«Там столькі параненых расіян ляжыць — проста жах. Страшна знявечаныя. Іх стогн на ўвесь шпіталь немагчыма слухаць»
З тэрыторыі Гомельшчыны ўжо вывезлі ў Расію звыш 2 500 мёртвых вайскоўцаў, спасылаючыся на свае крыніцы, паведамляе «Свабода».
16.03.2022 / 13:34
Ваенныя машыны хуткай дапамогі і ваенная тэхніка каля Мазырскай гарадской бальніцы, 28 лютага 2022 года
У бальніцах Гомельскай вобласці працягваюць лячыць параненых расійскіх вайскоўцаў. Як паведамляюць мясцовыя жыхары, іх з Украіны прывозяць як па зямлі, так і па небе — верталётамі ў Нароўлю. Далей вязуць у Мазыр і Гомель. Трупы — цягнікамі і самалётамі ў Расію.
«Былі з бытавой ранай у мазырскім шпіталі. Там столькі параненых расіян ляжыць — проста нейкі жах. Страшна знявечаныя. Іх стогн на ўвесь шпіталь немагчыма слухаць», — расказала крыніца ў Гомельскай вобласці.
«За нядзелю толькі ў Мазыры правялі аперацыі каля сотні расіян. Ужо ў панядзелак «падкінулі» у шпіталь яшчэ больш. На іх лячэнне, на хірургічныя аперацыі кінутыя ўсе лекары, у тым ліку і тэрапеўты, і оталарынголагі. Мясцовым дапамога, праўда, аказваецца, але неўзабаве з гэтым могуць быць праблемы», — падзялілася крыніца, завязаная з медыцынай у Мазыры.
Па сведчаннях крыніц, інфармацыя непасрэдна ад медыкаў не выходзіць — нават медыцынскія сёстры давалі падпіску аб маўчанні, баяцца скасавання кантракту.
У Нароўлі тым часам разгорнуты паўнавартасны палявы шпіталь.
«На тэрыторыі былой аўтабазы — мноства вайсковых намётаў. Там жа ў іх і палявая кухня, і пральня. Палічыць параненых наўрад ці магчыма, але іх там яўна сотні. Мясцовых туды і блізка не падпускаюць. Дзеці нейкія круціліся, можа, нешта здымалі — дык іх міліцыя «павязала«, да бацькоў потым прыязджалі. Штодзень над палявым шпіталем кружляюць верталёты, якія прылятаюць з Украіны. Склалася ўражанне, што параненых сталі прывозіць не толькі на ПАЗ з чырвоным крыжам, як раней, але і на верталётах. У Нароўлі параненыя доўга не затрымліваюцца. Іх тут «падлатаюць» і вязуць на Мазыр, Гомель. Трупы — на цягнікі з Мазыра і ў Расію», — расказалі нараўлянцы.
Іншая крыніца з Нароўлі сведчыць, што з райцэнтра хочуць зрабіць нешта кшталту вайсковага гарадка.
«Цяпер у нас вельмі шмат тэхнікі і вайскоўцаў. Яны займаюць розныя аб’екты, якія не выкарыстоўваюцца. На базе былога райзага (раённае таварыства нарыхтовак. — РС) рамантуюць зламаную ў баях ва Украіне тэхніку», — распавяла крыніца.
Медык з Гомеля на ўмовах ананімнасці паведаміла «Свабодзе», што планавая дапамога жыхарам Гомля і Мазыра аказваецца.
«У людзей ёсць паніка, але пакуль і дапамога аказваецца, і лекаў хапае. Што далей будзе, пакуль невядома. Мяркуецца, што будуць праблемы з супрацьслупняковымі прэпаратамі», — зазначыла медык.
Яшчэ адна крыніца паведаміла, што па стане на канец мінулага тыдня з тэрыторыі Гомельскай вобласці вывезлі больш за 2 500 трупаў — цягнікамі і самалётамі на Расію.
«Свабода» ўжо не аднойчы давала інфармацыю пра тое, што моргі Мазыра і Гомеля перапоўненыя целамі расійскіх вайскоўцаў. Абвяржэння гэтай інфармацыі з боку беларускіх ці расійскіх уладаў не было.
На БТ 12 сакавіка вышаў сюжэт, у якім карэспандэнты называюць трупы расійскіх вайскоўцаў у моргах Мазыра фэйкам.
Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што лячэнне ў Беларусі атрымалі каля 160-170 расіян, параненых у баях з украінцамі. «Мы лячылі і будзем лячыць гэтых дзяцей — у Гомелі, Мазыры і, па-мойму, нейкім раённым цэнтры», — казаў Лукашэнка 1 сакавіка.
Расія пачала ўзброенае ўварванне ва Украіну 24 лютага, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.