Мэр Марыупаля: У бальніцы жыўцом згарэлі амаль 50 чалавек
Мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка заявіў, што горад цяпер амаль цалкам разбураны расійскімі акупантамі. Больш за 90% гарадской інфраструктуры знішчана. З іх, па меншай меры, 40% ужо не можа быць адноўлена.
06.04.2022 / 21:56
Тыповая карціна для сённяшняга Марыупаля
«Толькі паводле папярэдніх ацэнак у Марыупалі за месяц блакады загінулі 5 тысяч чалавек, з якіх прыкладна 210 — дзеці.
Расійскія тэрарыстычныя войскі скінулі некалькі звышмагутных бомбаў на дзіцячую бальніцу, знішчылі адзін з карпусоў гарадской бальніцы №1. Жыўцом згарэла амаль 50 чалавек.
Разбамбілі драматычны тэатр, дзе да таго часу ад абстрэлаў хавалася больш за 900 чалавек. Гэта толькі некалькі прыкладаў мэтанакіраванага знішчэння мірнага насельніцтва Марыупаля», — адзначыў мэр горада.
Бойчанка заклікаў заходнія краіны неадкладна ўвесці эмбарга на пастаўкі расійскіх нафты і газу.