Беларускі спецназ у цывільным будзе ахоўваць чыгуначныя шляхі перасоўвання расійскай вайсковай тэхнікі
Ад заўтра спецназ унутраных войскаў будзе ахоўваць чыгунку на поўдні Рэспублікі Беларусь (Гомельская і Брэсцкая вобласць).
18.03.2022 / 18:47
Патрулі будуць хадзіць у цывільным адзенні, пры сабе мець зброю і рацыі з GPS-трэкерамі. Пражыванне плануецца ў палатках недалёка ад чыгуначнай інфраструктуры, паведамляе @belzhd_live.
Гэтая навіна яўна звязаная з небяспекай дыверсій на чыгунцы, якія пасля ўварвання Расіі ў Украіну час ад часу ладзяць грамадзяне Беларусі.
Пасля пачатку вайны затрымалі мінімум восем беларусаў за падазрэнне ў зрыве графіку руху расійскіх цягнікоў са зброяй і датычных да фізічнага пашкоджання інфраструктуры чыгункі ў Беларусі. Тэлеграм-канал «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси» 6 сакавіка пісаў, што з-за дыверсій («рэйкавай вайны») і кібер-нападаў на інфраструктуру Беларускай чыгункі па Беларусі перасталі пераганяць арганізаваныя вайсковыя эшалоны з тэхнікай і боепрыпасамі расійскіх войскаў.
Пра адну з апошніх сур'ёзных акцый такога кшталту стала вядома 16 сакавіка. На перагоне Даманава — Лясная (Брэсцкае аддзяленне) былі знішчаныя прылады аўтаматыкі і тэлемеханікі СЦБ, а на перагоне Фарынава — Загацце (Віцебскае аддзяленне) — рэлейная шафа СЦБ. У выніку акцый, як сцвярджаецца, парушаны графік руху цягнікоў, у тым ліку ваеннага прызначэння. Адказнасць за яе ўзяла на сябе арганізацыя BYPol.
А літаральна сёння ў Оршы за пашкоджанне чыгуначных шляхоў затрыманы мясцовы супрацоўнік чыгункі. На праўладным телеграм-канале з ім з'явілася «пакаяльнае» відэа. Аднак твар мужчыны не паказалі, а прозвішча не назвалі. Сам затрыманы на відэа «прызнаўся», што скраў цягу ручнога тормазу на грузавым вагоне.