У Дзяржынску больш за тыдзень праводзілася «спецаперацыя» па пошуку «рэйкавых партызан»
Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасці рэпрэсій у Дзяржынску, дзе больш за тыдзень сілавікі праводзілі рэйд па пошуку «рэйкавых партызан». Мясцовых жыхароў затрымлівалі і змяшчалі ў ІЧУ, у іх дамах ладзілі ператрусы, а некаторых збівалі падчас затрыманняў. У ізалятары іх утрымлівалі ў жорсткіх умовах: у камерах халодна, не выдавалі матрацаў, перадачы не прымалі, паведамляе «Вясна».
30.03.2022 / 19:50
Падрабязнасці вядомыя пакуль пра адзін выпадак. Стала вядома, што раніцай 21 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі жанчыну, у якой ёсць непаўнагадовае дзіця. У пастанове на ператрус значылася, што крымінальная справа тычыцца чыгуначнай дыверсіі 18 сакавіка на станцыі «Коласава».
У жанчыны забралі тэлефон, а ў РАУСе на яе склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за перасыл паведамлення з «Хартыі-97» сваёй дачцэ. Суд прызнаў яе вінаватай. У выніку жанчына была пакараная штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (640 рублёў).
Раней паведамлялася пра падобныя рэйды і ў іншых населеных пунктах, а ў розных мясцовасцях людзей арыштоўваюць па падазрэннях у дыверсіях на чыгунцы, і ім інкрымінуюцца цяжкія крымінальныя артыкулы.