Суд над Алесем Пушкіным: мастак у знак пратэсту лёг у белай робе на турэмную лаўку

У Мінскім гарадскім судзе (вул, Дуніна-Марцінкевіча, 3) сёння пачаўся суд над мастаком Алесем Пушкіным. Яму пагражае да 12 гадоў турмы.

10.03.2022 / 12:48

Мастак лёг на лаўцы ў клетцы ў белай робе, такім чынам пратэстуючы, паведамляе «Радыё Свабода».

Таксама Пушкін адмовіўся ўставаць, патрабуючы зняць з рук кайданкі.

Усіх наведвальнікаў выгналі з залы, пакуль канвой спрабаваў падняць мастака.

Пушкіна затрымалі 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна ў царкве, на рэстаўрацыі якой той працаваў. 

За чатыры дні да гэтага пракуратура Гродна завяла супраць Пушкіна крымінальную справу «за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму» (ч. 3, арт. 130) — на выставе ў Гродне дэманстраваўся партрэт удзельніка антысавецкага паваеннага падполля Яўгена Жыхара.

У канцы снежня 2021 года да гэтага яшчэ дадаўся «здзек з дзяржаўных сімвалаў». Мастаку пагражае да 12 гадоў зняволення.

Nashaniva.com