і навесці там «канстытуцыйны парадак».

Фота: АР

Чакалася, што дэсантнікі паспяхова зоймуць аэрадром у Гастомелі, туды сядзе яшчэ дэсант, гэты дэсант ўвойдзе ў горад, і АМАП ужо следам за ім туды пойдзе і дапаможа падтрымліваць парадак. А ў выніку дэсант нічога не ўзяў, ён займаўся тым, што сутаргава абараняў аэрапорт, не маючы магчымасці нават захапіць ўзлётную паласу, каб пасадзіць там што-небудзь расійскае.

Тым часам АМАП паехаў і быў спалены на мосце праз Ірпень. Мабыць, амапаўцам ніхто не сказаў, што Кіеў не зачышчаны, яны проста выконвалі той загад, які ім быў дадзены. Альбо пра іх забыліся, альбо з імі не ўдалося звязацца. Факт у тым, што яны выконвалі дадзены ім раней загад, хоць ён страціў ужо ўсялякі сэнс і стаў самагубным.

Яшчэ адна праблема — у адсутнасці адзінага камандавання аперацыяй. Дагэтуль расійскія вайсковыя акругі выступалі паасобку, без сур'ёзнай каардынацыі. Заходняя ваенная акруга наступала на Кіеў, Цэнтральная — на Чарнігаў, Заходняя — на Сумы і Харкаў, Паўднёвая дзейнічала на поўдні Украіны і ў Данбасе. Толькі цяпер з'яўляецца чалавек, які ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва на досыць абмежаваным участку, куды перамяшчаецца аперацыя: поўдзень Украіны і Данбас (8 красавіка стала вядома, што камандуючым аперацыяй прызначаны генерал Аляксандр Дворнікаў. — Прым. рэд.).

Нізкі ўзровень ваенных навыкаў

Адна з галоўных прычын, чаму у расіян такая дрэнная каардынацыя, — гэта няўменне працаваць з сувяззю на ўзроўні салдат і камандзіраў падраздзяленняў. Ім далі сродкі абароненай сувязі, але не ўсе яны спраўныя, і ніхто карыстацца імі не ўмее. На вучэннях гэта не правяралася, у мірны час ёсць мабільны тэлефон, якім заўсёды можна скарыстацца. І атрымліваецца, што штаб, які дзесьці там у тыле, не ведае, дзе салдат і якія ў яго абставіны цяпер. І салдат не можа атрымаць каманду, што яму далей рабіць.

Фота: АР

Што тычыцца каардынацыі аператыўна-стратэгічнай, дзе сувязь працуе нармальна: да такой вайны войска не рыхтавалася.

Калі і былі нейкія вучэнні, яны былі зрэжысаваныя, як у тэатры.

У нас кожныя чатыры гады праводзяцца стратэгічныя вучэнні, але ў гэтыя стратэгічныя вучэнні ўключалі толькі адну з акруг. Не было такога, каб дзве акругі [вучыліся ваяваць] супраць, дапусцім, дзвюх [іншых] акруг.

Ёсць навыкі, якія маюць вялікае значэнне для баяздольнасці арміі, але іх складана праверыць. Напрыклад, наколькі дакладна ў сярэднім байцы страляюць.

У расійскай — а да гэтага ў Савецкай Арміі — быў вельмі распаўсюджаны мухлёж, каб былі выдатныя справаздачы аб тым, што войскі добра страляюць. Але на самой справе гэтыя мішэні знішчаюць снайперы, якія дзесьці ў іншым месцы сядзяць. Гэта і цяпер ёсць.

Мы камунікуем з салдатамі, і яны распавядаюць пра канкрэтныя прыклады, як яны гэта ўсё арганізоўваюць, каб на праверках атрымаць нармальны вынік. А па факце ніхто нічога не ўмее.

Вінаватая таксама інстытуцыянальная карупцыя. Карупцыя [у войску] выяўляецца не толькі ў грошах, але і ва ўсякіх званнях.

Гэта значыць, і вучэнні, і паездкі ў Сірыю — дзеля зорачак, медаляў, таму што гэта павышае твой аклад і іншае. Калі праводзяць вучэнні, няма мэты ўсё рэальна адпрацаваць і навучыцца, а ёсць мэта атрымаць чарговае званне або прэмію.

Нізкая якасць экіпіроўкі і забеспячэння

Украінцы кажуць, што ў іх тэрытарыяльная абарона апранутая лепш. Гэта залежыць ад часткі. У Расіі ёсць спецназ, які больш-менш экіпаваны.

Ёсць праблема, напрыклад, з зімовай формай. Яна зробленая з матэрыялу, які лёгка гарыць і не вельмі добра ізалюе цяпло, затое гэта танна.

Фота: AP

Абмундзіраванне патрэбнае на мільённую армію, і на чымсьці даводзіцца эканоміць — вось і эканомяць на экіпіроўцы ў тым ліку. Як распавядаў наш знаёмы салдат, [у такой зімовай форме] ледзь-ледзь падпаленай саляркі на цябе патрапіць, яна ўспыхне, і ты, як запалка, маментальна згараеш.

Вядома мноства выпадкаў, калі расійскія вайскоўцы здымалі з мёртвых або з палонных ўкраінскія зімовыя берцы — расійскіх такіх няма.

