«Мяркую, нас вырашылі здаць ахоўнікі». Актывістка Галіна Лагацкая выйшла на волю пасля 15 сутак

Жанчына расказала падрабязнасці свайго затрымання. Пасля 2020-га гэта яе шосты арышт.

22.03.2022 / 18:22

«Мы разам з сяброўкай развешвалі ўлёткі з надпісамі «Не — вайне» ў раёне Аўтазавода. Гэта было 6 сакавіка. Падышлі яшчэ да завода паглядзелі экспанаты, дошку гонару. І перайшлі на другі бок. Людзей на вуліцы не было.

Мяркую, што гэта ахоўнікі нас вырашылі здаць. З мікрааўтобуса выйшла жанчына, спытала, што ў мяне ў пакеце. Я сказала, што не абавязана адказваць. Яна выклікала міліцыю», — кажа Галіна.

Першую ноч жанчына разам з сяброўкай правяла ў Заводскім РУУС. На наступны дзень адбыўся суд. Галіне прысудзілі 15 сутак і адвезлі на Акрэсціна.

«Склалі пратакол на мяне за ўдзел у масавым мерапрыемстве, якога не было. У тым РУУС было чыста, у адрозненне ад іншых. У ІЧУ вопратку верхнюю забіралі. Я сказала, што аддаваць не буду. Дык яны прыдумалі, як нас падмануць. Вывелі на шпацыр, потым прапанавалі павесіць паліто і не аддалі.

У ЦІП нічога не змянілася. Перадачы не даюць, недахоп туалетнай паперы і мыла. Мабыць, там наглядчыкам іх не выдаюць і ім няма чаго нам даць.

Цяпер там цёпла, нават горача.

Я часта сяджу. Гэта ўжо быў мой шосты раз пасля 2020 года. Магу сказаць, што грубіянстваў у гэты раз не было. У камеры я сядзела з дзвюма прафесаркамі. Яны нам лекцыю чыталі, вельмі цікава было. Нас у двухмеснай камеры было чалавек 13, у шасцімеснай — 27. Дарэчы, неяк вельмі шмат алкаголікаў стала. Закрылі ж выцвярэзнікі, цяпер ім няма куды падзецца», — дзеліцца жанчына.

Чытайце па тэме:

60-гадовую Галіну Лагацкую, якую затрымалі 9 Мая з партрэтам таты-ветэрана, трымалі ў камеры без матрацаў і з вошамі

Nashaniva.com