Паводзяць сябе як гаспадары, прадаюць тое, што нарабавалі ва Украіне. Што распавядаюць пра расійскіх вайскоўцаў на Гомельшчыне
«Свабода» пагутарыла з жыхарамі Гомельскай вобласці пра прысутнасць там расійскіх вайскоўцаў, тэхнікі і нябожчыкаў.
31.03.2022 / 12:48
Расійскія танкі ў Гомелі. Фота: «Радыё Свабода»
«Расіянін даў мне агітку пра тое, што яны нясуць мір»
Шмат расійскай тэхнікі і вайскоўцаў было 29 сакавіка ў Брагінскім раёне. «Калоны танкаў, БТР і «Уралаў» былі бясконцымі. Я спрабаваў размаўляць з расійскімі вайскоўцамі, але яны былі вельмі злосныя. Наколькі я даведаўся, ім забаронена кантактаваць з намі, называць свае нейкія звесткі», — расказаў жыхар Брагінскага раёна.
Расійскі вайсковец даў яму агітацыйную ўлётку. Там напісана: «Паважаныя таварышы, сябры, нам не патрэбная вайна! Мы не збіраемся нападаць і бамбіць гарады. Мы прыйшлі змагацца не з украінскім народам, а з нацыяналістамі, ад рук якіх гінуць мірныя людзі. Аднойчы мы перамаглі фашызм і не маем права здаваць пазіцыі».
«Паводзяць сябе як гаспадары жыцця»
Максім (імя змененае дзеля бяспекі. — РС) называе сітуацыю з прысутнасцю расіян у Мазыры жахам.
«Расіяне паводзяць сябе ў Мазыры як гаспадары жыцця. Каля вёскі Бокаў Мазырскага раёна ў іх аэрадром і лагер, там іх вельмі шмат. Адзін мясцовы гуляў там — дык яго спынілі расіяне, пачалі чапляцца: «Што ты тут ходзіш, што ты тут робіш». Акружылі яго і выклікалі КДБ. Яго везлі на допыт, прыставіўшы да боку пісталет», — распавёў жыхар Мазыра.
Ён кажа, што ў затрыманага не знайшлі нічога, апроч падпіскі на нейкі тэлеграм-канал, таму «абышлося «суткамі».
«Спяць у хлявах, не мыюцца, таму такі смурод ад іх»
«Натоўпы іх у крамах, ходзяць па барах. Чапляюцца да людзей. Адзін наш прыяцель мае доўгія валасы.
Дык да яго ў бары прычапіўся расійскі вайсковец. Маўляў, ты чаго маеш такія доўгія валасы? У нас бы за такое забілі! Недзе там «у іх», ці ў Чувашыі, ці ў Забайкаллі.
Яшчэ такая адметнасць — ад іх моцна смярдзіць, па паху можна зразумець, калі заходзіш у краму, што яны там. Бо, думаю, яны не мыюцца.
Камандзіры жывуць у нармальных умовах — у гатэлі «Прыпяць». Салдаты — у лесе ў намётах і нават у хлявах. У вёсцы Прудок яны жывуць у хлявах фермы.
Там спяць на дыванках. Можа таму і такі смурод ад іх», — разважае Максім.
Ён кажа, што ў моргах Мазыра цяпер няма трупаў расіян — «іх адразу грузяць і некуды вывозяць».
«Калі іх выносяць і вывозяць, то людзей не пускаюць у прыёмны пакой. Яшчэ і ачапленне ставяць. Я не ведаю, хто гэта, яны ў цывільным. Лекары нічога не распавядаюць, ім забаранілі. Ім нават сказалі, што калі хто будзе цікавіцца, дакладваць кіраўніцтву», — дадаў мазыранін.
«Прадаюць нарабаванае ва Украіне і паліва»
Ілля (імя змененае. — РС) жыве ў Мазыры і штодзень бачыць расійскія самалёты ў небе, вайскоўцаў — на вуліцах роднага горада.
«Кіроўцы іх прадаюць дызельнае паліва — па 15 рублёў за каністру. Яны вязуць «трафеі» з Украіны, нарабаванае, і прапаноўваюць на продаж мясцовым жыхарам. Лядоўні, бытавую тэхніку, аўташыны, ды што толькі пад рукі пападзецца», — кажа Ілля.
«Добрага нічога не скажу. Непрыемна, калі нашы дзяўчаты «з невысокай сацыяльнай адказнасцю» гуляюць з імі. Не ведаю, дзе яны знаёмяцца — ці на вуліцы, ці ў інтэрнэце. Бойкі ўчыняюць, калі п’яныя, у барах», — дадаў мясцовы жыхар.
«У асноўным і шмат бяруць гарэлкі»
Шмат тэхнікі і расійскіх вайскоўцаў у Нароўлі. Тут таксама размешчаны палявы шпіталь. Параненым расіянам тут аказваюць першую дапамогу. Потым іх вязуць у Мазыр ці Гомель. Трупы адпраўляюць у Расію.
«Палявы шпіталь ахоўваюць звонку расійскія салдаты. Пэўна, каб ніхто не фатаграфаваў. Туды лятаюць верталёты ў асноўным. Шмат іх кружляе і над Нароўляй, прычым лятаюць вельмі нізка», — кажа жыхар Нароўлі.
Ён заўважыў, што расіяне «удасканалілі» сваю тэхніку.
Расійскія танкі ў Гомелі. Фота: «Радыё Свабода»
«Машыны «зашылі» бярвеннем, зверху галінкі ляжаць, наварылі на дзверы і на паліўны бак жалеззе — відаць, каб не прастрэлілі», — падзяліўся назіраннямі жыхар раённага цэнтра.
Кажа, што падбітую расійскую тэхніку рамантуюць у Нароўлі.
«У краме стаў сведкам — расіянін набраў гарэлкі і віна, а картка не працуе. Пайшоў, паставіў усё назад. Але большасць купляе ўсё. У асноўным і шмат бяруць гарэлкі. Таксама «снікерсы», «ролтаны», цыгарэты», — дадаў жыхар Нароўлі.