«У маім сусвеце чалавек, які падтрымлівае вайну, — невылечна хворы». Гутарка з кікбаксёрам Іванам Ганіным
Кікбаксёр Іван Ганін — пра ад'езд з краіны пасля двух затрыманняў, абурэнне Віталя Гуркова, вайну ва Украіне і намаганні ў 2020-м мірным шляхам ажыццявіць рэвалюцыю ў Беларусі.
10.04.2022 / 14:18
«Наша Ніва»: Пасля 10 сутак у Жодзіна напрыканцы восені 2020-га і пагроз новай страты свабоды вы доўгі час усё роўна заставаліся ў Беларусі. Аднак зараз размова адбываецца на тэрыторыі Польшчы. Што вас падштурхнула усё ж такі з'ехаць за мяжу?
Іван Ганін: Калі зусім шчыра, то думкі пра змену краіны пачалі віраваць у галаве яшчэ да паўторнага затрымання колькі тыдняў таму. Справа ў тым, што пасля выбараў 2020 года, іх наступстваў, маё жыццё быццам спынілася. Не бачыў, чым магу быць карысным тут, акрамя маральнай падтрымкі такіх жа простых людзей навокал.
Як і многія беларусы, што падтрымалі пратэст, атрымаў забарону на прафесію. Напрыканцы снежня 2020-га мяне адлічылі з нацыянальнай каманды, гонар якой абараняў больш за 12 год. А пасля тое ж самае зрабіла дзіцячая спартовая школа, з якой супрацоўнічаў.
Аднак не гэта самае страшнае: у тых умовах, што склаліся, вымушаны быў адмовіцца ад трэніровак — цягам году не практыкаваўся так, як належыць прафесіяналу.
Таксама не хапала часу ды фізічных сіл на кнігі, бо будзённасць ператварылася ў замкнёнае кола «праца — дом — праца». І тое: афіцыйна нідзе не мог уладкавацца, таму вымушаны быў зарабляць праз дамовы падраду. І гэта таксама вымагала энергіі, з-за чаго ператвараўся ў зомбі.
Ці дапамагалі калегі па нацыянальнай камандзе? Ведаеце, у нас індывідуальны від спорту. Кожны сам за сябе. Гэта толькі так называецца, «каманда»… Хтосьці, канечне, імкнуўся падтрымаць. Іншыя ставіліся з разуменнем, бо апынуліся ў аналагічнай сітуацыі. Аднак большасць працягвала трэніравацца, быццам нічога і не адбывалася навокал — такі іх выбар.
«НН»: Калі ў сакавіку 2022-га зноў пабачылі людзей у форме ва ўласным двары, што за думкі пранесліся ў галаве?
ІГ: Яшчэ да сустрэчы з гэтымі таварышамі пачаў усё больш дэталёва разумець, што ў Беларусі жыцця не будзе. Так, хацеў заставацца і трымацца да апошняга. Аднак адчуванне, што павольна з'язджаю з глузду, узмацнялася штодзённа. Дый і нешта прадуктыўнае рабіць тут станавілася болей ды болей складана.
А пасля пачалася вайна — і гэта прыбіла канчаткова. Было так, што першую ноч гадзіны дзве толькі змог паспаць, на наступную крыху больш, а потым двое сутак увогуле вачэй не заплюшчваў. Увесь час у тэлефоне: чытаеш навіны, глядзіш відэа, лістуеш сябрам. Іншымі словамі, такі ж шок, як у 2020-м, толькі ў значна большым аб'ёме.
Гэта немагчыма растлумачыць: агрэсія, забойствы, гвалт. Да таго ж пераварочвае нутро пазіцыя большасці расіян, якія гэтую жудасць падтрымліваюць.
Так, там хапае і светлых галоў. Аднак параўнайце іх колькасць з той падтрымкай адно аднаго, якую мелі простыя беларусы пры пратэстах у 2020-м. Мы былі адзінымі, а там… У маім сусвеце чалавек, які падтрымлівае вайну, — невылечна хворы, вырачаны.
Карацей кажучы, падзеі ва Украіне таксама падштурхнулі на пераезд. А пасля надарылася паўторнае затрыманне, якое і стала апошняй кропляй — яна пераважыла ўсе сумневы.
Калі едзеш у машыне з гэтымі асобамі праваахоўнымі, толькі і застаецца, што гадаць, 15 сутак атрымаеш ці ўжо адразу 15 гадоў.
Вельмі нестандартнае ў нас яно, гэтае «ведамства». Таму лёс вырашыў не спакушаць, калі здолею застацца на волі.
Адзначу вось яшчэ што. Апошняе, што трымала ў Беларусі, — дзеці, якіх трэніраваў. Тры з паловай гады з імі працаваў, натхняўся заняткамі. Не сказаць, каб зусім ужо аўтарскую праграму для іх стварыў. Аднак вучыў ужо не так, як прывыклі трэніраваць у нас. Спецыяльна чытаў — і шмат! — кніжак па дзіцячай псіхалогіі, каб зрабіць для вучняў працэс максімальна камфортным. Карацей, укладаў у працу душу, бо прыдумаў сапраўдны доўгатэрміновы праект. І намагаўся яго рэалізаваць.
Аднак цягам апошняга года пачаў разумець, што ўжо не выкладаюся на сто адсоткаў. Трэніраваў дзяцей неяк будзённа, бо думкамі знаходзіўся па-за залай, дзесьці ў навінах. І гэта таксама істотна паўплывала на рашэнне пра ад'езд.
