Прымус да агрэсіі. Навошта Лукашэнку выклікалі ў Маскву?

Палітолаг Валерый Карбалевіч у блогу на Радыё Свабода выказвае гіпотэзу, што Пуцін выклікаў Лукашэнку да сябе, каб абмеркаваць больш актыўны ўдзел Беларусі ў расійска-ўкраінскай вайне. Але ці паддаўся Лукашэнка ціску Крамля?

11.03.2022 / 22:45

Мінулым разам Лукашэнка быў у Маскве тры тыдні таму. З пачаткам вайны паміж кіраўнікамі Беларусі і Расіі адбываліся інтэнсіўныя тэлефанаванні. Высветлілася, што гэтага недастаткова, і тэрмінова спатрэбілася новая сустрэча. Зразумела, не для абмеркавання працэсаў беларуска-расійскай інтэграцыі, як пра гэта кажуць афіцыйныя крыніцы.

Мала сумневу ў тым, што паміж Масквой і Мінскам ідзе нейкая вострая спрэчка. Таму і спатрэбілася сустрэча сам-насам.

Відавочна, што Беларусь мае вострую патрэбу ў расійскай эканамічнай падтрымцы. Эканамісты кажуць пра магчымасць дэфолту, бо няма грошай, каб вяртаць пазыкі. Але галоўны доўг (звыш 50%) Беларусь мае перад Расіяй. І каб пазбегнуць дэфолту, Расія павінна рэфінансаваць, рэструктураваць пазыкі.

Але, здаецца, пытанне пра рэфінансаванне доўгу бакі маглі лёгка вырашыць праз тэлефон. Выглядае, што галоўным пытаннем на перамовах было іншае.

Выкажу гіпотэзу, што Пуцін выклікаў на дыван Лукашэнку, каб абмеркаваць больш актыўны ўдзел Беларусі ў вайне. На карысць гэтай версіі сведчыць той факт, што прэзідэнт Расіі прыняў рашэнне запрасіць 16 тысяч арабскіх «добраахвотнікаў».

Гэта значыць, што ў Расіі існуе дэфіцыт людскіх рэсурсаў у гэтай вайне. А тады навошта патрэбныя арабы, калі тут пад бокам ёсць беларусы, ёсць Лукашэнка, які шмат разоў абяцаў падтрымаць Расію ўсімі сіламі?

І развагі Лукашэнкі падчас сустрэчы з Пуціным можна патлумачыць і як апраўданне расійскага нападу на Украіну, і як абгрунтаванне непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне. Ягоныя рэплікі, як заўсёды, былі супярэчлівыя і сумбурныя.

Першы тэзіс: вайну пачала Украіна. Лукашэнка кажа:

«Не мы на іх напалі. Не мы! Прэвентыўна УСУ пачалі страляць, калі мы яшчэ за два дні былі ў вас дома… Яны пачалі».

Такім чынам, першай напала на Расію і Беларусь Украіна. І цяпер зразумела, хто агрэсар.

Але далей Лукашэнка супярэчыць сабе і кажа, што Украіна толькі збіралася напасці, толькі планавала атаку, але не паспела, бо Расія яе апярэдзіла: «А я зараз вам пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. І калі б за шэсць гадзін да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях (4 пазіцыі, я зараз пакажу — карту прывёз), яны б атакавалі нашы войскі — Беларусі і Расіі, якія былі на вучэннях… Добра, што пачалі… Не зрабілі б гэтага за суткі да таго, паверце, праз некалькі дзён мы б выпілі ўсю гэтую чару з вялізнымі стратамі. Яшчэ раз кажу: яны не толькі па Данбасе рыхтаваліся нанесці ўдар. Яны выбудавалі пазіцыі для нанясення па Беларусі ўдару».

Дык за шэсць гадзін ці за суткі Расія нанесла прэвентыўны ўдар? Нагадаю, дагэтуль Масква агучвала версію, што Украіна, маўляў, збіралася напасці на Данбас. Цяпер, аказваецца, і на Беларусь рыхтаваўся напад. У Расіі, мусіць, пра гэта ня ведалі, і Лукашэнка адкрыў вочы Пуціну на сапраўднае вераломства паўднёвага суседа.

Вельмі злавесна гучыць аповед Лукашэнкі пра нейкіх незразумелых наймітаў, якія нібыта рухаюцца ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы да Чарнобыльскай АЭС:

«І што яны хочуць у Чарнобылі зрабіць, нам яшчэ давядзецца з вамі разгадаць… Біялагічная зброя, самыя вялікія атамныя электрастанцыі — і ўсё гэта былі гатовыя падарваць».

На гэтым тле, калі не ўдасца выкруціцца ад расійскага патрабавання, то ўвод беларускіх войскаў дзеля абароны АЭС — гэта не агрэсія супраць суседа, а акт гуманізму, выратавання чалавецтва ад атамнага армагедону. І Лукашэнка выступае ў ролі збавіцеля свету ад агульнаеўрапейскай трагедыі. Што тут скажаш: вялікай душы чалавек!

І адначасова гучыць супрацьлеглы аргумент. Маўляў, гэта ворагі хочуць уцягнуць Беларусь у вайну ва Украіне і тым самым агаліць заходнія межы Саюзнай дзяржавы.

Такім чынам, Лукашэнка загадзя падрыхтаваў абгрунтаванне для любых, нават супрацьлеглых варыянтаў дзеянняў. На ўсе выпадкі жыцця. Калі чалавек не адказвае за свае словы, то можна казаць што заўгодна, не асьцерагаючыся за рэпутацыю.

Хутка мы даведаемся, ці ўдалося Пуціну прымусіць Лукашэнку да больш актыўнага ўдзелу Беларусі ў гэтай ганебнай вайне.

Усё астатняе, што гаварылася на публічнай частцы сустрэчы, менш важна. Санкцыі не страшныя, казалі абодва лідары, наадварот, яны стымулююць развіццё. Такая добрая міна пры дрэннай гульні.

Яшчэ Лукашэнка прапанаваў заклікаць да парадку чальцоў АДКБ і ЕАЭС. А то ад рук адбіліся, не хочуць падтрымліваць Расію. Лукашэнку яўна некамфортна ў адзіноце, ізаляцыі, саюзе з Расіяй у статусе агрэсара. Хацелася б падзяліць адказнасць. І гэтае адчуванне ўласнага ізгойства вельмі адметнае.

Nashaniva.com