Ёсць праблема з такім ваенным абсталяваннем, якое заходнія краіны пастаўлялі Украіне ў папярэднія гады: бронекамізэлькамі, каскамі, прыцэламі, перавязачнымі пакетамі і да т.п.

Напрыклад, ноччу на фронце ў атаку ніхто не пойдзе, таму што ноччу ні халеры не відаць. А ўкраінскія войскі, да нейкай ступені экіпаваныя прыцэламі начнога бачання, могуць дазволіць сабе весці баявыя дзеянні ў цемры. У Расіі яны ёсць толькі ў спецназа.

Аптэчкі ў расійскіх салдат 1970-х гадоў, у іх ёсць бінт, абязбольвальныя, і ўсё. Гэта адбываецца таму, што сучасная аптэчка каштуе прыстойных грошай, а савецкая аптэчка ўжо ёсць на складзе, яе не трэба купляць, ваяваць-та ўсё роўна войска не планавала. Такая аптэчка не бескарысная, але яна значна горшая за тое, што ёсць у украінцаў. У выніку мы маем суадносіны забітых і параненых прыкладна адзін да трох, як у першай чачэнскай (для параўнання: у ЗША ў В'етнаме было адзін да пяці, у Іраку — адзін да васьмі).

Украінская армія значна больш паспявае выратаваць параненых да таго, як яны памруць. У іх ёсць сучасныя крываспынныя, у іх адпрацаваная працэдура эвакуацыі параненых: усё-ткі ўкраінская армія, так ці інакш, ваявала восем гадоў.

Дзіўна, але расійская армія апынулася ў становішчы ўкраінскай 2014 года. Аказалася, што ў іх нічога не гатова, тэхніка не едзе і забеспячэння нармальнага таксама няма. Нават ежу ў недастатковых колькасцях пастаўляюць, частка — пратэрмінаваная.

Нізкі баявы дух

Салдаты расійскай арміі аказаліся недастаткова матываванымі.

Да 24 лютага ў войску думалі, што гэта толькі вучэнні, і яны вось-вось паедуць дадому. У першыя дні яны ўсвядомілі, што пачалася вайна, але думалі, што ўсё ж такі расійскае войска вялікае і магутнае, «зараз хуценька пракоцімся, і перамога наша». Але аказалася, усё не так: няма ні забеспячэння, ні сувязі, артылерыя ірве на кавалкі, усё дрэнна.

Праблема ў тым, што не было мэтанакіраванай падрыхтоўкі да вайны, салдат не матывавалі на вайну. Іх вадзілі арганізавана кожны тыдзень глядзець «Першы канал» і патрыятычныя фільмы, але ніхто не казаў, што 24 лютага мы паедзем ваяваць з Украінай. Толькі цяпер расійская прапаганда пачала распаўсюджваць відэа, дзе ўкраінцы здзекуюцца з палонных (ёсць два больш-менш пацверджаных відэа), і сцвярджэнні пра тое, што нібыта Украіна наносіць удары па жылых кварталах «кропкай-У». Гэтага можа быць дастаткова, каб у нейкай часткі салдат стварыць патрыятычную матывацыю ў гэтай вайне.

Іншая матывацыя, якая можа быць, — матэрыяльная. Людзі ідуць у кантрактнікі не толькі для таго, каб Радзіме служыць, але і таму, што 30-40 тысяч рублёў для правінцыі і без вышэйшай адукацыі — гэта добры заробак.

Але мы чулі, што часам у выплаце абяцаных Пуціным кампенсацый за гібель або раненне падчас «спецыяльнай вайсковай аперацыі» адмаўляюць, спасылаючыся на тое, што загінулы быў на вучэннях і ні ў якой спецаперацыі не ўдзельнічаў.

Акрамя гэтага, дзякуючы публікацыям праваабаронцаў, некаторыя салдаты пачалі ўсведамляць, што, калі яны адмовяцца ваяваць у мірны час — а ваеннае становішча ніхто не абвяшчаў — ім за гэта нічога не будзе, максімум звольняць.

Фота: АР

Цяпер у расійскай арміі ёсць і тыя, у каго на вачах загінулі калегі, і яны напоўненыя жаданнем помсты. Нават нягледзячы на тое, што яны ўжо ведаюць усю рэальную абстаноўку: што іх [ва Украіне] лічаць фашыстамі, што ніякія яны не вызваліцелі — яны ўсё роўна рвуцца туды, проста каб помсціць за загінулых таварышаў. Мы бачым, як ужо на ракетах пішуць «за пацаноў».

Іншыя, наадварот, разумеюць, што там усіх кідаюць на забой, што няма ніякай падтрымкі і забеспячэння, што «нікога мы тут не вызваляем», і сярод іх ёсць адмоўнікі — тыя, хто піша рапарты на звальненне. Па ідэі, з часам у арміі павінны застацца толькі першыя. Армія будзе ў сярэднім больш матываваная, але невядома, наколькі яна будзе шматлікая.

Расійскія вайскоўцы масава ездзяць па Беларусі на скрадзеных ва Украіне аўто

Чаму Расія страціла ў вайне з Украінай так шмат танкаў?

Усе чакаюць вырашальнай бітвы за Данбас. Ад чаго залежыць, хто ў ёй пераможа?

«Яны мараць здацца ў палон да таго, як іх заб'юць». Як прымусова адпраўляюць на вайну жыхароў «ЛНР»і «ДНР»

Nashaniva.com