Як патрыярх Кірыл апраўдвае вайну
Прыводзім цытату са звароту патрыярха Кірыла да вернікаў, з якім ён выступіў 3 красавіка пасля літургіі.
03.04.2022 / 17:31
Патрыярх Кірыл. Фота: Wikimedia
Сёння слова «незалежнасць» часта ўжываецца ў адносінах амаль усіх краін свету. Але гэта няправільна, таму што большасць краін свету знаходзяцца цяпер пад каласальным уплывам адной сілы, якая сёння, на жаль, супрацьстаіць сіле нашага народа. І паколькі гэта так, паколькі там вялікая сіла, то і мы павінны быць вельмі моцнымі. Калі я кажу «мы», я маю на ўвазе, у першую чаргу, Узброеныя сілы — але не толькі.
Увесь наш народ сёння павінен прачнуцца, схамянуцца, зразумець, што настаў час асаблівы, ад якога можа залежаць гістарычны лёс нашага народа.
Менавіта таму я сёння менавіта тут, у гэтым храме, здзяйсняў Боскую літургію — каб сустрэцца ў першую чаргу з прадстаўнікамі нашых Узброеных сіл, звярнуцца да іх, а праз іх — да ўсёй нашай арміі, да флоту, да ўсіх абаронцаў Айчыны, каб яны ўсведамлялі гістарычную важнасць моманту, які мы перажываем. Яшчэ і яшчэ раз хачу сказаць: мы міралюбная краіна і вельмі міралюбівы, шматпакутны народ, які пацярпеў ад войнаў так, як мала хто з еўрапейскіх народаў. У нас няма ніякага імкнення да вайны ці да таго, каб рабіць нешта, што магло б нанесці шкоду іншым. Але мы ўжо так выхаваны ўсёй нашай гісторыяй, што любім сваю Айчыну і будзем гатовыя абараняць яе так, як толькі рускія могуць абараняць сваю краіну.
<…>
Вядома, калі я кажу ўсё гэта, я не перастаю адчуваць трывогу за ўсіх людзей, якія жывуць у тых месцах, дзе сёння адбываюцца ваенныя сутыкненні. Бо ўсё гэта — людзі і народы Святой Русі, усё гэта нашы браты і сёстры. Але, як у Сярэднявечча, жадаючы аслабіць Русь, розныя сілы сутыкалі братоў адзін з адным, пагружаючы іх у міжусобіцу, так адбываецца і сёння. А таму трэба зрабіць усё, што мы толькі можам зрабіць, каб спынілася кровапраліцце і каб не было небяспекі міжусобіцы з усімі яе наступствамі.
Але пры гэтым мы павінны быць верныя — калі я кажу «мы», я маю на ўвазе, у першую чаргу, вайскоўцаў — сваёй прысязе і гатоўнасці «душу сваю пакласці за бліжняга свайго», як сведчыць аб тым слова Божае.