«НН»: Давайце шчыра. Колькі разоў з восені 2020-га прыходзілі да думкі: ну якога чорта я ва ўсё гэта ўлез?
ІГ: Такое здаралася, аднак не сказаць, што гэта былі думкі. Хутчэй за ўсё, хвілінныя сумневы, якія даволі лёгка ды хутка разбіваліся. Адказ просты: калі б я застаўся бяздзейным, то проста б з'ехаў з глузду.
Скажу шчыра, што ў Беларусі ў 2020-м, што ў Расіі зараз мяне да шаленства прабірае адна рэч.
Калі вакол адбываецца нейкае цемрашальства — і ты гэта менавіта цемрашальствам называеш, не крывячы душой, а пасля атрымліваеш рэальны турэмны тэрмін, то гэта сюррэалізм.
Яму няма месца ў адэкватным свеце. І гэта падштурхоўвала рабіць усё тое, што рабілі вакол такія ж простыя і мірныя людзі.
«НН»: Ваш калега па сілавых адзінаборствах, Віталь Гуркоў, не так даўно разнёс пратэсны рух беларусаў. Маўляў, пасіўная рэвалюцыя не мела шанцаў, а калі бараніць сваё, то трэба са зброяй у руках.
ІГ: Крыўдна прызнаваць, але доля праўды ў прамове Гуркова ёсць. Не буду маніць — розныя думкі віравалі ў галаве. Аднак ідэя мірных пратэстаў цалкам адпавядала майму нутру. Асабліва пасля таго, як пабачыў ліст спартоўцаў супраць гвалту, іх транспаранты на маршах.
Канешне, пры гэтым разумеў: спецыфіка майго спорту такая, што пасля нікому не давядзеш, маўляў, што ні з кім не біўся, агрэсію не праяўляў. Тым не менш далучыўся, бо
ў перспектыве бачыў, як рух людзей вядзе да асэнсавання ўладай народных жаданняў — і натуральнай мірнай змены кіраўніцтва.
Пасля ж спадзяваўся на аздараўленне нацыі, якое вінна было пайсці куды больш хутка, дзякуючы якраз мірным перабудовам. Без злобы, радыкалізму і гэтак далей. Так, я шчыра ў гэта верыў. Аднак здарылася, як здарылася.
«НН»: Што б вы адказалі ўкраінцам, якія вінавацяць беларусаў у бязвольнасці? Маўляў, у 2020-м свайго не скінулі — і зараз унутры краіны вайне не супраціўляецеся.
ІГ: Адказаў бы коратка: усю волю беларусаў адбілі — літаральна, адбілі — праваахоўнікі. Безумоўна, адчуваю віну перад украінскім народам. Аднак упэўнены: вазьмі мы зброю ў рукі два гады таму, войскі, якія зараз забіваюць там, тое ж самае рабілі б на нашай зямлі. Беларусь, як ні круці, той жа Пуцін ад сябе не адпусціў бы. І мы бачым сёння, чаму яна была расійскаму прэзідэнту патрэбная.
Упэўнены на 100 адсоткаў: беларускі генералітэт ды армейская вярхушка загадаў на супраціў расіянам не давалі б. Хутчэй, наадварот, віталі б іх з'яўленне на нашых землях. А пасля да ваенных яшчэ б і палітыкі далучыліся. І вось гэтая навала катавала б народ разам…
Ва Украіне інакш людзі мысляць — там існуе адзінства нацыі. Стаяць адно за аднаго, армія з народам, унутраныя войскі, міліцыя. Уся так бы мовіць «сілавая індустрыя» працуе на ідэю перамогі. У нас жа выключна мірныя людзі ядналіся, каб аказаць супраціў. Пагадзіцеся, няроўныя плыні, як ні круці.
«НН»: Нядаўна мы гутарылі з лідаркай гурта ONUKA, якая сцвярджала, што музыка грамчэй за бомбы, бо мастацтва вечнае. І таму творцы вераць, што праз дзейнасць ім рэальна спыніць вайну. А чым рэальна спыніць вайну спартсменам?
ІГ: Выказваць сваю думку ды байкатаваць усё тое, што ідзе насуперак логіцы нармальнага вольнага чалавека. Не падпарадкоўвацца сістэме «я кіраўнік, а ты дурань», што функцыянуе ў Беларусі яшчэ з савецкіх часоў. Заставацца асобай і не даваць зламаць унутраны стрыжань.
«НН»: Кім Іван Ганін бачыць сябе далей як спартсмен і як чалавек?
ІГ: Ведаеце, я ў жыцці шмат злога людзям зрабіў, на вялікі жаль, шмат учыніў такога, за што сорамна. У 2020-м зразумеў, што калі змаўчу, то да гэтага ганебнага спісу сваіх дзеянняў дадам яшчэ адну. І пайшоў так, як падказвала сумленне. Гэта дазволіла наноў раскрыць сябе — зусім іншага, чым быў раней.
Таму зараз хачу кардынальна змяніць жыццё: правесці некалькі прафесійных двубояў, а пасля паступіць у замежную ВНУ, атрымаць годную адукацыю, а пасля вярнуцца ў Беларусь прафесіяналам ды рабіць карыснае для сваёй краіны.