«Ой у лузі червона калина». Галоўныя песні ўкраінскага змагання АЎДЫЯ
У вайны ва Украіне ёсць свой саўндтрэк. Адны песні былі напісаныя пад уплывам трагічных падзей, іншыя — раней, але атрымалі другое жыццё пасля расійскага ўварвання. Сабралі галоўныя хіты, якія ўжо ўвайшлі ў гісторыю.
09.04.2022 / 18:51
Дысклэймер: У некаторых песнях ёсць нецэнзурная лексіка і абразы. Гэта непрывабны, але натуральны бок вайны.
PROBASS ∆ HARDI — «ДОБРОГО ВЕЧОРА» (WHERE ARE YOU FROM?)
Трэк з культавай фразай «Доброго вечора, ми з України» з'явіўся ў кастрычніку мінулага года. Яго стваральнікі — DJ ProBass (Арцём Ткачэнка) і DJ Hardi (Максім Макрэнка) з Краменчуга. Саму фразу ўзялі з інтэрв'ю Марка Галаневіча, вакаліста папулярнага ўкраінскага гурта «ДахаБраха».
Да вайны песня стала папулярнай у Тыктоку, а статус культавай набыла пасля ратацыі ў тэлемарафоне ўкраінскіх тэлеканалаў і ваенных відэазваротах кіраўніка Мікалаеўскай вобласці Віталя Кіма.
«Ён што, тую бомбу на ровары вязе?» Вялікая падборка мемаў і тыктокаў пра вайну ва Украіне
Макс Барскіх — «Буде весна»
Папулярны поп-спявак спачатку змагаўся на інфармацыйным фронце, забараніўшы выконваць і інакш выкарыстоўваць свае песні на тэрыторыі Расіі, а таксама запісваючы эмацыйныя звароты да сваіх калег з Расіі.
На мінулым тыдні Барскіх апублікаваў фота ў вайсковай форме і заявіў, што далучыўся да УСУ.
Kalush Orchestra — Stefania
Песня, якая прадставіць Украіну на «Еўрабачанні», і стала саўндтрэкам тысяч тыкток-відэа пра гераізм украінцаў.
Stefania прысвечаная маці лірычнага героя і прыемным успамінам пра яе.
Kalush — «Додому»
Леташняя песня пра сум па родных мясцінах набыла новы сэнс пасля пачатку вайны: у каментарыях да відэа людзі пішуць, што слухаюць гэтую песню ў акопах ці ў вымушанай эміграцыі. І ўсе спадзяюцца, што хутка вернуцца дадому.
Сяргей Бабкін — «Я солдат» (2022)
Удзельнік 5'nizza праз 20 гадоў пераспяваў галоўны хіт гурта. Цяпер ён не пра страшную бессэнсоўнасць вайны, а пра гераічнае змаганне ўкраінцаў супраць Расіі.
«Беларусам будзе вельмі сорамна ды горка за тое, што яны не здолелі нічога зрабіць». Гутарка з музыкам Сяргеем Бабкіным
Тарас Баравок — «Байрактар»
Вайна ўзбагаціла ўкраінскую мову назвамі заходняга ўзбраення. У гонар амерыканскага супрацьтанкавага комплекса «Джавелін» нават называюць дзяцей.
А суперэфектыўным турэцкім беспілотнікам прысвячаюць песні.
Андрэй Хлыўнюк & The Kiffness — «Ой у лузi червона калина»
У першыя дні вайны лідар «Бумбокса», які далучыўся да тэрабароны, заспяваў вядомы марш сечавых стральцоў на пустой Сафійскай плошчы Кіева.
Гэтая песня ў савецкі час была забароненая за яе радкі пра вызваленне братоў-украінцаў ад маскоўскіх кайданаў. Яе зноў сталі выконваць у канцы 1980-х.
