Кіраўнік НАТА: Мы заклікаем Беларусь спыніць падтрымку Расіі

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг падчас прэс-канферэнцыі ў Бруселі заявіў, што Беларусь была саўдзельніцай расійскага ўварвання з самага яго пачатку. Цяпер яна павінна спыніць свой удзел у вайне Расіі супраць Украіны.

23.03.2022 / 20:41

Прытым, паводле Столтэнберга, удзел Беларусі трэба адлічваць нават не з пачатку вайны, а

«нават да яе пачатку, таму што Беларусь дазволіла выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для мабілізацыі буйных падраздзяленняў Расіі для ўварвання ва Украіну. Беларусь працягвае дапамагаць захопнікам прадастаўленнем тэрыторыі, ваеннай інфраструктуры, а таксама дазваляючы Расіі выкарыстоўваць паветраную прастору для нападаў супраць украінскага грамадзянскага насельніцтва».

Такім чынам, падкрэслівае генеральны сакратар НАТА:

«Беларусь ужо ўцягнутая ў вайну, падтрымліваючы расійскае ўварванне. Мы заклікаем Беларусь гэта спыніць, каб Расія больш яе не выкарыстоўвала для вядзення гэтай брутальнай вайны супраць суседа-Украіны».

 

Nashaniva.com