«Што Расія павінна зрабіць з Украінай». Расійскае дзяржагенцтва апублікавала праграмны артыкул

Дэўкраінізацыя, дэеўрапеізацыя, падзел Украіны, знішчэнне нацыянальнай эліты і самой назвы Украіна. Праграмны артыкул «Што Расія павінна зрабіць з Украінай» апублікавала дзяржаўнае агенцтва «РИА Новости». Прыводзім галоўныя цытаты.

04.04.2022 / 13:04

Фота: АР

Аўтар ад самага пачатку адмаўляе саму магчымасць існавання Украіны.

«Нацысцкая, бандэраўская Украіна, вораг Расіі і інструмент Захаду па знішчэнні Расіі нам не патрэбная», — піша аўтар, нехта Цімафей Сяргейцаў. Калі ўсвядоміць, што пад «нацысцкай і бандэраўскай» расійская прапаганда мае на ўвазе нацыянальна арыентаваную, празаходнюю Украіну з еўрапейскімі каштоўнасцямі, то відавочна, што Расія ставіць мэту знішчыць Украіну. Далей аўтар раскрывае гэтую тэму. 

«Сёння пытанне дэнацыфікацыі перайшло ў практычную плоскасць». Што гэта значыць? «Далейшая дэнацыфікацыя масы насельніцтва заключаецца ў перавыхаванні, якое дасягаецца ідэалагічнымі рэпрэсіямі (падаўленнем) нацысцкіх установак і жорсткай цэнзурай: не толькі ў палітычнай сферы, але абавязкова таксама ў сферы культуры і адукацыі», — піша аўтар.

«Дэнацыфікацыя», паводле яго, «можа быць праведзеная толькі пераможцам, што прадугледжвае (1) яго безумоўны кантроль над працэсам дэнацыфікацыі і (2) улада, якая забяспечвае такі кантроль.

У гэтых адносінах краіна, якая дэнацыфікуецца, не можа быць суверэннай. Дзяржава, якая дэнацыфікуе, — Расія — не можа зыходзіць у дачыненні да дэнацыфікацыі з ліберальнага падыходу.

Ідэалогія дэнацыфікатара не можа аспрэчвацца вінаватым бокам, які падвяргаецца дэнацыфікацыі».

На выездзе з Бучы каля дваццаці расстраляных мужчын — не вайскоўцаў, у звычайнай вопратцы, некаторыя са звязанымі за спінай рукамі.

То-бок, Украіна, па расійскім сцэнарыі, будзе пад расійскай акупацыяй. Праўда, аўтар піша, што не вечна, але як мінімум гадоў трыццаць.

«Тэрміны дэнацыфікацыі ніяк не могуць быць меншымі за адно пакаленне, якое павінна нарадзіцца, вырасці і дасягнуць сталасці ва ўмовах дэнацыфікацыі».

Аўтар канстатуе, што прыкмет нацызму ва Украіне не бачна, але гэта, паводле яго, яшчэ горшы дыягназ.

«Асаблівасць сучаснай нацыфікаванай Украіны — у аморфнасці і амбівалентнасці, якія дазваляюць маскіраваць нацызм пад імкненне да «незалежнасці» і «еўрапейскага» (заходняга, праамерыканскага) шляху «развіцця» (у рэальнасці — да дэградацыі), сцвярджаць, што на Украіне «няма ніякага нацызму, толькі прыватныя адзінкавыя эксцэсы».

Няма ж ні галоўнай нацысцкай партыі, ні фюрэра, ні паўнавартасных расавых законаў (толькі іх урэзаны варыянт у выглядзе рэпрэсій супраць рускай мовы). Як следства — ніякай апазіцыі і супраціву рэжыму.

Расіяне абстралялі помнік ахвярам Халакоста, пад Харкавам, 27 сакавіка 2022 г. На гэтым месцы нацысцкімі акупацыйнымі войскамі ў 1941-1942 гадах расстралялі ад 16 да 20 тысяч чалавек. Фота: Андрэй Марыенка / УНІАН

Аднак усё пералічанае не робіць украінскі нацызм «лайт-версіяй» нацызму нямецкага часоў першай паловы ХХ стагоддзя. Наадварот — паколькі ўкраінскі нацызм вольны ад падобных «жанравых» (паліттэхналагічных па сутнасці) рамак і абмежаванняў, ён свабодна разгортваецца як фундаментальная аснова ўсякага нацызму — як еўрапейскі і, у найбольш развітой форме, амерыканскі расізм.

Таму дэнацыфікацыя не можа быць праведзеная кампрамісна, на аснове формулы тыпу «НАТА — не, ЕС — так».

Калектыўны Захад сам з'яўляецца праекціроўшчыкам, крыніцай і спонсарам украінскага нацызму, у той час западэнскія бандэраўскія кадры і іх «гістарычная памяць» — толькі адзін з інструментаў нацыфікацыі Украіны.

Укранацызм нясе ў сабе не меншую, а большую пагрозу міру і Расіі, чым нямецкі нацызм гітлераўскага разліву», — прыходзіць да вываду аўтар.

Нават самой назвы Украіна, паводле прапагандыста, не можа існаваць.

«Назва «Украіна», відаць, не можа быць захаваная ў якасці тытула ніякага поўнасцю дэнацыфікаванага дзяржаўнага ўтварэння на вызваленай ад нацысцкага рэжыму тэрыторыі», ‒ піша ён.

