Хірурга Андрэя Любецкага абвінавачваюць па чатырох артыкулах
Хірург Андрэй Любецкі абвінавачваецца ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і абразе прэзідэнта (ч. 1, 2 арт. 368 КК).
25.03.2022 / 17:56
Па звестках следства, Любецкі на працягу некалькіх месяцаў размяшчаў на сваёй старонцы ў сацсетцы інфармацыю, «якая па сваім змесце была наўмысна накіраваная на распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці, якая тычыцца супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных служачых, прадстаўнікоў улады і грамадскасці», піша reform.by.
«Важна адзначыць, што яшчэ будучы медыцынскім работнікам ён неаднаразова публічна выказваўся аб прынятым рашэнні парушыць дадзеную ім медыцынскую клятву, асноватворныя маральна-этычныя прынцыпы паводзін урача і ўсяляк перашкаджаць аказанню медыцынскай дапамогі супрацоўнікам міліцыі і членам іх сем'яў, заклікаў сваіх калегаў да падобных супрацьпраўных дзеянняў. З мэтай рэалізацыі задуманага фігурант прымаў меры па зборы персанальных даных названай групы грамадзян», — паведамляе Следчы камітэт.
СК таксама заяўляе, што Любецкі абражаў Лукашэнку і супрацоўнікаў праваахоўных органаў на сваёй старонцы ў сацсетцы, а таксама не менш за восем разоў удзельнічаў у пратэстах, дзе «доўга і ўпарта парушаў грамадскі спакой і блакаваў шляхі транспартных камунікацый».
Сківічна-тваравы хірург Андрэй Любецкі быў затрыманы ў красавіку 2021 года.