З Савета Рэспублікі выключылі дэпутата, які дазваляў сабе падкрытыкоўваць уладу

З 3 сакавіка 2022 года датэрмінова спыненыя паўнамоцтвы члена Савета Рэспублікі Алега Суконкі. Такое рашэнне прыняў Савет 15 сакавіка 2022 года. Пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша reform.by.

22.03.2022 / 02:43

У рашэнні пазначаная прычына датэрміновага спынення паўнамоцтваў: «У сувязі з выбраннем або прызначэннем дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі на пасаду, заняцце якой паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і гэтага Закона несумяшчальнае з выкананнем паўнамоцтваў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі».

На пачатку 2020 года Алег Суконка пасля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі страціў пасаду дырэктара РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Пазней ён быў прызначаны адказным за працу з COVID-19 у Магілёўскай вобласці.

У лютым 2021 года выступіў з рэзкай крытыкай медыцынскіх уладаў і заклікаў не хаваць статыстыку па каранавірусе. А ў чэрвені 2021 года Лукашэнка пазбавіў Суконку Дзяржаўнай прэміі за 2020 год.

18 лютага 2022 года ў выканкамаўскай газеце «Узвышша» Дзяржынскага раёна з'явіўся артыкул з асуджэннем Алега Суконкі. У ім гаварылася пра вынікі сходу дэпутацкага корпуса Мінскай вобласці ў Барысаве. Адной з тэмаў абмеркавання стала праца дэпутата Суконкі.

«На працягу апошніх трох гадоў выбаршчыкі Дзяржынскага раёна (а іх больш за 55 тысяч) практычна не былі прадстаўленыя ў вышэйшым органе народаўладдзя — Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Мы са шкадаваннем канстатуем, што вызначаныя заканадаўствам абавязкі па працы з насельніцтвам і дэпутацкім корпусам раёна з боку Алега Суконкі не выконваліся», — гаварылася ў артыкуле.

Нібыта не праводзіліся «прыёмы грамадзян і прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі, дэпутатамі раёна першаснага і базавага ўзроўняў, не адзначалася ўдзелу ў працы органаў мясцовага кіравання і самакіравання, адсутнічаюць запыты, звароты і прапановы ў мясцовыя органы ўлады па праблемах насельніцтва».

Аўтар артыкула сцвярджаў, што Алег Суконка «цалкам страціў сувязь з насельніцтвам і дэпутацкім корпусам Дзяржынскага раёна, наступствам чаго і з'явілася ініцыятыва аб яго адкліканні як члена Савета Рэспублікі».

Паведамлялася, што ініцыятыву па адкліканні падтрымалі ўдзельнікі сходу дэпутацкага корпуса Мінскай вобласці.

Аднак у выніку, мяркуючы па апублікаваным рашэнні Савета Рэспублікі, Алег Суконка быў выдалены з палаты афіцыйна па іншай прычыне. 

Чытайце таксама:

Лукашэнка забраў дзяржаўныя прэміі ў двух дактароў-анколагаў

Сенатар, анколаг Алег Суконка пра Караніка: «Гэта першарадны дэмагог, яго прывяла Качанава»

Nashaniva.com