Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко далі па два з паловай гады калоніі
Такі прысуд сёння абвясціла суддзя Заводскага раёна Мінска Анжэла Касцюкевіч. Такі ж тэрмін запрасіў учора пракурор Мікалай Дзяцел.
15.03.2022 / 14:41
Нашых калег, якія з’яўляюцца палітвязнямі, прызналі вінаватымі па абсурдным абвінавачванні ў «нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, здзейсненым групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры».
У апошнім слове нашаніўцы казалі пра сваіх сваякоў, для якіх зняволенне стала вялікім ударам, і перадавалі словы падтрымкі тым, хто быў разам.
***
Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 года. У той дзень былі затрыманыя таксама рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько і бухгалтарка Вольга Раковіч. Іх праз 10 дзён адпусцілі. У дачыненні Вольгі Раковіч праз пэўны час крымінальны пераслед спынілі.
Крымінальную справу супраць Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры). Нашаніўцаў судзяць па эканамічным артыкуле за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб.
Першапачаткова шкоду налічылі ў памеры 3500 рублёў. Потым гэтая сума вырасла да 10 тысяч. Нашы калегі пагасілі шкоду да суда, «Мінскводаканал» і «Мінскэнерга» адклікалі іскі.