Відэаблогер і дыджэй з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі The Kiffness зрабіў рэмікс на спеў Хлыўнюка. На пачатак красавіка ў яго больш за 5 мільёнаў праглядаў.
Спеў фронтмэна «Бумбокса» выкарысталі легендарныя Pink Floyd, каб запісаць свой першы з 1994 года сумесны трэк.
Хрысціна Салавей — «Українська лють»
Папулярная спявачка зрабіла сваю версію песні італьянскіх партызанаў. Другую хвалю папулярнасці набыла і іншая песня Хрысціны Салавей — «Тримай».
Руся — «Заручена» («Не стiй пiд вiкном»)
Песня 1989 года з першага поп-альбома на ўкраінскай мове спявачкі Русі стала саўндтрэкам для мемаў з расійскім палонным вайскоўцам Андрэем Разанцавым.
Фота стала мемам — на ім вайсковец выглядае малым і несамавітым, яму нават прыдумалі мянушку Чмоня.
На відэа Разанцава ўстаўляюць у розныя жыццёвыя сітуацыі, часцей за ўсё пад песню Русі. Таксама тыктокеры апранаюцца «ў стылі Чмоні» і запісваюць такія ролікі.
Jockii Druce — «Шо ви браття»
Украінскі рэпер jockii druce праз сваю песню звярнуўся да ўкраінцаў. Калі каротка і без мацюкоў: украінцам, нягледзячы на вайну, не варта засмучацца, а трэба ўзяць сябе ў рукі і таксама памятаць, што прыгажосць украінцаў — гэта галоўная сіла.
KAZKA — I am not OK
У гурта KAZKA выйшла песня пра тое, праз што даводзіцца праходзіць цяпер украінцам у іх барацьбе з расійскімі захопнікамі.
Відэа пачынаецца з вою сірэн, які лунае па ўсёй краіне, таксама дэманструюцца кадры выбухаў і наступстваў ракетных удараў.
Travinskiy — «Душу й тіло»
Спявак Багдан Стравінскі пераасэнсаваў радкі гімна Украіны і зрабіў кранальны хіт.
MC PAPA — VOVA ї**sh їх Bl**d'
Крык душы адыёзнага прэзідэнта футбольнага клуба «Інгулец» Аляксандра Паваразнюка, якім ён заклікае Уладзіміра Зяленскага біць ворагаў, быў пакладзены на электронную музыку.
Некаторыя фразы Паваразнюка сталі народнымі.
«Один в каное» — «У мене немає дому»
Гэта галоўны хіт украінскага гурта, які праз тры гады пасля рэлізу зноў стаў вельмі актуальным. У кліпе хлопчык праз непаразуменне з бацькамі сыходзіць з дому, каб вандраваць са сваімі ўяўнымі сябрамі. Але нават у фантастычных істот ёсць свой дом, у які яны вяртаюцца, а ўсё падарожжа — гэта замкнёнае кола, якое рана ці позна зноў прыводзіць усіх дадому.
Бонус. Cypis — Putin
Польскі рэпер стаў вядомым дзякуючы песні пра наркотыкі, якая стала саўндтрэкам мема пра карову, якая танцуе. Пасля пачатку вайны ва Украіне Cypis запісаў песню, у якой выказаўся пра прэзідэнта Расіі. Тэкст прыводзіць не будзем.
KSLV — Disaster
У Тыктоку можна знайсці тысячы відэа працы Узброеных сіл Украіны пад гэты хіт сацсетак.
Біяграфія музыканта з'яўляецца таямніцай, нешта знайсці пра яго вельмі складана.
Demi Lovato — Cool for the Summer (TikTok Remix)
Яшчэ адзін хіт Тыктока. Пад гэтую песню Аляксей Арастовіч аб'яўляе аб адбоі паветранай трывогі, а Віталь Кім — танцуе пад словы «Все буде добре!».
Каб было зручна слухаць, сабралі ўсе песні ў адзін плэй-ліст.