Што за фігуркі трымалі Зяленскі і Джонсан падчас прыезду брытанскага прэм'ера ў Кіеў? Гэта новы ўкраінскі сімвал

У сацыяльных сетках стала вірусным фота сцяны разбуранага дома ў горадзе Барадзянка, на якой вісіць кухонная шафа з глінянай скульптурай пеўня зверху. Шафка з радочкамі талерак і дэкаратыўнай глінянай фігуркай пеўня зверху — ці не адзінае, што ацалела з разбуранай секцыі дома. З гэтага нарадзіўся новы сімвал, піша BBС.

10.04.2022 / 20:54

Фота Лізаветы Серватынскай

Горад Барадзянка быў на шляху наступлення расійскай арміі на Кіеў. Яго авіяцыя абстраляла ў пачатку сакавіка. Была разбураная большасць шматпавярховак на цэнтральнай вуліцы. Расійскія вайскоўцы месяц абстрэльвалі разбураныя дамы, не даючы магчымасці мясцовым разбіраць завалы, пад якімі знаходзіліся людзі.

Выратавальная аперацыя ў Барадзянцы працягваецца пяты дзень. З-пад завалаў дасталі дзясятак целаў жыхароў. Работы працягнуцца яшчэ не адзін тыдзень.

Сімвал устойлівасці

Кухонная шафка, якая засталася на сцяне, стала сімвалам стойкасці і непакорнасці.

«Будзь моцным, як гэтая кухонная шафа», — пісалі карыстальнікі ў каментарах пад гэтай фатаграфіяй. А таксама дзівіліся, чым так моцна гаспадар кватэры прымацаваў гэтую шафку.

З моєї фоточки pic.twitter.com/73FQ3b6y9g

— pivden' (@agremantida) April 7, 2022

Таксама гэтую фатаграфію ўзялі за аснову для сваіх ілюстрацый Аляксандр Грэхаў і Дзіма Каваленка.

Фота Аляксандра Грэхава

Фота Дзімы Каваленкі

Пеўнік — сімвал перамогі

Пасля больш уважлівыя карыстальнікі сацсетак разглядзелі, што на шафцы непарушна стаіць дэкаратыўная гліняная скульптурка пеўніка.

«Галоўны герой тут — пеўнік, які стаіць зверху на шафе, злева. Бачыце?» — напісала дэпутат Кіеўскай гарадской рады Вікторыя Бурдукова.

Фота Аксаны Данчанка

Аўтар керамічнай фігуркі — прадстаўнік Васількоўскай школы керамікі Пракоп Бідасюк. Ён робіць вазы, талеркі, цацкі і г. д. Ягоныя працы захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ўкраінскага народнага дэкаратыўнага мастацтва.

«Наша васількоўская маёліка, крохкі твор скульптара Пракопа Бідасюка выстаяў — ацалеў і выстаяў, і мы зможам!»,— напісала журналістка Аксана Данчанка.

Фота Аляўціны Кахідзэ

Пеўнік для Джонсана і Зяленскага

Пасля гэтага выпадку пеўнік стаў асобным персанажам. Падчас візіту ў Кіеў брытанскага прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Бррыса Джонсана скульптурка вядомага на ўвесь свет пеўніка дасталася і яму. Гэтак жа сама як і прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, разам з якім яны гулялі па цэнтру Кіева.

Іх падарыла Лера Палянскова з Харкава. Яе сустрэча з лідарамі Брытаніі і Украіны — выпадковая, а сувенірных керамічных пеўняў яна купіла на падарунак для сяброў з Польшчы.

Цяпер фігуркі керамічных пеўнікаў украінцы шукаюць на сайтах аб'яў і ў сацсетках. Таксама іх шукаюць арганізатары, каб паказаць на ўкраінскім стэндзе на Кірмашы майстроў Еўропы MIDA 2022 у Фларэнцыі ў канцы красавіка.

Nashaniva.com