Нейтральнай Украіна таксама быць не можа, бо ў яе «віна перад Расіяй» — «стаўленне як да ворага». Таму — расійскі пратэктарат.

«Выкупленне віны перад Расіяй за стаўленне да яе як да ворага можа рэалізавацца толькі ў апоры на Расію ў працэсах аднаўлення, адраджэння і развіцця. Ніякіх «планаў Маршала» для гэтых тэрыторый дапускаць нельга. Ніякага «нейтралітэту» ў ідэалагічным і практычным сэнсе, сумяшчальнага з дэнацыфікацыяй, быць не можа.

Кадры і арганізацыі, якія з'яўляюцца інструментам дэнацыфікацыі ў новых рэспубліках, якія дэнацыфікуюцца, не могуць не абапірацца на прамую сілавую і арганізацыйную падтрымку Расіі».

Акрамя гэтага, непазбежная і «дэўкраінізацыя» — «адмова ад распачатага яшчэ савецкай уладай маштабнага штучнага раздзімання этнічнага кампанента самаідэнтыфікацыі насельніцтва тэрыторый гістарычных Маларасіі і Навароссіі».

Нечакана аўтар супрацьпастаўляе Украіну Грузіі і краінам Балтыі (магчыма, гэта часовая слабіна). Украіна не можа быць нацыянальнай дзяржавай, непазбежная, па расійскім сцэнарыі, і яе дэеўрапеізацыя.

«У адрозненне, скажам, ад Грузіі і краін Прыбалтыкі, Украіна, як паказала гісторыя, немагчымая ў якасці нацыянальнай дзяржавы, а спробы «пабудаваць» такое заканамерна прыводзяць да нацызму.

Украінізм — штучная антыруская канструкцыя, якая не мае ўласнага цывілізацыйнага зместу, падпарадкаваны элемент чужой цывілізацыі. Дэбандэрызацыі будзе самой па сабе недастаткова для дэнацыфікацыі — бандэраўскі элемент ёсць толькі выканаўца і шырма, маскіроўка для еўрапейскага праекта нацысцкай Украіны, таму дэнацыфікацыя Украіны — гэта і яе непазбежная дэеўрапеізацыя».

Праўкраінская эліта будзе ліквідаваная, а народ павінен прайсці праз ачышчальныя нягоды вайны.

«Бандэраўская вярхушка павінна быць ліквідаваная, яе перавыхаванне немагчымае. Сацыяльнае «балота», якое актыўна і пасіўна яе падтрымала дзеяннем і бяздзейнасцю, павінна перажыць нягоды вайны і засвоіць перажыты вопыт як гістарычны ўрок і выкупленне сваёй віны». «Гістарычны вопыт паказвае, што трагедыі і драмы ваеннага часу ідуць на карысць народам, якія спакушаліся і захапіліся роляй ворага Расіі».

 Для дасягнення мэтаў дэнацыфікацыі неабходная падтрымка насельніцтва, пераход яго на бок Расіі, піша аўтар. «Зразумела, павінен прайсці некаторы час, за які людзі ачуняюць ад шоку ваенных дзеянняў, пераканаюцца ў доўгатэрміновых намерах Расіі — у тым, што «іх не кінуць», — перакананы аўтар.

Паводле яго, частка ўкраінцаў усё ж не пагодзіцца на такі сцэнарый. Таму Украіну трэба будзе раздзяліць.

«Каталіцкая правінцыя» (Заходняя Украіна ў складзе пяці абласцей) наўрад ці ўвойдзе ў склад прарасійскіх тэрыторый. Лінія адчужэння, аднак, будзе знойдзеная шляхам досведу. За ёй захаваецца варожая Расіі, але прымусова нейтральная і дэмілітарызаваная Украіна з забароненым па фармальных прыкметах нацызмам. Туды з'едуць ненавіснікі Расіі.

Гарантыяй захавання гэтай рэшткавай Украіны ў нейтральным стане павінна быць пагроза неадкладнага працягу ваеннай аперацыі пры невыкананні пералічаных патрабаванняў.

Магчыма, для гэтага спатрэбіцца пастаянная расійская ваенная прысутнасць на яе тэрыторыі.

Ад лініі адчужэння і да расійскай мяжы будзе размяшчацца тэрыторыя патэнцыйнай інтэграцыі ў рускую цывілізацыю, антыфашысцкую па сваёй унутранай прыродзе».

Закранае аўтар будучае і самой Расіі.

«Расіі самой давядзецца канчаткова развітацца з праеўрапейскімі і празаходнімі ілюзіямі,

усвядоміць сябе як апошнюю інстанцыю абароны і захавання тых каштоўнасцяў гістарычнай Еўропы (Старога свету), якія таго заслугоўваюць і ад якіх Захад у канчатковым рахунку адмовіўся, прайграўшы ў барацьбе за самога сябе».

Захад — гэта няўдзячны свет, які не ацаніў рукі дружбы і ахвяр Расіі, піша аўтар без аніякіх тлумачэнняў.

«Усё, што Расія зрабіла для Захаду, яна зрабіла за свой кошт, прынашэннем найвялікшых ахвяр. Захад у выніку адхіліў усе гэтыя ахвяры, абясцэніў уклад Расіі ў вырашэнне заходняга крызісу, вырашыў адпомсціць Расіі за тую дапамогу, якую яна бескарысліва падала. Далей Расія пойдзе сваім шляхам, не хвалюючыся пра лёс Захаду», — рэзюмуе аўтар.

Nashaniva.com