У Беларусі ўпершыню выпусцілі геаграфічныя карты для невідушчых ФОТЫ
У Беларусі ўпершыню выпусцілі геаграфічныя карты для невідушчых. Яны ўжо прайшлі выпрабаванні ў школе №188 для дзяцей з парушэннем зроку.
12.04.2022 / 10:45
На картах рэльефам розных тыпаў вылучаныя раўніны і ўзвышшы, рэкі і азёры. Шрыфтам Брайля тлумачыцца, які тып рэльефнага друку што пазначае. Побач з характэрнымі аб'ектамі гэтым жа шрыфтам дадзеныя подпісы: што намалявана на канкрэтным участку карты, паведамляе The Village.
На сённяшні дзень не існуе стандартаў і агульных рэдакцыйных дакументаў, у адпаведнасці з якімі павінны складацца такія карты. Складанасць заключаецца яшчэ і ў розных тэхналагічных працэсах, якія прымяняюцца пры стварэнні тактыльных карт.
Як адзначыла дырэктарка «Белкартаграфіі» Іна Шлык, на прадпрыемстве распрацаваныя тэхнічныя ўмовы па стварэнні рэльефна-графічных дапаможнікаў для інвалідаў па зроку.
— Ужо створаныя эксперыментальныя творы: тактыльная карта «Рэспубліка Беларусь. Фізічная карта», маштабу 1:1 500 000, схема «Планеты Сонечнай сістэмы», вядуцца работы па вырабе іншых рэчаў. Названыя дапаможнікі прайшлі адаптацыю ў Мінскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе №188 для дзяцей з парушэннем зроку, дзе ім была дадзеная станоўчая ацэнка, — падзялілася Шлык.
Сёлета запланаваныя работы па распрацоўцы і адаптацыі атласа для 4-га класа «Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь» для невідушчых і са слабым зрокам дзяцей.
Таксама вядзецца прапрацоўка пытання аб уключэнні гэтых пазіцый у тэматычны план падрыхтоўкі і выдання вучэбных картаграфічных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, каб стварыць роўныя ўмовы для навучэнцаў з абмежаваннем па зроку.