Каб ізаляваць Пуціна на сусветнай арэне, ЗША пайшлі на перамовы нават з Венесуэлай
Група высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША вылецела 5 сакавіка ў Каракас на перамовы з урадам прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры.
06.03.2022 / 07:53
Нікалас Мадура. Фота: Reuters
Як паведамляе The New York Times са спасылкай на крыніцы, тым самым адміністрацыя Джо Байдэна прыкладае намаганні па ізаляцыі Крамля ад міжнародных саюзнікаў, якія засталіся.
Цяперашні візіт амерыканскіх палітыкаў у Каракас — самы высокі і прадстаўнічы за гады, адзначае газета. У 2019 годзе ЗША разарвалі дыпламатычныя адносіны з Венесуэлай і зачынілі сваё пасольства ў Каракасе, абвінаваціўшы ўлады краіны ў фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, на якіх чарговы раз перамог Мадура.
Адміністрацыя ЗША нават спрабавала скінуць урад Мадуры, наклаўшы санкцыі на экспарт венесуэльскай нафты і найвышэйшых службовых асоб краіны, а таксама прызнала лідара апазіцыі Хуана Гуайдо законным прэзідэнтам Венесуэлы, звяртае ўвагу «Медуза».