Начальнік Генштаба Беларусі: Пяць БТГ стаяць на мяжы з Украінай, плануецца іх замена на іншыя пяць
Начальнік Генштаба Узброеных сіл Беларусі Віктар Гулевіч расказаў пра ратацыю батальённых тактычных груп на ўкраінскай мяжы.
12.03.2022 / 13:32
«У цяперашні час у адпаведнасці з задачай, пастаўленай галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі, пяць батальённых тактычных груп сумесна з органамі памежнай службы ажыццяўляюць прыкрыццё паўднёвых межаў нашай дзяржавы з мэтай недапушчэння пранікнення на тэрыторыю Беларусі з боку Украіны розных нацыяналістычных узброеных фармаванняў, нелегальнай дастаўкі зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.
Гэтыя падраздзяленні выконваюць задачы разведкі, патрулявання, аховы аб'ектаў і абароны на дарожных кірунках. У найбліжэйшы час плануецца ажыццявіць іх замену таксама пяццю батальённымі тактычнымі групамі», — цытуе начальніка Генштаба тэлеграм-канал Мінабароны.
Падраздзяленні, якія выканалі свае задачы па прыкрыцці дзяржаўнай мяжы, будуць вернутыя ў пункты пастаяннай дыслакацыі і пачнуць планавую паўсядзённую дзейнасць.
Нагадаем, што ўчора ў Маскве Лукашэнка заявіў Пуціну, што Украіна рыхтавала ўдары па Беларусі.
Учора таксама з’явілася інфармацыя ад ўкраінскага боку, нібыта расійскія самалёты абстралялі беларускія памежныя вёскі, у Мінабароны Беларусі назвалі гэта фэйкам і трызненнем, але жыхары Столінскага раёна пацвердзілі «Нашай Ніве» факт выбухаў пасля пралёту самалётаў.