У Карпянкова новы намеснік — з Тамбоўскай вобласці. Калегі расказалі, чым ён займаўся ў 2020-м
На месца намесніка камандуючага ўнутранымі войскамі Хазалбека Атабекава Лукашэнка прызначыў Сяргея Грабеннікава. У адстаўцы Атабекава нічога незвычайнага няма — праз два дні яму 55 год, максімальны ўзрост для палкоўніка, далей ці ў адстаўку, ці ў генералы. Што можна сказаць пра Грабеннікава?
15.03.2022 / 21:52
Сяргей Грабеннікаў за трыбунай.
Грабеннікаў — не выключэнне ў кадравай палітыцы Лукашэнкі адносна сілавых органаў. Нарадзіўся Грабеннікаў у Тамбоўскай вобласці, яму 47 год.
Для «Нашай Нівы» яго калегі успамінаюць яго службовы шлях.
«Грабеннікаў быў камандзірам часці 5529 — яны займаліся аховай аб'ектаў МУС. Пасля гэтага скончыў камандна-штабны факультэт, гэтак званы «факультэт Генштаба», з медалём, і пайшоў у Галоўнае ўпраўленне камандуючага ўнутранымі войскамі, у штаб. Непрыкметны чалавек, адлюстраванне паняцця «штабны афіцэр», чыя задача — прыгожа намаляваць, патлумачыць, падрыхтаваць», — такую характарыстыку даў яму адзін з саслужыўцаў.
Чым Грабеннікаў адзначыўся падчас падзей 2020-га, калі людзі патрабавалі свабодных выбараў?
«У 2020-м ён быў першым намеснікам начальніка штаба ўнутраных войскаў, адпаведна, курыраваў планаванне і ўжыванне сілаў і сродкаў. Нават цяжка сказаць, чым канкрэтна ён вылучыўся — за непасрэднымі зверствамі я яго не бачыў, але да планавання зверстваў ён руку прыклаў», — мяркуе калега.