Былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча асудзілі да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
Яго судзілі за дзяржаўную здраду за перадачу запісаў тэлефонных размоў, датычных гібелі Рамана Бандарэнкі, якія пралілі святло на абставіны злачынства.
30.03.2022 / 15:08
Таксама ён пакараны штрафам у 500 базавых велічынь, і пазбаўлены вайсковага звання «падпалкоўнік».
Суд над Храловічам пачаўся 21 сакавіка. Ён праходзіў ў закрытым рэжыме.
У сакавіку 2021 года на тэлебачанні паказалі фільм «Аперацыя КДБ «Манкурты», у якім распавялі пра затрыманне Храловіча. Яму выставілі абвінавачанні па ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказную пасаду, ці асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца).
Магчыма, падпалкоўнік здабыў перамовы Дзмітрыя Баскава, Наталлі Эйсмант і Дзмітрыя Шакуты з выкарыстаннем службовых магчымасьцяў. Затым Храловічу нібыта прапанавалі паўдзельнічаць у аператыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуацыі з Беларусі асобаў, звязаных з рухам за грамадзянскія правы і свабодныя выбары, якім пагражае небяспека, і затрымалі.