Як вайна ва Украіне адбіваецца на працы завода «Санта Брэмар»
Праект «Пражэктар рэгіёнаў» пры Офісе Святланы Ціханоўскай пагаварыў з людзьмі, якія расказалі, што на заводзе «Санта Брэмар» нібыта плануецца адначасовае звальненне вялікай колькасці людзей — каля тысячы. Кампанія гэта зняпраўджвае, але прызнае, што праблемы ёсць.
05.04.2022 / 21:05
Прынамсі, прэс-служба групы кампаній «Санта» прыслала афіцыйны адказ.
«У нас ёсць наступствы ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі на тэрыторыі Украіны. Там знаходзіцца наша даччынае прадпрыемства «Санта-Украіна», якое займаецца дыстрыбуцыяй прадукцыі «Санта Брэмар» і «Савушкін прадукт», а таксама складскі лагістычны комплекс. Усяго 235 чалавек.
На сёння асноўная частка супрацоўнікаў не працуе, аднак ім захаваны і выплачваецца заробак. Складскі комплекс працуе, развозім прадукцыю «Санта Брэмар» і «Савушкін прадукт» як гуманітарную дапамогу па спецыяльных цэнтрах і бальніцах Кіева, Кіеўскай вобласці».
Цяпер паставак ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі няма, кажуць у кампаніі.
«Гэта складае да 10% ад агульнага аб'ёму выпуску. Адначасова за кошт дэвальвацыйных і інфляцыйных працэсаў на рынках Беларусі і Расеі мы назіраем зніжэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва, што прыводзіць да зніжэння абʼёмаў вытворчасці яшчэ на 10%. Такім чынам, на сённяшні дзень мы маем па факце зніжэнне абʼёмаў вытворчасці на 20%».
У сувязі з гэтым прадпрыемства прыпыніла прыём на працу новых супрацоўнікаў, кажуць у кампаніі. Таксама некаторыя работнікі адпраўленыя ў планавыя адпачынкі раней прадугледжаных перад тым тэрмінаў. Зніжэння заробкаў нібыта няма, бо форма аплаты здзельная, а стаўкі ранейшыя, колькасць работнікаў, якія знаходзяцца ў адпачынках за свой кошт, адпавядае сезону.
«Інфармацыя пра тое, што з прадпрыемства збіраюцца звольніць больш за 1000 супрацоўнікаў, — не адпавядае рэчаіснасці. Сітуацыя няпростая, аднак прадпрыемства прыкладае ўсе намаганні, каб захаваць працоўны калектыў», — завяршае свой адказ прэс-служба кампаніі.