Гайдукевіч: Нейкі ідыёт параіў пераходзіць на беларускую мову. Але руская заўсёды будзе роднай

Дэпутат Алег Гайдукевіч пракаментаваў у сябе ў Фэйсбуку зварот да беларусаў лідара «Океана Эльзи» Святаслава Вакарчука, дзе той заклікаў пераходзіць на беларускую мову ў штодзённым жыцці.

30.03.2022 / 12:40

«Ва Украіне нейкі ідыёт параіў беларусам масава пераходзіць на беларускую мову і прыбраць рускую! Змагары падхапілі.

Руская мова заўсёды будзе дзяржаўнай мовай на тэрыторыі Беларусі, заўсёды будзе роднай мовай, заўсёды будзе паважаная! Я з гонарам размаўляў і буду размаўляць на рускай мове, як і большасць беларусаў. Роднай была і будзе нам і беларуская мова», — піша Гайдукевіч.

«Першы крок да ўмацавання дзяржаўнасці мы зрабілі менавіта ў сярэдзіне 90-х, калі замацавалі рускую мову дзяржаўнай і разграмілі банду Пазнякоў, Шарэцкіх і іншых.

Заклік да адной дзяржаўнай мовы — гэта заклік да развалу дзяржавы. Ды і наш рэферэндум паставіў у гэтым пытанні кропку. Самыя страшныя расколы ў грамадстве заўсёды па нацыянальным, моўным, рэлігійным пытанні. Усе самыя страшныя войны толькі з-за гэтага. Мы гэтага не дапусцім», — перакананы дэпутат. 

У Расіі 28 сакавіка ўнеслі законапраект аб прызнанні суайчыннікамі ўсіх, хто валодае рускай мовай. Беларусаў туды аднясуць таксама.

Так званая абарона русскамоўнага насельніцтва стала абвешчанай Пуціным прычынай для анэксіі Крыма Расіяй у 2014 годзе. 

Чытайце таксама:

Святаслаў Вакарчук заклікаў беларусаў пераходзіць на беларускую мову

Nashaniva.com