МЗС Украіны: Беларусь запісала ў шпіёны супрацоўнікаў пасольства, якія афіцыйна прадстаўлялі ўкраінскія сілавыя структуры

Прэс-сакратар украінскага МЗС Алег Нікаленка пракаментаваў у Фэйсбуку сённяшняе выкрыццё беларускім КДБ «шпіёнскай сеткі» ў украінскім пасольстве. 

22.03.2022 / 23:10

Алег Нікаленка.

Нікаленка звярнуў увагу на тое, што да вайны «гэтыя людзі праводзілі сотні сустрэч з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі. Такую дзейнасць наўрад ці можна назваць «пад прыкрыццём». Бо яны афіцыйна прадстаўлялі Міністэрства абароны, СБУ і Дзяржаўную памежную службу.

Адносна ж самой справы ён канстатаваў: «Чарговыя несяброўскія заявы беларускіх службовых асоб на адрас Украіны ўсё больш ускладняюць двухбаковыя адносіны нашых дзяржаў».

У той жа час украінскі бок разлічвае,

«што канчатковай мэтай гэтай правакацыі не з'яўляецца ўзмацненне антыўкраінскай істэрыі ў Беларусі, каб апраўдаць падтрымку ўзброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны».

Украіна пакідае за сабой права на адказ на такія несяброўскія дзеянні Беларусі.

Nashaniva.com